RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і Латвія будуць развіваць новыя кірункі супрацоўніцтва

Магілёўская вобласць і Латвія будуць развіваць новыя кірункі супрацоўніцтва. Пра гэта дамовіліся сёння ў час сустрэчы ў Магілёве першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Кароцін і прадстаўнікі Сейма Латвійскай Рэспублікі.

На думку абодвух бакоў, у Магілёўскай вобласці і Латвіі сур’ёзны патэнцыял для развіцця ўзаемавыгаднага партнёрства. Многія латвійскія і беларускія прадпрыемствы, бізнес-структуры актыўна развіваюць узаемаадносіны. Па выніках працы за студзень-снежань 2018 года знешнегандлёвы тавараабарот Прыдняпроўскага краю і Латвіі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас больш чым на 26%, або да $ 48,8 млн.. Разам з тым, патэнцыял не вычарпаны, і ёсць шмат напрамкаў, дзе трэба працаваць над павышэннем эфектыўнасці супрацоўніцтва. Тым больш што ў снежні 2018 года ў Магілёве было адкрыта Ганаровае Консульства Латвійскай Рэспублікі, і сумесна з Камітэтам эканомікі аблвыканкама ўжо распрацаваны план дзеянняў на бягучы год.

«Нам трэба шукаць новыя формы і напрамкі супрацоўніцтва, актывізаваць узаемаадносіны на міжрэгіянальным узроўні, у тым ліку паміж мясцовымі органамі самакіравання», – падкрэсліў старшыня дэпутацкай групы Сейма Латвійскай Рэспублікі па развіцці супрацоўніцтва з парламентам Беларусі Артурс Рубікс. Дарэчы, яшчэ ў 2008 годзе паміж гарадамі Бабруйск і Гулбене быў завераны Дагавор намераў аб супрацоўніцтве. У 2012 годзе горад на Бярэзіне заключыў пратакол намераў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарна-культурным супрацоўніцтве з Даўгаўпілсам. Пасля падпісання ў 2013-м пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Горацкім раёнам і Краслаўскай Краёвай думай усталяваліся моцныя партнёрскія ўзаемаадносіны, якія ўключаюць абмен афіцыйнымі дэлегацыямі, удзел у праектах у сферы культуры, эканамічных форумах.

Мікалай Кароцін пазначыў некалькі напрамкаў, якія маглі б паспрыяць развіццю супрацоўніцтва. У іх ліку арганізацыя беларуска-латвійскага бізнес-форуму, сумесны ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па металаапрацоўцы і машынабудаванні, якая адбудзецца ў кастрычніку 2019 года, у Магілёўскім марафоне. Добрымі пляцоўкамі для пошуку партнёрам могуць стаць XI Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху» і свята «Александрыя збірае сяброў». Не варта забываць і пра ўстанаўленне пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі, раёнамі Магілёўскай вобласці і Латвіі.

Улічваючы наяўныя плённыя ўзаемаадносіны, якія склаліся ў літоўскага боку з Горацкім раёнам і БДСГА, Мікалай Кароцін прапанаваў арганізаваць на тэрыторыі гэтага рэгіёна Магілёўшчыны вытворчасць мэблевай фурнітуры. Таксама існуе магчымасць будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 1 тыс. галоў у аграгарадку Леніна. Ёсць у раёне і значныя запасы мінеральнай вады. «Мы адкрыты для супрацоўніцтва па ўсіх напрамках», – канстатаваў першы намеснік старшыні аблвыканкама.

У сваю чаргу латвійскія госці выказалі зацікаўленасць праектам свінакомплексу, паабяцаўшы праінфармаваць бізнесменаў аб такой магчымасці. Яны таксама дадалі, што Магілёўская вобласць і Латвія могуць быць карысныя адна адной у сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, у падрыхтоўцы насеннага матэрыялу, дрэваапрацоўцы, транспартнай лагістыцы, адукацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая