RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі раён першым у вобласці намалаціў 100 тыс. т збожжа

Аграрыі Магілёўскага раёна першымі ў вобласці намалацілі 100 тыс. т збожжа.

 

«Магілёўскі раён – гэта жытніца нашага рэгіёна, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падчас урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да пераадолення раёнам 100-тысячнай мяжы. – Дасягнуты вынік – сапраўдная радасць для тых людзей, якія сёлета ў такіх няпростых умовах змагаліся за хлеб новага ўраджаю. У іх асобе я хачу падзякаваць аграрыям рэгіёна і ўсім працоўным калектывам за ўклад у агульны каравай».

Леанід Заяц адзначыў, што каравай гэтага года каштаваў многіх сіл і сродкаў. Яшчэ ў маі вобласць чакала рэкорднага ўраджаю збожжавых, аднак у планы ўмяшалася надвор’е. «Гэта не павінна нас засмучаць, – падкрэсліў ён. – Насуперак усяму мы выканаем дзяржзаказ і засыплем засекі збожжам, каб забяспечыць рытмічную працу нашай прамысловасці і харчовы стол простага беларуса».

Магілёўская вобласць ужо падышла да завяршэння ўборкі збожжавых культур. На раніцу 16 жніўня валавы намалот склаў 807 тыс. т збожжа з ураджайнасцю 27,2 ц/га. У выніку рэгіён будзе мець прыкладна 870 тыс. т збожжавых. Уборка ў Магілёўскім раёне таксама выйшла на фінішную прамую. У вобласці раён валодае самымі вялікімі пасяўнымі плошчамі – 33 тыс. га. На сёння тут засталося прыбраць каля 1 тыс. га – прыкладна 3–4% плошчаў. Найбольш важкі ўклад ва ўборачную ўнеслі ЗАТ «Агракамбінат «Зара», ЗАТ «Сервалюкс Агра», СДП «Авангард», ААТ «Магілёўскі лянок» і ААТ «Цішоўка».

«Мы завяршаем уборку з ураджайнасцю 34 ц/га, – сказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Генадзь Давыдаў. – Калі па ўраджайнасці мы другія пасля Шклова, то па валавым зборы ў вобласці нам пакуль няма роўных. У хлеб новага ўраджаю было ўкладзена шмат, выдаткі былі каласальнымі, але з-за надвор’я мы не атрымалі чаканай аддачы. Уборка наступіла амаль на 1,5 тыдня раней, і яе перыяд быў скарочаны, а гэта дакладная прыкмета таго, што ўраджай будзе ніжэйшы. Дзяржзаказ мы выканалі амаль на 88%, не «закрылі» толькі харчовы авёс. Ужо да 20 жніўня дзяржзаказ будзе выкананы ў поўным аб’ёме».

Па выніках суладнай працы ва ўборачную кампанію і высокіх вынікаў, Леанід Заяц уручыў старшыні Магілёўскага райвыканкама Алегу Чыкіду падзячны ліст абласнога выканаўчага камітэта, адрасаваны працаўнікам раёна. СДП «Авангард» РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі» за высокія дасягненні ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур атрымала ад аблвыканкама сертыфікат на трактар BELARUS-3522.

Сярод тых, хто быў адзначаны падзякай і падарункам, – моладзевы экіпаж збожжаўборачнага камбайна ЗАТ «Агракамбінат «Зара» ў складзе старшага камбайнера Аляксандра Какулькіна і камбайнера Захара Федарэнкі. Хлопцы першы год працуюць ва ўборачную і ўжо істотна абышлі сваіх вопытных калег, намалаціўшы больш за 4 тыс. т збожжа. «Праца ва ўборачную – гэта вялікая рызыка, амаль месяц мы працуем без выхадных ад світанку да позняй ночы, – адзначаюць камбайнеры. – Аднак вынік апраўданы. Аб вялікім прызнанні падчас працы не думалі, але, калі адзначаюць на такім высокім узроўні, заўсёды прыемна».

БЕЛТА, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая