RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць плануе наладжваць з Японіяй бізнес-кантакты і развіваць эканамічную сферу

Магілёўская вобласць плануе наладжваць з Японіяй бізнес-кантакты і развіваць эканамічную сферу. Такія намеры выказалі сёння падчас сустрэчы старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Японіі ў Беларусі Такунага Хірокі.

Бакі падкрэслілі неабходнасць прымянення комплекснага падыходу ў выбудоўванні ўзаемаадносін. У галіне аховы здароўя, культуры, турызму ўжо ёсць канкрэтныя напрацоўкі і вынікі партнёрства. Так, у межах грантавай праграмы ўрада Японіі «Карані травы», якая ажыццяўляецца ў Беларусі з 2004 года і накіравана на пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у Магілёўскай вобласці рэалізавалі 6 праектаў на суму больш за $740 тыс. У асноўным гэта былі пастаўкі медабсталявання для ўстаноў аховы здароўя рэгіёна. Прадстаўнікі краіны ўзыходзячага сонца з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка». Дзякуючы выступленням харэаграфічнага калектыву «Мандзюсяка» жыхары Магілёва і Бабруйска змаглі пазнаёміцца з японскімі танцавальнымі традыцыямі. Журналісты далёкай краіны здымалі перадачы аб Прыдняпроўскім краі. А зусім нядаўна ў абласным цэнтры адбыўся канцэрт салісткі і майстра грання на флейце сякухаці Кацуры КрэаСьён, які прайшоў сумесна з аркестрам і хорам Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў. Прадпрыемствам «Магілёўаблтурыст» падрыхтаваны тыднёвыя туры для турыстаў з Японіі з абмежаванымі магчымасцямі.

Наладжваецца супрацоўніцтва і ў спартыўным кірунку. У складзе цяперашняй дэлегацыі ў горад на Дняпры прыехаў японскі дзюдаіст Наката Наокі. Ён займаецца дзюдо 31 год, неаднаразовы пераможца першынстваў Японіі, у 2001-м выйграў чэмпіянат Азіі сярод юніёраў, у 2005-м і 2007-м заваяваў бронзу на дарослых чэмпіянатах на радзіме дзюдо ў вагавой катэгорыі да 81 кілаграма. Займаецца трэнерскай і навуковай працай, з 2011-га выкладае ў Сендайскім універсітэце. Апошнія паўтара года спадар Наката стажыруецца ў Беларусі, дзе з задавальненнем дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства. Учора госць правёў майстар-клас для нашых трэнераў і спартсменаў, а таксама разам з іншымі членамі дэлегацыі наведаў СШ № 2, на базе якой працуе «Школа свету». Разам з выкладчыкам японскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спадаром Акірам Фурусавам і каардынатарам узаемадзеяння з пасольствам Японіі ў Беларусі Віялетай Грудскай яны правялі для дзяцей майстар-клас па мастацтве арыгамі, вывучылі некалькі прывітальных слоў па-японску, даведаліся аб цудоўнай Краіне ўзыходзячага сонца.

«У Магілёўскай вобласці я бываю часцей, чым у іншых рэгіёнах Беларусі, – падкрэсліў Такунага Хірокі. – І ўпэўнены, што менавіта гэтая частка краіны можа стаць прыкладам паспяховага супрацоўніцтва з Японіяй, трэба толькі стварыць так званы прэцэдэнт, сумесны праект, які быў бы дэманстрацыйным для астатніх».

На сёння ў скарбонцы – толькі адзін пробны праект у сферы дзелавога партнёрства. У жніўні 2019 года філіял «Домабудаванне» РУП «Завод газетнай паперы» заключыў з кампаніяй «ARTEK» кантракт на выраб і ўстаноўку 3 каркасна-панэльных вырабаў (2 дамы і 1 кафэ). «Калі нашых бізнесменаў задаволіць якасць хуткаўзведзеных шчытавых дамоў, якія, у ліку іншага, могуць выкарыстоўвацца ва ўмовах надзвычайных сітуацый, супрацоўніцтва ў гэтым кірунку можа мець добрыя перспектывы», – падкрэсліў Такунага Хірокі.

У цэлым эканамічнае партнёрства Прыдняпроўскага краю з далёкай краінай сёння будуецца на гандлёвых адносінах. У студзені–лістападзе 2019 года знешнегандлёвы абарот Магілёўскай вобласці з Японіяй склаў каля $ 2,6 млн. і павялічыўся на 15,8%. Пры гэтым экспарт зменшыўся больш чым на 50% і амаль на 37% вырас імпарт. Нашы прадпрыемствы адпраўлялі жэлацін (ААТ «Мажэліт»), мэблю і яе часткі (ЗТАА «ВМГ-Індустры»), піла- і лесаматэрыялы (РУП «Завод газетнай паперы»). У аснове імпарту – такарныя станкі, медабсталяванне, сінтэтычныя ніткі. «Нам хацелася б палепшыць гандлёва-эканамічныя адносіны, напоўніць японскія прылаўкі мясной, малочнай прадукцыяй, вырабамі з лёну, дрэва, будматэрыяламі, – канстатаваў Леанід Заяц. – Для гэтага ёсць усе перадумовы. Як і для наладжвання ўзаемных кантактаў паміж бізнесменамі».

Дарэчы, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Рахманаў падчас сустрэчы ў аблвыканкаме паведаміў, што ў найбліжэйшай перспектыве плануецца стварыць беларуска-японскую бізнес-асацыяцыю, мэта якой – напаўненне кантактаў канкрэтнымі праектамі, паколькі супрацоўніцтву нашых краін не хапае эканамічнага блока. У той жа час на базе СЭЗ «Магілёў» прапануецца стварыць беларуска-японскі тэхнапарк. Праект павінен прыцягнуць японскія інвестыцыі ў эканоміку Магілёўскай вобласці.

ААТ «Магатэкс», па словах Сяргей Кімовіча, таксама можа стаць драйверам узаемаадносін нашага рэгіёна і Японіі. З улікам інтарэсаў бізнесменаў з Краіны ўзыходзячага сонца вакол Магілёўскага завода можна стварыць сетку сумесных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на выпуску прадукцыі канкрэтнай накіраванасці, напрыклад для спорту.

Цікавасць у японскіх прадпрымальнікаў могуць выклікаць і праекты, звязаныя з вытворчасцю паперы з торфу.

Такунага Хірокі з аднадзённым візітам наведвае Магілёўскую вобласць. У склад дэлегацыі, якую ён узначальвае, уваходзіць першы сакратар Пасольства Японіі ў Беларусі Канацу Наота, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Кімовіч, выкладчык Сендайскага ўніверсітэта, японскі дзюдаіст Наката Наокі і каардынатар узаемадзеяння з Пасольствам Японіі ў Беларусі Віялета Грудская. Госці наведалі Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр і Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту, прынялі ўдзел у адкрыцці XXVII турніру па дзюдо памяці Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая