Магілёўская вобласць адзначае 31-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Стартам святкавання памятнай даты стала дваццаць другая міжрэгіянальная сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, якую 7 лютага прыняў Круглянскі раён.
Далей на працягу тыдня ва ўсіх раёнах паўсюдна праходзяць вечары з ушанаваннем воінаў-інтэрнацыяналістаў. Да магіл загінулых у той вайне ўскладаюцца вянкі і кветкі, у адукацыйных установах арганізоўваюцца вечары памяці, моладзевыя патрыятычныя акцыі, канцэрты, рэквіемы. Не застаюцца без увагі і сем’і загінулых воінаў.
У Магілёве ўрачысты мітынг адбудзецца 15 лютага ў 11.00 на набярэжнай Дняпра, дзе ўзведзена капліца воінам-інтэрнацыяналістам. У мерапрыемстве прымуць удзел ветэраны вайны ў Афганістане, родныя і блізкія загінулых, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, прадпрыемстваў, грамадскасць, моладзь. Людзі, якія збяруцца, ушануюць памяць землякоў хвілінай маўчання, ускладуць вянкі і кветкі да падножжа манумента. У 12.00 у Палацы культуры вобласці будзе арганізаваны тэматычны канцэрт. Аналагічныя мітынгі пройдуць у гэты дзень і ў іншых гарадах і райцэнтрах.
За дзесяцігоддзе баявых дзеянняў у Афганістане праз горан вайны прайшло каля 3,5 тыс. ураджэнцаў Магілёўшчыны. Амаль паўтары тысячы афіцэраў і салдат за стойкасць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены магілёвец Андрэй Мельнікаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15