RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і Прыморскі край маюць намер нарошчваць тавараабарот, супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы

Магілёўшчына і Прыморскі край маюць намер нарошчваць тавараабарот, супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. Пра гэта ішла размова сёння падчас сустрэчы губернатараў гэтых рэгіёнаў, якая адбылася ў межах візіту дэлегацыі расійскага рэгіёна ў нашу вобласць, як перадае карэспандэнт сайта.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што пэўны шлях інтэграцыі і ўзаемадзеяння ўжо пройдзены, а наяўныя вынікі ўзаемных паставак сведчаць аб значным патэнцыяле нарошчвання іх аб’ёмаў. Асновай для гэтага могуць стаць прадпрыемствы Прыдняпроўскага краю,што выпускаюць прадукцыю, якую не вырабляюць у Прымор’і.

Асаблівую ўвагу кіраўнік беларускага рэгіёна звярнуў на перспектыўнасць кааперацыйных сувязяў. «Аб’яднаўшыся, мы маглі б выпускаць новы запатрабаваны прадукт з планаваннем паставак на іншыя рынкі, напрыклад, кітайскі», – канстатаваў Леанід Заяц.     

У сваю чаргу губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка падкрэсліў: цяперашні візіт –гэта ўжо не проста працэс абмеркавання напрамкаў супрацоўніцтва. «Мы ўпершыню наведвалі Магілёўскую вобласць у мінулым годзе, азнаёміліся з вытворчымі магчымасцямі рэгіёна, формамі супрацоўніцтва і тым, што можа быць карысным для нас. Прыезд дэлегацыі непасрэдна з мэрам Уладзівастока, кіраўнікамі профільных міністэрстваў дазволіць заключыць папярэднія пагадненні на пастаўку абсталявання, тавараў у Прыморскі край».

Алег Кажамяка асабліва адзначыў якасць беларускіх прадуктаў харчавання. «Гэта ДАСТаўскі прадукт, – сказаў ён. – А для нас важна, каб насельніцтва, дзеці сілкаваліся добрымі прадуктамі – айчыннай ці беларускай вытворчасці, а не замежнымі незразумелай якасці». Таму ёсць неабходнасць стварэння гандлёвых дамоў у сетцы расійскіх гарадоў, што будзе надзейнай падмогай для пашырэння і ўмацавання партнёрскіх сувязей.

Таксама, паводле слоў губернатара Прыморскага краю, ёсць вялікая зацікаўленасць у наладжванні супрацоўніцтва па пастаўках ліфтаў і ротарных парковак. Патрэбна дадатковая малагабарытная камунальная тэхніка, якая ўжо годна паказала сябе ва Уладзівастоку і іншых гарадах на ачыстцы пераездаў і міжквартальных праездаў.

  

Цікавы вопыт у будаўніцтве розных аб’ектаў і дарог. «У нас ёсць праблемы з кадрамі, якасцю работ па ўзвядзенні сацыяльных аб’ектаў і жылля, – адзначыў Алег Кажамяка. – Тыя напрацоўкі, вытворчы патэнцыял, які ёсць у Магілёўскай вобласці, могуць быць цалкам выкарыстаныя ў Прымор’і на ўзаемавыгадных умовах».

Губернатар расійскага рэгіёна канстатаваў, што пандэмія COVID-19 не дазваляла рэалізаваць многія запланаваныя раней сумесныя праекты, абавязацельствы па частцы кантрактаў былі прытарможаныя. Цяпер сітуацыя мяняецца, пра што сведчыць цяперашні візіт. «Абставіны зноў дазваляюць крочыць насустрач адзін аднаму, больш шчыльна развіваць супрацоўніцтва, рабіць так, каб нашы дзеці маглі наведваць і Брэсцкую крэпасць, і Буйніцкае поле, іншыя памятныя месцы, якія сімвалізуюць агульную перамогу над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, – падкрэсліў Алег Кажамяка. – Менавіта на тэрыторыі Беларусі праходзілі самыя кровапралітныя, трагічныя падзеі. І нашай моладзі важна ведаць пра подзвігі дзядоў і прадзедаў, якія адбываліся 75 гадоў таму і больш».

Падчас сённяшняга візіту расійскія госці наведаюць будаўнічыя пляцоўкі Магілёва, азнаёмяцца з аб’ектамі культуры, пабываюць на прадпрыемствах абласнога цэнтра і Бабруйска. У прыватнасці, праграмай знаходжання запланаваняя паездкі на заводы «Магілёўтрансмаш» і «Магілёўліфтмаш», дзе будуць разглядацца пытанні пастаўкі прадукцыі ў Прыморскі край, знаёмства з вытворчасцю прадукцыі ў ААТ «Бабушкина крынка». У другой палове дня прадугледжана наведванне ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”».

Па выніках перамоў плануецца падпісаць пратакол намераў аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай вобласцю і Прыморскім краем. І ўжо ў лістападзе бягучага года дэлегацыя нашага рэгіёна накіруецца да калег, каб на месцы прапрацаваць усе аспекты партнёрства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая