Прыбраць нельга пакінуць
У выніку праходжання навальнічнага фронту і шквалістага ветру ў ноч з 9 на 10 ліпеня ў Магілёўскай вобласці пацярпелі не толькі лініі электраперадачы, дахі і дрэвы. Пакінуў ураган свой след і на палях. Папярэдняя лічба па палегліцы збожжавых і зернебабовых культур — каля 4 тысяч гектараў, а таксама звыш 300 гектараў азімага рапсу. Сярод пацярпелых - Бялыніцкі, Шклоўскі, Быхаўскі, Краснапольскі, Чавускі раёны. Уборачную ўскладняюць яшчэ і дажджы, якія таксама могуць прывесці да палегліцы і значна запаволіць ход працы.
У ААТ «Сасновы бор» Чавускага раёна стыхіяй паклала поле з пшаніцай 50 гектараў. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мельнічонак тлумачыць, што пакуль прыйдзе час уборкі, расліны могуць аклямацца, але ў любым выпадку з палегліцай спраўляцца камбайнерам не ўпершыню:
- Цяпер наліваецца збожжа, наступствы ўрагану могуць паўплываць нязначна на ўраджайнасць на пашкоджаных участках. Але ў цэлым я б гэты год назваў пшанічным, віды на ўраджай значна лепшыя, чым летась. Да ўборачнай атрымаем новы камбайн. Нам не прывыкаць: то засушыць, то залье - надвор'е пад нас не падладжваецца.
Вопытны механізатар Сяргей Прусаў ужо ўключыўся ў жніво. Уборку пачалі з азімага ячменю, палі з гэтай культурай таксама пакруціла:
- У мяне новы камбайн, працую на ім другі сезон. Беларускія камбайны аснашчаюцца сцеблапад'ёмнікамі — гэта частка жняяркі, прызначаная для ўзняцця палеглых сцеблаў раслін. Так, дзесьці зніжаецца тэмп, але мы працуем не на хуткасць, а каб прыбраць усё да апошняга зярнятка.
У Кіраўскім раёне спачатку ўраджай падмачылі дажджы, а потым дадаўся град. У ААТ «Світанак ім. Да. П. Арлоўскага» непагадзь пашкодзіла 16 гектараў цыбулі і 3 гектары кавуноў, палегліца збожжавых культур ацэньваецца прыблізна ў 500 гектараў. У Шклоўскім раёне ўраганам паклала каля 700 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, але спецыялісты адзначаюць: ацэньваць стан пасеваў будуць на працягу тыдня. Невядома, як павядзе сябе соя - каля 20 гектараў гэтай культуры таксама пацярпела ад непагадзі.
У Краснапольскім раёне лівень з моцным ветрам і градам прайшлі вечарам 10 ліпеня. Аграрыі падлічылі, што ўсяго пашкоджана звыш 1200 гектараў збожжавых і зернебабовых і рапсу. Як адзначае намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Таццяна Шалашова, непагадзь унясе карэктывы ў тэмпы ўборкі, але ў раёне разлічваюць на добры ўраджай:
- Даспелы азімы рапс нават дзе-нідзе абсыпаўся, усяго пацярпела звыш 200 гектараў гэтай культуры. З зімавым ячменем зладзіліся, літаральна праз тыдзень прыступім да рапсу і раўналежна - па меры паспявання - да каласавых. Збожжа ў палях добрае, таму будзем лавіць пагодлівыя дні. Аграрыі настроены на дастойны ўраджай, сіл і сродкаў укладзена нямала.
У ТЭМУ
У Магілёўскай вобласці на раніцу ўчарашняга дня ўбрана звыш 70 працэнтаў палёў з азімым ячменем пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара. Працягваецца нарыхтоўка кармоў, вядзецца догляд пасеваў, падрыхтоўка палёў, узворванне і ўнясенне гербіцыдаў пад азімы рапс будучага ўраджаю.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.07.2025 - 15:51
15.07.2025 - 11:59
12.07.2025 - 09:50
«Ідзём у графіку». Юрый Назараў аб важных аб'ектах у Шклове і падрабязнасцях даклада Прэзідэнту
10.07.2025 - 11:59
Анатоль Ісачанка: асноўная задача - прывесці ў парадак вуліцы Магілёва і наладзіць рух транспарту
08.07.2025 - 11:35