RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Маршрут ужо пабудаваны: як будуць пракладаць нафтаправод «Гомель – Горкі»

У канцы красавіка Прэзідэнт падпісаў распараджэнне аб рэалізацыі праекта па будаўніцтве магістральнага нафтаправода Гомель – Горкі. Ён стане першым у краіне трубаправодам, прызначаным выключна для ўнутранага транзіту. Карэспандэнт «Р» даведаўся падрабязнасці маштабнага праекта.

Патрэбна перамычка

У кругах спецыялістаў такая ідэя абмяркоўвалася яшчэ шмат гадоў таму. Гаворка ішла аб аб’яднанні трубаправодаў асобных на той момант прадпрыемстваў «Гомельтранснафта Дружба» і «Полацктранснафта Дружба». Аднак да рэалізацыі справа не дайшла з прычыны адсутнасці неабходнасці. Стабільнасць і надзейнасць паставак расійскіх партнёраў тады не выклікалі сумневаў.

Часы змяніліся, што пацвердзілі нядаўнія перамовы паміж бакамі, якія ішлі доўга і цяжка. У выніку беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў пачатку года сутыкнуліся з дэфіцытам сыравіны. Прадметам рознагалоссяў стала цана паставак расійскай нафты маркі Urals, якая здабываецца ў Заходняй Сібіры. Непасрэдна на НПЗ у Наваполацк і Мазыр вуглевадароды паступаюць па трубаправодах Унеча – Полацк і Унеча – Мазыр. Разгалінаванне агульнай магістралі таксама адбываецца на тэрыторыі Расіі.

– Новы трубаправод стане свайго роду перамычкай, якая злучае паўднёвую і паўночную ніткі сістэмы транспарціроўкі нафты, – намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Карабань тлумачыць галоўнае прызначэнне праекта. – Гэта дасць магчымасць, ні ад каго не залежачы, ажыццяўляць перапампоўку сыравіны паміж Наваполацкім і Мазырскім нафтаперапрацоўчымі заводамі. Да таго ж мінулай восенню ў выніку рэарганізацыі ААТ «Полацктранснафта Дружба» на правах філіяла ўвайшло ў склад ААТ «Гомельтранснафта Дружба», што робіць аб’яднанне дзвюх трубаправодных сістэм яшчэ больш заканамерным.

Пакуль у выпадку неабходнасці нафту перавозяць цыстэрнамі па чыгунцы, што цягне дадатковыя выдаткі. Прапампоўка па трубаправодзе – найменш затратны і пры гэтым найбольш зручны і бяспечны спосаб транспарціроўкі. Праз трубу дыяметрам 530 мм плануецца перапампоўваць да 6 млн тон нафты ў год.

Трэба шукаць альтэрнатыву

Кіраўніком дзяржавы пазначаны канцэпт дыверсіфікацыі паставак нафты. Варта ісці да таго, што ў Расійскай Федэрацыі будзе закупляцца 30-40 працэнтаў нафты. Каля 30 адсоткаў трэба пастаўляць з боку Балтыкі і столькі ж – праз Украіну. Такі шлях быў апрабаваны яшчэ ў 2011 годзе, таксама на фоне рознагалоссяў з расійскімі партнёрамі. Тады партыі нафты прапампоўваліся з Чорнага мора праз паўднёвых суседзяў на Мазырскі НПЗ.

Трубаправод Гомель – Горкі дасць магчымасць дастаўляць вуглевадародную сыравіну на «Нафтан» з Балтыкі праз Польшчу і з Чорнага мора праз Украіну, а таксама беларускую нафту, якая здабываецца ў Рэчыцкім раёне. Гэта дапаможа часткова дыверсіфікаваць пастаўкі і сысці ад залежнасці ў пытаннях транспарціроўкі. У сваю чаргу, перад кіраўніцтвам абодвух НПЗ пастаўлена задача арганізаваць у рэзервуарных парках захоўванне стратэгічнага запасу ў аб’ёме парадку 1 млн тон нафты.

З поўдня на поўнач

Пры планаванні праекта разглядаліся некалькі варыянтаў. Працягласць самага кароткага з прапанаваных маршрутаў складала 180 кіламетраў. Аднак пры вывучэнні выявіліся істотныя нюансы. Галоўны з іх заключаўся ў тым, што ўчастак трубаправода павінен быў праходзіць праз зону адчужэння ў Магілёўскай вобласці. Па замове ААТ «Гомельтранснафта Дружба» навукоўцы інстытута радыёбіялогіі НАН даследавалі мясцовасць. Быў прадстаўлены комплекс мер, неабходных для мінімізацыі ўздзеяння радыяцыі. Яны ўключалі вываз і ўтылізацыю заражанага радыенуклідамі ўрадлівага пласта глебы. Таксама патрабавалася рабіць прасеку праз лясны масіў шырынёй да ста метраў. Не кажучы ўжо аб рызыцы, якой на час работ прыйшлося б падвяргаць будаўнікоў, і наступных цяжкасцях ў абслугоўванні трубаправода на гэтым участку. Усё гэта анулявала эканамічны эфект скарачэння дыстанцыі.

Таму выбар зрабілі на карысць іншага маршруту адлегласцю ў 207 кіламетраў. Адна з пераваг дадзенага варыянту – адсутнасць водных перашкод. Не закранаючы водаахоўных зон, нафтаправод пракладуць у міжрэччы Сожа і Дняпра. Гэта дасць магчымасць не толькі пазбегнуць складанага і вельмі дарагога будаўніцтва падводных пераходаў, але і максімальна засцеражэ навакольнае асяроддзе ў выпадку аварыйных сітуацый. З той жа мэтай да праекта прад’яўляюцца жорсткія нормы і патрабаванні. Да прыкладу, мінімальная адлегласць да населеных пунктаў складае не менш за 150 метраў.

Пракладка трубаправода будзе ажыццяўляцца чэргамі ў напрамку з поўдня на поўнач. Маршрут, які бярэ пачатак у Гомельскім раёне, пройдзе праз Буда-Кашалёўскі, Чачэрскі, Кармянскі, а таксама Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і Крычаўскі раёны. Пад Горкамі трубаправод далучыцца да дзеючай нафтавай магістралі Унеча – Полацк. З улікам асаблівасцяў ландшафту мясцовасці перапад вышынь на працягу маршруту будзе даходзіць да 100 метраў. Гідраўлічныя разлікі паказваюць, што гэта перапампоўванню не перашкодзіць.

Задача па сілах

Праект складаецца з 12 чэргаў. Акрамя лінейнай часткі, прадугледжаны будаўніцтва прамежкавай нафтаперапрацоўчай станцыі і рэканструкцыя двюх працуючых – «Гомель» і «Горкі». Арыенціровачны кошт, уключаючы запаўненне трубы тэхналагічнай нафтай, складае каля 300 млн рублёў. Варта адзначыць, што гэта ўласныя сродкі, без прыцягнення крэдытаў і бюджэтных грошай.

Генеральным падрадчыкам аб’екта вызначана РУП ПА «Беларуснафта». На сёння ў кампаніі вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі. Прыступіць да будаўніча-мантажных работ на мясцовасці плануецца 1 лістапада. Увод у эксплуатацыю намечаны на 2023 год.

Раней будаваць нафтаправоды ў гісторыі суверэннай краіны не даводзілася. Аднак спецыялісты цалкам паспяхова праводзілі рэканструкцыі дзеючых магістраляў, што эксплуатуюцца з 1960-х гадоў, замяняючы ўчасткі трубаправода даўжынёй па 20-30 кіламетраў, рамонт якіх быў эканамічна немэтазгодны. Таму цяперашняя задача ім цалкам па сілах. Дарэчы, тэхналагічна будаваць такія аб’екты з нуля хутчэй і прасцей, чым рамантаваць старыя.

– Галоўная асаблівасць падобных праектаў – выкарыстанне самых сучасных тэхналогій, абсталявання і іншых дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу, – рэзюмуе Андрэй Карабань. – Будаўніцтва нафтаправода Гомель – Горкі ў гэтым плане не стане выключэннем.

Адзін з ключавых фактараў, здольных адбіцца на тэмпах работ, – сітуацыя на сусветным рынку нафты. Істотны ўплыў на яго аказала пандэмія каранавіруса. Попыт на вуглевадародную сыравіну ў асноўных краінах-спажыўцах упаў, што прывяло і да зніжэння аб’ёмаў транзіту. Да таго ж гэты год увойдзе ў гісторыю як час, калі біржавая цана на чорнае золата ўпершыню апускалася да адмоўных значэнняў.

Тым не менш у ААТ «Гомельтранснафта Дружба» глядзяць у будучыню з аптымізмам. Па заканчэнні пандэміі COVID-19 аб’ёмы спажывання выйдуць на ранейшы ўзровень. А па некаторых прагнозах, могуць і ўзрасці, што дапаможа кампенсаваць вымушаныя страты. У тым, што прастойваць без справы нафтаправод Гомель – Горкі не будзе, спецыялісты нават не сумняваюцца.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая