RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і правінцыя Цзянсу маюць намер сумесна прапрацоўваць пытанне выкарыстання кітайскіх лекаў на тэрыторыі Беларусі

Магілёўская вобласць і правінцыя Цзянсу маюць намер сумесна прапрацоўваць пытанне выкарыстання кітайскіх лекаў на тэрыторыі Беларусі. Такая дамоўленасць была дасягнута на сустрэчы намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара з намеснікам дырэктара бальніцы кітайскай медыцыны правінцыі Цзянсу Ван Юе.

«Наш рэгіён надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Кітайскай Народнай Рэспублікай, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Паднябесная ў апошні час становіцца для нас адным са стратэгічных партнёраў, і мы гэта высока цэнім. З правінцыяй Цзянсу ў Магілёўшчыны ўсталяваліся цесныя кантакты, якім ужо больш за 10 гадоў, і вобласці рэгулярна абменьваюцца дэлегацыямі».

Намеснік старшыні аблвыканкама адзначыў, што наладжаныя ўзаемаадносіны ўжо прынеслі значныя вынікі. Дзякуючы Цзянсускай карпарацыі па замежным супрацоўніцтве прадукцыя нашага рэгіёна, у тым ліку мясная, пастаўляецца на кітайскі рынак. Іншая кампанія – SUMEC – ужо пачала рэалізацыю праекта па вырошчванні і перапрацоўцы лёну на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

«Важна, што і сталіцы нашых рэгіёнаў усталявалі цёплыя сяброўскія кантакты. У маі 2018 года ў Магілёве з удзелам дэлегацыі з Нанкіна адбылося ўрачыстае адкрыццё на базе гарадской цэнтральнай паліклінікі Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны, – нагадаў Руслан Страхар. – Гэта важны крок у развіцці супрацоўніцтва. Упэўнены, што паміж намі яшчэ шмат пунктаў судакранання і напрамкаў, якія можна развіваць і абмяркоўваць».

У сваю чаргу Ван Юе расказаў, што ўжо паспеў пакаштаваць малочныя вырабы і ялавічыну з Магілёўскай вобласці, якія прадаюцца ў правінцыі. Госць адзначыў якасць прадукцыі. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць развіваць супрацоўніцтва двух рэгіёнаў у сферы медыцыны, паставак лекавых сродкаў. «Наша бальніца, разлічаная на 2,5 тыс.ложкаў, –адна з найбуйнейшых у Кітаі, – адзначыў Ван Юе. – Мы прымаем больш за 5 млн. пацыентаў у год і амаль 20 тыс. – штодня. Выкарыстоўваюцца метады лячэння, заснаваныя на кітайскай традыцыйнай медыцыне, вельмі запатрабаваныя і дзейсныя, а ўмовы рэабілітацыі хворых – максімальна мадэрнізаваныя».

Паводле слоў Вана Юе, наведванне Цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны ў Магілёве паказала, што метады лячэння, якія тутпрымяняюцца,цэняцца жыхарамі горада і даказалі сваю эфектыўнасць. Аднак урачы, якія працуюць у цэнтральнай паліклініцы, не могуць максімальна праяўляць свае ўменні і навыкі, паколькі ў Беларусі дазволена мінімальная частка практык традыцыйнай кітайскай медыцыны, у прыватнасці, масаж і іглаўколванне. Ёсць пытанні і па забароне прымянення кітайскіх лекавых сродкаў, якія аказваюць значны ўплыў на дасягненне добрага выніку пры лячэнні.

«Мы гатовы дадаткова вывучыць пытанні выкарыстання кітайскіх медыцынскіх прэпаратаў на тэрыторыі вобласці і ў цэлым у Рэспубліцы Беларусь, – запэўніў Руслан Страхар. – Існуюць пэўныя працэдуры, якія трэба праходзіць, каб лекі любых краін маглі прадавацца ў нашай краіне. Упэўнены: гэты шлях магчыма пераадолець гэтак жа, як у свой час правінцыя Цзянсу дапамагла нашай прадукцыі выйсці на рынак Кітая».

Намеснік старшыні аблвыканкама падзякаваў гасцям за візіт, які праходзіць у межах праведзенага ў Магілёве рэгіянальнага беларуска-кітайскага тыдня супрацоўніцтва.  Ён выказаў надзею, што нашу вобласць і правінцыю Цзянсу наперадзе чакае шмат праектаў у самых розных сферах дзейнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая