RU BY EN 中文
Instagram

У Беларусі пачалі стварэнне адзінай сістэмы аплаты праезду ў транспарце

У Беларусі плануецца стварыць адзіную сістэму аплаты праезду, якая будзе дзейнічаць як у Мінску, гэтак і ў рэгіёнах. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню аўтамабіліста і дарожніка, начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Андрэй Гладкі.

Адзіная сістэма зробіць зручнейшым працэс аплаты праезду, а таксама аб'яднае розныя плацежныя метады ў рамках адной платформы. «Не адстаем ад сучаснага трэнду – развіцця інфармацыйных тэхналогій. Прынята рашэнне аб пачатку работы па стварэнню адзінай сістэмы аплаты праезду на базе працэсінгавага цэнтра ДП «Мінсктранс». Будзе забяспечана функцыянаванне адзінага эмісійнага цэнтра па выпуску білетаў на гарадскія перавозкі пасажыраў. Адобраны тэхнічны пашпарт мерапрыемства. Закупка адпаведнага абсталявання будзе ажыццяўляцца аблвыканкамамі ў пачатку 2026 года», - распавёў Андрэй Гладкі.

Сістэма будзе ўкаранёна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Таксама сумесна з прадпрыемствам «Сталічны транспарт і сувязь» распрацоўваецца адзіная сістэма продажу білетаў на аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах. Праект прадугледжвае аб'яднанне сістэм браніравання і продажу білетаў у адзіную лічбавую платформу, даступную пасажырам у тым ліку з мабільных дадаткаў, інтэграцыю электронных сэрвісаў пры міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў у рэгулярных зносінах у ГІС і інш.

Прадугледжваецца, што адзіная дзяржаўная інфармацыйная сістэма продажу білетаў пачне працаваць з 1 мая 2027 года. У выніку пасажыры змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю аб раскладзе, маршрутах і даступнасці транспартных сродкаў усіх аўтамабільных перавозчыкаў у рэгулярных зносінах, выбіраць аптымальны маршрут паездкі (з прапанаваных маршрутаў), адсочваць рух аўтобусаў, браніраваць месцы і аддалена набываць праязныя дакументы і ажыццяўляць аплату за праезд (правоз багажу). Гэта выключыць затраты перавозчыка на распрацоўку ўласнага праграмнага сродку па браніраванні месцаў. Яшчэ адна перавага - аператыўнае паступленне грашовых сродкаў ад прададзеных білетаў.

«Падрыхтаваны адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы. Праводзілася грамадскае абмеркаванне праекту. Разумеем, што трэба рабіць. Думаю, хуткім часам - да канца года - будзе прынятае рашэнне», - паінфармаваў Андрэй Гладкі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая