RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская і Омская вобласці гатовыя супрацоўнічаць у розных сферах эканомікі, сельскай гаспадаркі і культуры

Магілёўская і Омская вобласці гатовыя супрацоўнічаць у розных сферах эканомікі, сельскай гаспадаркі і культуры. Узаемавыгадныя кірункі партнёрства рэгіёнаў абмяркоўвалі сёння на афіцыйнай сустрэчы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар і губернатар Омскай вобласці Аляксандр Буркоў.

Знаёмячы госця з нашым рэгіёнам, Руслан Страхар падкрэсліў, што гэта самы ўсходні і па-сапраўднаму транзітны рэгіён Беларусі, які мае адкрытую мяжу з Расійскай Федэрацыяй. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту сектар прамысловасці займае каля 40%, сельская і лясная гаспадарка–12,5%, будаўніцтва–6 %, аптовы і рознічны гандаль – крыху менш за 10%.

Паколькі прамысловасць з’яўляецца вызначальнай для развіцця рэгіёна, тут працуе каля 1,6 тыс.прамысловых прадпрыемстваў, дзе працуе больш за 130 тыс. чалавек. На Магілёўшчыне засяроджаны ўвесь рэспубліканскі аб’ём вытворчасці ліфтаў і аўтамабільных шын. Таксама вобласць спецыялізуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, цэменту, цэглы і будаўнічых блокаў, жалезабетонных шпал, хімічных валокнаў, тканін, адзення і прадуктаў харчавання.

Выгаднае геаграфічнае размяшчэнне дазволіла рэгіёну стаць лагістычным цэнтрам для экспарту беларускай прадукцыі. Як вынік, геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці Прыдняпроўскага краю сёння ахоплівае больш за 120 краін свету, а гадавы аб’ём экспарту тавараў і паслуг складае $ 2 млрд. 300 млн.

Аднак асноўным знешнегандлёвым партнёрам для Магілёўшчыны традыцыйна выступае Расійская Федэрацыя, куды ідзе больш за 60% усяго экспарту. Пры гэтым Омская вобласць з’яўляецца важным рэгіёнам-партнёрам. «Безумоўна, пандэмія каранавіруса ўнесла пэўныя карэктывы ў фарміраванне нашага знешнегандлёвага абароту, – падкрэсліў Руслан Страхар,– але я ўпэўнены, што патэнцыял супрацоўніцтва невычэрпны, і мы рады прапанаваць узаемавыгадныя пагадненні і намеры па яго развіцці».

Найважнейшым сумесным інвестыцыйным праектам Магілёўскай і Омскай абласцей стала стварэнне прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду на ўчастку № 4 СЭЗ «Магілёў». Беларускі бок узяў на сябе стварэнне неабходнай знешняй інфраструктуры для яго рэалізацыі. «Ужо цяпер зразумела, што«Омск Карбон Магілёў» стане высокатэхналагічным інавацыйным прадпрыемствам, якое будзе выпускаць прадукцыю самай высокай якасці», – адзначыў Руслан Страхар.

Паводле яго слоў, на дадзены момант прадпрыемства знаходзіцца ў працэсе наладкі і доследнай эксплуатацыі абсталявання. Першы пускавы комплекс плануюць увесці сёлета. Вытворчасць экспартаарыентаваная: 60% прадукцыі будзе ісці ў Еўропу і далёкае замежжа. Спажыўцом астатніх 40% стане бабруйская «Белшына», якая, дарэчы, ужо правяла выпрабаванні прадукцыі, вырабленай на магілёўскай пляцоўцы, і высока ацаніла яе якасць. «Замежнае прадпрыемства яшчэ не выйшла не аб’ёмы, але закантрактавана далёка наперад», – канстатаваў Руслан Страхар.

  

Аляксандр Буркоў, у сваю чаргу, пацвердзіў перспектыўнасць сумеснага праекта, адзначыўшы асаблівую зацікаўленасць у азнаямленні з вопытам функцыянавання СЭЗ «Магілёў». Губернатар патлумачыў, што на тэрыторыі Омска ствараецца асаблівая эканамічная зона па нафтахіміі – «Авангард». Зараз дакументы знаходзяцца на ўзгадненні ва ўрадзе Расійскай Федэрацыі. Таму на гэты момант актуальным з’яўляецца наведванне беларускіх СЭЗ з мэтай запазычыць карысную і важную практычную інфармацыю па іх функцыянаванні.

   

 

Разглядаючы магчымыя варыянты выбудоўвання супрацоўніцтва, бакі не маглі не ўспомніць пра «Магілёўліфтмаш». Тут пастаянна абнаўляецца лінейка выпускаемай прадукцыі, прымяняюцца самыя сучасныя падыходы да арганізацыі гарадской прасторы–шматузроўневыя аўтамабільныя паркоўкі. «Гэта новы цікавы кірунак, які таксама мы гатовыя прапанаваць для магчымага выкарыстання ў інфраструктуры гарадоў Омскай вобласці», – адзначыў Руслан Страхар. Акрамя таго, плануецца працягваць партнёрства ў сферы экспарту ліфтаў. У 2020 годзе магілёўскае прадпрыемства паставіла ў Омск 80 штук. І гэтыя аб’ёмы плануецца нарошчваць.  

Сельгасмашынабудаванне можа стаць асабліва перспектыўнай галіной для супрацоўніцтва. Аляксандр Буркоў падкрэсліў, што ў рэгіёне добра ведаюць і цэняць якасць беларускай тэхнікі. За 8 месяцаў на яе закупку выдаткавана 600 млн. расійскіх рублёў, а па выніках года плануецца выйсці на 800 млн. Такая цікавасць апраўдана: Омская вобласць субсідзіруе закупку абсталявання і сельгастэхнікі ў беларускага вытворцы. А на Магілёўшчыне ёсць два буйныя прадпрыемствы – «Бабруйскаграмаш», які штогод выпускае больш за 5,5 тыс. адзінак рознай сельскагаспадарчай тэхнікі, і «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў».

Акрамя таго, важнай для абедзвюх абласцей з’яўляецца тэма нарошчвання пагалоўя буйной рагатай жывёлы, паляпшэнне генетычнага патэнцыялу жывёл, павелічэнне прадуктыўнасці жывёлагадоўлі. У гэтым пытанні ёсць магчымасць выкарыстання вопыту Горацкай сельгасакадэміі.

Адзначыў Аляксандр Буркоў і якасць прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў Магілёўскай вобласці. Гэта, перш за ўсё, малочная прадукцыя холдынгу «Бабушкина крынка», мясныя і каўбасныя вырабы Магілёўскага і Бабруйскага мясакамбінатаў, кандытарскія вырабы «Чырвонага харчавіка», якія сёння былі прадстаўлены XXX Міжнароднай спецыялізаванай выставай «Белагра-2020» у Мінску. І дэлегацыя Омскай вобласці паспела ацаніць іх густ па вартасці. Таму ў планах – актыўнае наладжванне прамых паставак гэтага харчавання з нашага рэгіёна ў расійскі.

Падчас размовы таксама была выказана зацікаўленасць наладжвання сувязяў у будаўнічай галіне. Магілёўскія будаўнічыя арганізацыі станоўча зарэкамендавалі сябе, прымаючы ўдзел ва ўзвядзенні аб’ектаў Смаленска, Калугі, зараз працуюць у Варонежы. «Мы прапануем магчымасць іх удзелу ў праектаванні і будаўніцтве жылых, сацыяльных і іншых інфраструктурных аб’ектаў, аўтамабільных дарог у Омскай вобласці», – сказаў Руслан Страхар.

 

Ёсць неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва на ўзроўні гарадоў і раёнаў. У 2016 годзе Магілёў і Омск падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, і гэты кірунак неабходна развіваць, выходзіць на новы ўзровень, як канстатаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. «У сферы культуры будзем рады ўдзелу творчых калектываў, выканаўцаў Омскай вобласці ў фестывалях, конкурсах, міжнародных праектах, форумах, якія праводзяцца на тэрыторыі нашага рэгіёна», – сказаў ён.

Дэлегацыя Омскай вобласці наведвае Магілёўшчыну ў межах рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь. Падчас двухдзённага знаходжання на магілёўскай зямлі расіяне наведалі ўчастак № 4 СЭЗ «Магілёў». Таксама запланаваныя візіты на ААТ «Бабушкина крынка» і СП «Газавік-Сіпакова»– філіял РУП«Магілёўаблгаз».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая