RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёвец праваліўся пад лёд падчас рыбалкі: мужчыну выратавалі супрацоўнікі МНС

За выхадныя ў вобласці адбылося 4 пажары: у Бабруйску, Магілёве, Кіраўскім і Магілёўскім раёнах. Як паведаміла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых, у ходзе аператыўнай працы выратаваны жылы дом, 4 гаспадарчыя будынкі і 1 аўтамабіль.

Неспакойнай выдалася раніца 20 снежня для жыхароў трохпавярховага жылога дома па вул. Юбілейнай у аграгарадку Дашкаўка Магілёўскага раёна. Каля 5 гадзін раніцы пад’езд напоўніўся едкім дымам. Ратавальнікі хутка ўстанавілі крыніцу задымлення: гарэла чатырохпакаёвая кватэра на другім паверсе. Падчас тушэння пажару ў праёме дзвярэй у пакоі без прыкмет жыцця быў знойдзены гаспадар 1964 г. н. З-за моцнага задымлення ратавальнікі эвакуіравалі з дома трох чалавек. Яны не пацярпелі. У выніку пажару ў кватэры знішчана маёмасць, закураны сцены і столь. Прычына здарэння ўстанаўліваецца. Спецыялісты не выключаюць, што пажар мог пачацца праз неасцярожнае абыходжанне з агнём.

19 снежня ў 16.04 ад мінака паступіла паведамленне, што ў рацэ Днепр на заліве па вул. Салава тоне чалавек. Па прыбыцці да месца выкліку было ўстаноўлена, што на паверхні ракі на адлегласці каля 80 м ад берага ў палонцы знаходзіцца мужчына, за пяць метраў ад якога знаходзіўся другі мужчына, які аказваў дапамогу. Работнікі МНС вызвалілі мужчыну з ледзянога палону і пры дапамозе выратавальнай дошкі даставілі на бераг. З дыягназам «Агульнае пераахалоджванне» ён шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя. Выратаваны – магілёвец 1964 г. н., рыбачыў на заліве, перасоўваючыся па лёдзе на надзіманай гумавай лодцы. Аднак як толькі выйшаў з лодкі, праваліўся пад лёд. Яго крыкі аб дапамозе пачуў 56-гадовы знаёмы, які, узброіўшыся вяроўкай, на паляўнічых лыжах дабраўся да таварыша, кінуў яму вяроўку і ўтрымліваў да прыбыцця ратавальнікаў.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая