RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць разам з усёй краінай 12 мая адзначыць Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь

Магілёўская вобласць разам з усёй краінай 12 мая адзначыць Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх раёнах рэгіёна пройдуць цырымоніі ўзняцця аднаго з галоўных дзяржаўных сімвалаў нашай краіны – чырвона-зялёнага сцяга. Акрамя таго, напярэдадні свята ва ўстановах адукацыі Прыдняпроўскага краю адбыліся тэматычныя лекцыі, у бібліятэках працавалі спецыяльныя выставы.

Дзень Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь адзначаецца штогод у другую нядзелю мая. Гэта свята ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне дзяржаўнай сімволікі.

5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь», які накіраваны на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Беларусі, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе з сябе зялёны контур краіны, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй за контур змешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева – лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчаны надпіс золатам «Рэспубліка Беларусь». Гэта выява на гербе ўвасабляе найлепшыя якасці беларускага народа: працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе з сябе прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. Ля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Чырвоны колер на нашым сцягу – гэта колер сцягоў Чырвонай Арміі і беларускіх партызан, якія вызвалілі родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Зялёны колер – колер лясоў і палёў, сімвал вясны, надзеі і адраджэння. Белы колер арнаменту адлюстроўвае духоўную чысціню беларусаў. Сцяг мацуецца на дрэўку, афарбаваным у залацісты колер.

Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь з дапамогай простых і зразумелых сродкаў адлюстроўваюць патрыятычныя, гістарычныя і культурныя традыцыі краіны, характар народа, яго духоўны патэнцыял. Яны надзелены яркімі рысамі і лёгка пазнаюцца сярод усіх дзяржаўных сімвалаў сусветнай супольнасці.

Дзяржаўныя сімвалы – герб і сцяг Беларусі – гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая