RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Малады гісторык: нельга дапускаць спробаў замаху на нашу нацыянальную ідэнтычнасць

Нельга дапускаць спробаў замаху на нашу нацыянальную ідэнтычнасць, заявіў журналістам аспірант Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Ігар Галіноўскі. Малады гісторык стаў удзельнікам пасяджэння пастаянна дзеючага маладзёжнага форуму «Беларусь памятае!» у Палаце прадстаўнікоў.

У сучасных палітычных умовах барацьбы за сваю гістарычную спадчыну важна не толькі папулярызаваць памяць аб гераічным мінулым беларусаў, але і адказна падыходзіць да падрыхтоўкі прафесійных гісторыкаў, навукоўцаў, здольных не толькі вывучаць, але і прапагандаваць гістарычныя факты, выхоўваць у моладзі павагу да сваёй гісторыі і краіны. Менавіта таму ў сценах Дома ўрада сабраліся маладыя гісторыкі – аспіранты, магістранты гістарычных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі форуму абмеркавалі барацьбу беларускага народа за сваё права жыць у адзінай дзяржаве, а таксама далі ацэнку спробам сучасных польскіх палітыкаў і гісторыкаў працягваць экспансіянісцкую палітыку ў дачыненні да Беларусі з прыняццем адпаведнай рэзалюцыі.

«17 верасня – знамянальны дзень уз’яднання тэрыторыі Беларусі, а таксама важны палітычны адказ у сучасных рэаліях, які мы даём дзяржавам-апанентам, якія любяць паквапіцца на нашу нацыянальную ідэнтычнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і культуру нашага народа ў цэлым. Як мы выдатна ведаем, пасля Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь знаходзілася ў прыгнечаным стане. Разбуралася нацыянальная ідэнтычнасць, знішчалася ў цэлым беларуская культура, адбывалася поўнае апалячванне. Я, як беларус, не магу гэта спакойна ўспрымаць. Я вельмі рады, што цяпер у нас ёсць такое свята, якое дазваляе аб’яднаць наш народ», – сказаў Ігар Галіноўскі.

Акрамя таго, сёння ў парламенце адбылася прэзентацыя выставы Нацыянальнага архіва, прысвечанай акупацыі тэрыторый Заходняй Беларусі палякамі. Па словах удзельніка форуму, неабходна больш расказваць аб тым, што адбывалася ў гэты перыяд, асабліва моладзі. «На мой погляд, неабходна масавае асвятленне таго, што адбывалася. Палякі заснавалі адзін з першых канцлагераў на тэрыторыі Беларусі – у Бяроза-Картузскай, і пра гэтыя зверствы мала хто кажа», – дапоўніў малады гісторык.

Вынікам маладзёжнага форуму «Беларусь памятае!» стала прыняцце рэзалюцыі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая