VIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які хутка пройдзе ў Маскве і Маскоўскай вобласці, – гэта не толькі яшчэ адна прыступка на шляху паспяховага развіцця Саюзнай дзяржавы, але і пляцоўка для наладжвання прамых сувязяў і падпісання кантрактаў на сотні мільёнаў долараў. Чаканнямі ад маючых адбыцца сустрэч падзяліўся з намі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар:
– Супрацоўніцтва рэгіёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў беларуска-расійскіх адносін. Прычым штуршок да развіцця часта даюць менавіта такія мерапрыемствы.
Падчас падрыхтоўкі да сённяшняга форуму суб’ектамі гаспадарання Магілёўскай вобласці заключаны экспартныя камерцыйныя кантракты з расійскімі контрагентамі на агульную суму звыш 130 мільёнаў долараў.
– Магілёўская вобласць непасрэдна мяжуе з Расіяй. Як гэта адбіваецца на эканамічным узаемадзеянні?
– Мы развіваем шматвектарныя міжнародныя адносіны. Расія для нас – галоўны партнёр. Нашы прадпрыемствы пастаўляюць у суседнюю краіну прадукцыю хімічнай прамысловасці і машынабудавання, прыборабудавання, металургіі, лёгкай прамысловасці, харчовай галіны, будіндустрыі і дрэваапрацоўкі. Інакш кажучы, усю наменклатуру таго, што выпускаецца на Магілёўшчыне. Вобласць у цеснай кааперацыі з расійскімі партнёрамі выпускае прадукцыю, імпартаваную па ўсім свеце.
На мой погляд, сёння варта рабіць упор на больш цесныя формы ўзаемадзеяння, умацоўваць гарызантальныя вытворчыя сувязі, ствараючы сумесныя прадпрыемствы, зборачныя вытворчасці і рэалізуючы сумесныя інавацыйныя праекты.
– Якія пагадненні плануеце падпісаць з рэгіёнамі Расіі ў ходзе форуму?
– Магілёўскі абласны Савет замацуе на паперы намер развіваць узаемаадносіны з Тульскай абласной думай. Бабруйск падпіша два пагадненні аб супрацоўніцтве – з Сызранню і Усурыйскам. Плануецца, што Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт падпіша пагадненне з урадам Самарскай вобласці аб ажыццяўленні міжнародных і знешнеэканамічных сувязяў у сферы гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Нарэшце, з улікам таго, што Магілёўская вобласць вызначана каардынатарам ад Беларусі па супрацоўніцтве з Прыморскім краем, будзе падпісаны план мерапрыемстваў на 2022–2024 гады па рэалізацыі пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і адміністрацыяй Прыморскага краю Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах.
– Руслан Барысавіч, прывядзіце канкрэтныя прыклады ўзаемадзеяння.
– Возьмем той жа Прыморскі край. Акрамя абмену дэлегацыямі (у тым ліку на ўзроўні кіраўнікоў рэгіёнаў), выразна выбудоўваюцца асноўныя напрамкі партнёрства. Плануецца, што беларускія будаўнікі прымуць удзел ва ўзвядзенні музейнага і тэатральна-адукацыйнага комплексу ва Уладзівастоку. Вядзецца праца па стварэнні ў Прыморскім краі адзінага цэнтра па пастаўцы і абслугоўванні беларускай тэхнікі. Прапрацоўваецца пытанне ўдзелу нашага боку ў рэалізацыі сумесных праектаў па стварэнні (або рэканструкцыі) малочна-таварных комплексаў на тэрыторыі краю. У стадыі распрацоўкі праект па закладцы фруктовага саду на плошчы каля 200 гектараў.
Магілёўскім аблвыканкамам сумесна з міністэрствамі і арганізацыямі вядзецца актыўная падрыхтоўка да правядзення ў верасні Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі.
– Калі гаварыць аб найбуйнейшых прадпрыемствах, якія прымуць удзел у Форуме рэгіёнаў, каго назвалі б у першую чаргу?
– Мабыць, ААТ «Магілёўхімвалакно». Адзін з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў поліэфірных валокнаў і нітак, экспартна арыентаванае – пастаўляе прадукцыю ў 30 краін свету. Сёння магілёўскія хімікі адаптуюцца да новых рэалій ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, рэалізуюць шэраг інвестыцыйных праектаў.
Асноўным стратэгічным партнёрам ААТ «Магілёўхімвалакно» з’яўляецца Расійская Федэрацыя – удзельная вага ў агульным аб’ёме экспарту складае амаль 53 працэнты. На форуме запланавана падпісаць камерцыйных кантрактаў на суму 37,5 мільёна долараў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15