RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Марыяна Шчоткіна азнаёмілася з вынікамі рэалізацыі ў БРУ праекта Саюзнай дзяржавы па стварэнні базы інавацыйных тэхналогій

Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Марыяна Шчоткіна сёння наведала вучэбна-лабараторны корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яна азнаёмілася з дасягненнямі ВНУ ў спартыўнай і культурнай дзейнасці, методыкамі выхаваўчай работы з моладдзю, а таксама выставай навукова-даследчых і інавацыйных распрацовак навучальнай установы. Многія з іх укаранёны ў вытворчасць, у тым ліку серыйна. Напрыклад, кафедрай «Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці» распрацавана ўнікальная тэхналогія рамонту і аднаўлення ракет. Таксама пры ўніверсітэце створаны інжынірынгавы цэнтр SimTech, які займаецца аптымізацыяй металаканструкцый і ўжо цесна супрацоўнічае з БелАЗам і Расійскай чыгункай. 

Марыяне Шчоткінай прадэманстравалі магчымасці новых лабараторый тэхналагічнага абсталявання, плазменных, тэрмамеханічных, зварачных і адытыўных тэхналогій. Абсталяванне для іх паступіла ў корпус у межах праекта Саюзнай дзяржавы «Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій», які рэалізоўваўся ў 2018–2019 гадах. Пра гэта сведчыць памятная шыльда ў холе будынка.

На праект было выдзелена больш за 142 млн. расійскіх рублёў. Сродкі размеркавалі па двух напрамках: абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і пашырэнне лічбавага асяроддзя ўніверсітэта.

Так, ВНУ набыла робататэхнічны комплекс зваркі. Менавіта ён дазволіў адкрыць ва ўніверсітэце вучэбна-эксперыментальную лабараторыю па плазменных, тэрмамеханічных і зварачных тэхналогіях, дзе студэнтаў навучаюць розным навыкам у галіне інтэлектуальных сістэм кіравання працэсамі зваркі і плазменнай апрацоўкі вырабаў з металаў і сплаваў. Тут жа праходзяць навуковыя даследаванні.

Не менш важным стала набыццё ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння ANSYS. З яго дапамогай студэнты могуць вывучаць сучасныя метады праектавання, праводзіць даследаванні і атрымліваць аптымальныя параметры складаных механічных сістэм, мадэляваць двухмерныя і трохмерныя электрамагнітныя палі. Акрамя таго, праводзіць аналіз мадэляў рухавікоў, датчыкаў, трансфарматараў і многіх іншых электрычных і электрамеханічных прылад рознага прымянення.

Удзельнічаць у спецыялізаваных інжынерных даследаваннях у галіне праектавання на аснове інжынернага аналізу лічбавых 3D-мадэляў аб’ектаў дазволіў праграмны комплекс SOLIDWORKSPremium. А спецыяльна для студэнтаў, якія вырашылі звязаць сваю кар’еру са стварэннем чалавекападобных робатаў, ВНУ закупіла адукацыйныя робататэхнічныя наборы ROBOTIS для вывучэння мехатронных сістэм і развіцця навыкаў праграмавання андроідаў.

Праектаваннем складаных тэхнічных сістэм будучыя спецыялісты займаюцца ў двух камп’ютарных класах, якія адкрыліся таксама ў межах рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы. У астатніх кабінетах зрабіць адукацыйны працэс максімальна эфектыўным дапамагаюць мультыборды. Але асаблівым гонарам універсітэта з’яўляецца прафесійны парашковы 3D-прынтэр па метале ShiningEPM250, які працуе на SLM-тэхналогіі, звязанай з селектыўным спяканнем металічнага парашка лазернага прамяня.

Такім чынам, саюзны праект не толькі дапамог адкрыць новыя адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі інжынераў для прадпрыемстваў Расіі і Беларусі, але і дазволіў сфарміраваць выдатную навукова-тэхнічную базу для стварэння перспектыўных навукова-даследчых напрамкаў дзейнасці ўніверсітэта. Корпус, дзе сёння размяшчаецца 30 лабараторый, паступова становіцца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак і ўкаранення іх у вытворчасць.

«Мэта сённяшняга візіту–паглядзець, як рэалізуецца праграма Саюзнай дзяржавы па ўмацаванні адукацыйнай базы ВНУ, – адзначыла ў гутарцы з журналістамі Марыяна Шчоткіна. – Сродкі, накіраваныя па праекце, значныя. Таму хочацца пачуць аб перспектывах выкарыстання гэтай базы».

Кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы падкрэсліла, што Беларуска-Расійскі ўніверсітэт – добры прыклад адзінай навукова-тэхналагічнай і адукацыйнай прасторы дзвюх краін. Тут вучыцца больш за 5 тыс.студэнтаў. Дзясятая частка – па адукацыйных стандартах РФ. У ВНУ рыхтуюць спецыялістаў у галіне машынабудавання, аўтамабілебудавання, будаўніцтва, энергетыкі, мехатронікі, робататэхнікі, для IT-сферы, будаўніцтва АЭС, па абслугоўванні электрамабіляў. Палова выкладчыцкага складу мае вучоныя ступені або званні. Універсітэт заключыў больш за 50 пагадненняў з арганізацыямі і ВНУ Расіі, што прадугледжвае сеткавую адукацыю. Тут на пастаяннай аснове праводзяцца сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, адкрыты міжнародны Беларуска-Расійскі цэнтр міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры.

«Лабараторыі, абсталяванне і праграмнае забеспячэнне адкрываюць вялізныя магчымасці, – адзначыла Марыяна Шчоткіна. –Маладыя людзі, якія паступаюць сюды, павінны атрымаць выдатную адукацыю. І тут ужо нельга будзе ківаць на недахоп фінансаў. ВНУ абавязана стаць цэнтрам навуковай думкі. Выдатна, што тут заўважаецца практычная накіраванасць».

Марыяна Шчоткіна дадала, што Саюзная дзяржава – гэта не словы і лозунгі, а канкрэтныя справы. «Мы ўкладваем сродкі ў рэальныя праекты–сумесныя ВНУ, прадпрыемствы, прадукцыю. Гэта галоўная мэта, якая будзе садзейнічаць прасоўванню эканомікі, развіццю грамадства, і, у канчатковым выніку, павышэнню якасці жыцця людзей», – канстатавала яна.

Падчас візіту адбылася сустрэча кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы з прадстаўнікамі рэктарата Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і студэнцкай моладдзю ВНУ. Хлопцы і дзяўчаты змаглі задаць госці пытанні.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая