RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Магілёўхімвалакно» запусціла вытворчасць сучаснага поліэфірнага валакна

ААТ «Магілёўхімвалакно» ўвяло ў эксплуатацыю вытворчасць па выпуску поліэфірнага валакна спосабам прамога фармавання. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка.

Запуск новай вытворчасці – гэта першая чарга рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта «Комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі». Новае абсталяванне магутнасцю 50 тыс. т на год дасць магчымасць атрымаць новыя асартыменты сінтэтычнага валакна, запатрабаваныя на рынках далёкага і блізкага замежжа.

Намеснік прэм’ер-міністра сказаў: «Адкрыццё новай вытворчасці – значны ўклад у развіццё канцэрна «Белнафтахім» і самога прадпрыемства. Для «Магілёўхімвалакна» гэта вялікая маржынальнасць (рэнтабельнасць), меншая датацыйнасць і высокая канкурэнтаздольнасць. Бо на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза прадукцыі такой высокай якасці, асабліва валакна тыпу канжугейт, няма».

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, зараз вядзецца прапрацоўка сумесна з кітайскімі партнёрамі тэхналогіі другой чаргі развіцця прадпрыемства. «Дарэчы, кітайскія спецыялісты таксама пацвердзілі, што такой сучаснай тэхналогіі вытворчасці поліэфірнай прадукцыі пакуль не існуе нават у Кітаі. Таму наша прапанова, якая гучала для расійскага боку, – не траціць дублюючыя інвестыцыі ў Іванава на стварэнне аналагічнай вытворчасці, – рэалізавана».

Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Магілёўхімвалакно» Пётр Руднік, новая вытворчасць уведзена ў эксплуатацыю на 5 месяцаў раней за нарматыўныя тэрміны, што прынесла прадпрыемству эканомію каля $6-7 млн, а гадавы даход ад рэалізаванай прадукцыі, складзе каля $9-10 млн. «Зараз наша галоўная задача – як мага хутчэй выйсці на праектныя магутнасці, што мяркуецца зрабіць ужо ў першай палове 2019 года. А сёння першыя 120 т выпушчанай прадукцыі адгружаны ў Расію».

На сённяшні дзень у актыўнай стадыі абмеркавання знаходзіцца рэалізацыя другой чаргі інвестыцыйнага праекта па развіцці прадпрыемства, які прадугледжвае будаўніцтва тэхналагічна ўвязаных паміж сабой устаноўкі бесперапыннай полікандэнсацыі ПЭТ, ліній па вытворчасці поліэфірнага валакна, устаноўкі даполікандэнсацыі і вытворчасці тэхнічных нітак.

Рэалізацыя інвестпраекта дазволіць прадпрыемству абнавіць абсталяванне і цалкам перайсці на сучасныя тэхналогіі вытворчасці грануляту ПЭТ, поліэфірнага валакна і поліэфірных тэхнічных нітак. Гэта значна знізіць выдаткі на вытворчасць, да таго ж з’явіцца магчымасць значна пашырыць асартымент поліэфірных тэхнічных нітак.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая