RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскаму дзяржаўнаму вучылішчу алімпійскага рэзерву – 40 гадоў

Сёння Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву адзначае юбілей – 40 гадоў. Да гэтай даты навучальная ўстанова прыйшла з высокімі спартыўнымі вынікамі. На працягу многіх гадоў яна займае ганаровае месца ў шэрагу ўстаноў адукацыі не толькі Прыдняпроўскага краю, але і ўсёй краіны. Вучылішча ўжо даўно неафіцыйна завецца элітнай спартыўнай установай Беларусі.

Практычна два дзясяткі гадоў МДВАР узначальвае Мікалай Маліноўскі. Цяперашні кіраўнік займае пасаду са студзеня 2002 года. Па словах кіраўніка, цяжкасцей спачатку было шмат, і ўсе яны звязаны з няпростым часам.

«Штогод мы стараемся паляпшаць умовы пражывання і падрыхтоўкі юных спартсменаў. Зрабілі рамонт у інтэрнаце, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй у навучальным корпусе, прывялі ў парадак усе спартыўныя залы, – расказаў Мікалай Маліноўскі. – А іх не адна і не дзве. На тэрыторыі вучылішча толькі тры. Акрамя таго, крыху больш за 10 гадоў таму на баланс навучальнай установы была перададзена не зусім паўнавартасная база адпачынку. Сёння гэта вядомы шматлікім спартыўна-аздараўленчы цэнтр «Рудзея», які аказвае 24 медыцынскія паслугі, мае спартыўныя пляцоўкі, футбольнае поле, сектар для кідання і многае іншае. База можа прымаць адначасова 160 чалавек. У найбліжэйшай будучыні мы плануем пабудаваць на тэрыторыі «Рудзеі» вялікую шматфункцыянальную спартыўную залу».

Акрамя спартыўна-аздараўленчага цэнтра, за вучылішчам лічыцца лыжаролерная траса, лыжная база, спарткомплекс на бул. Непакораных, ФАК і іншыя.

Маючы ў рэзерве такія спартыўныя пляцоўкі, у навучальнай установы ёсць усе шанцы ў найбліжэйшыя гады выхаваць і падрыхтаваць не аднаго алімпійскага чэмпіёна. «Гэта мэта працы ўсяго нашага трэнерска-выкладчыцкага складу, – дзеліцца Мікалай Маліноўскі. – Тут сёння і зараз мы рыхтуем спартсменаў высокага класа, у тым ліку і для нацыянальных зборных каманд нашай краіны».

Толькі за мінулы год на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах было заваявана 39 медалёў рознай вартасці. На рэспубліканскіх – 720. Падрыхтавана 2 майстры спорту міжнароднага класа і 15 майстроў спорту Беларусі. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў за ўсю гісторыю навучальнай установы. І калі ў пачатку 2000-х самыя лепшыя вынікі заўсёды былі ў скарбонцы аддзялення цяжкай атлетыкі, якую раней узначальваў легендарны трэнер Анатоль Лабачоў и на рахунку перамог было практычна 90% ад агульнай колькасці заваяваных медалёў, то ў апошні час сітуацыя мяняецца і міжнародныя медалі маюць амаль усе аддзяленні вучылішча.

Усяго ж у спартыўнай установе адукацыі навучаюцца і павышаюць спартыўнае майстэрства 326 чалавек на 23 спартыўных аддзяленнях. А дапамагаюць дзецям у гэтым высокакваліфікаваныя педагагічныя работнікі: выкладчыкі, настаўнікі па спорце, выхавальнікі. І калектыў вучылішча ўпэўнены, што выдатныя вынікі і перамогі не прымусяць сябе доўга чакаць. Бо ўжо ў гэтыя дні вядзецца актыўная падрыхтоўка спартсменаў да рэспубліканскіх спаборніцтваў.

«У найбліжэйшы час чакаем дазвол на выезды і, як толькі з’явіцца магчымасць, адразу адправімся перамагаць!» – падзяліўся спартыўнымі планамі Мікалай Маліноўскі.

ДАВЕДАЧНА:

За 40 гадоў працы навучальнай установы выхавана цэлая плеяда «алімпійцаў». Сярод іх – Святлана Баітава, Аляксандр Масяйкоў, Аляксандра Панькіна, Наталля Лаўрыненка, Андрэй Рыбакоў, Сяргей Новікаў, Вадзім Стральцоў, Дзінара Алімбекава.

За час функцыянавання вучылішча навучэнцамі на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявана 616 медалёў рознай вартасці. Падрыхтаваны 82 майстры спорту міжнароднага класа. Дзесяці выпускнікам прысвоена званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая