RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Маладзёжныя праекты, святы на адкрытых пляцоўках і канцэрты: Магілёў рыхтуецца да Дня горада

Маладзёжныя праекты, святы на адкрытых пляцоўках і канцэрты: святочную праграму да 755-годдзя Магілёва і Дня Незалежнасці абмеркавалі сёння ў Магілёўскім гарвыканкаме.

Як адзначыла падчас рабочай нарады начальнік упраўлення культуры гарвыканкама Марына Клепчукова, для гараджан і гасцей горада рыхтуюць насычаную і яркую праграму. Адкрые чараду святочных дзён стрыт-арт праект «Дамы». Зараз ідзе ўзгадненне дамоў і пабудоў, на якія мастакі па плане з 15 чэрвеня пачнуць наносіць розныя малюнкі. Па словах Марыны Клепчуковай, такі праект рэалізуецца ў Магілёве не першы год. Распісаныя фасады будынкаў прыйшліся гараджанам даспадобы і ўпрыгожылі горад.

28 чэрвеня – Дзень вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты дзень у Магілёў прыбудзе цягнік Перамогі. У гэты ж дзень адбудзецца ўскладанне кветак і вянкоў да месцаў воінскіх пахаванняў і мемарыялаў горада ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. Пазней у гарадской ратушы запланавана правядзенне круглага стала на тэму «Да 755-годдзя гісторыі Магілёва». Пасля гэтага на адкрытых пляцоўках Магілёва пройдуць канцэрты.

Урачыстая цырымонія ўручэння штогадовай спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне» запланавана на 1 ліпеня. Яна пройдзе на стадыёне «Спартак». Пасля чаго адбудзецца вялікі святочны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады.

Працягнецца чарада святочных мерапрыемстваў 2 ліпеня шэсцем-парадам па цэнтральнай вуліцы Магілёва. Выступленне духавых аркестраў, у тым ліку Губернатарскага духавога аркестра Тульскай абласной філармоніі, спартыўнае мерапрыемства «Самы моцны магіляўчанін», маладзёжныя забаўляльныя праграмы, праца «Горада майстроў», тэатралізаваная экскурсія «Жывая гісторыя» па пешаходнай вуліцы горада і выкананне «Оды гораду» – на працягу ўсяго дня магілёўцы і госці горада змогуць акунуцца ў атмасферу свята. Завершыцца гэты дзень феерверкам.

3 ліпеня ля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» адбудзецца мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці. У гэты дзень святочныя праграмы плануецца правесці на плошчы Адзінства, вул. Ленінскай, у скверы 40‑годдзя Перамогі. Акрамя гэтага, у парку Падміколле запланавана правядзенне агульнагарадскога сямейнага свята. Працягне сваю працу ў гэты дзень і «Горад майстроў». Асноўнай пляцоўкай святкавання Дня Незалежнасці ў Магілёве стане плошча Славы. Тут пройдзе вялікі святочны канцэрт, падчас якога жыхары і госці Магілёва змогуць далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Праспяваем гімн разам».

Акрамя гэтага, асаблівую ўвагу нададуць святочнаму афармленню горада. Па словах старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, усе суб’екты гаспадарання павінны адказна падысці да гэтага пытання. «Гэтыя святочныя дні павінны запомніцца гараджанам і гасцям нашага горада», – падсумаваў Уладзімір Цумараў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая