Рэспубліканская акцыя «Сімвал адзінства – 2022» прыбыла сёння ў Магілёўскую вобласць. Першы раён, які сустрэў удзельнікаў аўтапрабегу, – Бялыніцкі. Адтуль удзельнікі акцыі накіраваліся ў Круглянскі раён. Пасля сустрэчы на мяжы двух раёнаў маштабны аўтапрабег рушыў у Круглае, вітаючы жыхароў і аўтамабілі, якія праязджалі міма.
У цэнтры Круглага ля брацкай магілы сабраліся актывісты раёна: прадстаўнікі адміністрацыі і дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў, моладзь і неабыякавыя жыхары Круглянскага раёна. У брацкім пахаванні спачывае 97 воінаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны аддалі свае жыцці дзеля выратавання беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасля ўскладання прайшла цырымонія перадачы сімвалічнай драўлянай шасцярэнькі з надпісам «Круглае» і ўстаноўка таблічкі з QR-кодам, адсканаваўшы які можна даведацца пра гісторыю гэтага месца.
Як адзначыла намеснік старшыні РГА «Патрыёты Беларусі» Ганна Харута, удзельнікаў аўтапрабегу цёпла сустракаюць у кожным кутку нашай краіны. І Круглянскі раён не стаў выключэннем. «Нельга вылучыць нейкі адзін раён, таму што кожны з іх унікальны. Але адно можна сказаць дакладна: наша галоўнае багацце – гэта людзі. Тое, як нас сустракаюць у кожным новым месцы, колькі сярод іх сапраўдных патрыётаў, выклікае гонар за нашых людзей, – падкрэсліла яна. – Наша акцыя прымеркавана да Года гістарычнай памяці. І вельмі радуе, што паўсюдна, ад малога да вялікага, усе падключаюцца да працы па аблічбоўцы памятных месцаў. Гэта трэба для захавання дакладнай гісторыі. На жаль, у апошнія гады мы бачым, што не ўсе разумеюць, што ж адбывалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І тое, што цяпер адбываецца ў суседніх краінах, паслужыла дадатковым імпульсам да аб’яднання вакол захавання гістарычнай памяці нашага народа».
Па словах старшыні РГА «Патрыёты Беларусі» Мікалая Зарубіцкага, аўтапрабег праехаў па Беларусі больш за 6 тыс. км, наведаў больш за 70 раёнаў. «І тая радасць, з якой нас сустракаюць, вельмі значная для нас. Мы бачым вялікую колькасць жадаючых далучыцца да нашай акцыі. Мы ганарымся сваім народам», – адзначыў ён.
Адным з удзельнікаў рэспубліканскай акцыі ў Круглянскім раёне стаў старшыня Філатаўскага сельскага выканаўчага камітэта Ільдар Сцяпанаў. «Кожны ўдзельнік сённяшняга мерапрыемства прыйшоў і прыехаў сюды па клічы свайго сэрца. Дзякуючы такім акцыям, мы дэманструем тое, што сваю гісторыю мы памятаем і шануем, паказваем годны прыклад нашай моладзі. Мы выступаем за захаванне нашай памяці, магчымасць мірна развівацца дзеля будучых пакаленняў і нягледзячы ні на якія знешнія выклікі, мы заўсёды будзем адзіныя ў сваіх жаданнях», – падкрэсліў ён.
Пасля гэтага ў адной з круглянскіх сярэдніх школ прайшла дыялогавая пляцоўка. Яе ўдзельнікамі стала каля 180 навучэнцаў. Хлопцы і дзяўчаты актыўна задавалі пытанні прадстаўнікам «Патрыётаў Беларусі». У прыватнасці, іх цікавіла тое, як зарадзілася ідэя такой маштабнай акцыі і якія маладзёжныя праекты праводзіць грамадскае аб’яднанне. Дыялог атрымаўся цікавым і пазнавальным.
Пасля гэтага ўдзельнікі рэспубліканскага аўтапрабегу адправіліся ў Шклоўскі раён, дзе іх таксама чакае насычаная праграма. Сёння яны наведаюць яшчэ Горкі і Дрыбін. Завершыцца першы дзень акцыі на Магілёўшчыне ў Чавусах вялікім канцэртам з удзелам зорак беларускай эстрады.
Аўтапрабег па Магілёўскай вобласці будзе працягласцю 1,2 тыс. км, ён зойме чатыры дні і пабывае ва ўсіх кутках рэгіёна. У кожным раёне запланавана свая праграма: мітынгі ў памятных месцах, урачыстая перадача шасцярэнькі, ускладанне кветак, устаноўка інфармацыйных таблічак з QR-кодам, дыялогавыя пляцоўкі з моладдзю, тэматычныя віктарыны з уручэннем сувеніраў, канцэртныя праграмы.
Рэспубліканская акцыя» «Сімвал адзінства» праводзіцца па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе
10.04.2025 - 11:17