RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Масавая вакцынацыя супраць грыпу стартавала ў Беларусі

У Беларусі сёння стартавала масавая вакцынацыя супраць грыпу, як паведаміла начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

«У гэтым годзе вакцынацыя пачынаецца крыху раней. Звычайна мы пачынаем з 1 кастрычніка. Гэта абумоўлена цыркуляцыяй у гэтым годзе каранавіруснай інфекцыі. Для таго каб забяспечыць больш лёгкае цячэнне вірусных інфекцый, вырашылі пачаць вакцынацыю крыху раней. У ліку іншага гэта звязана з прагнозамі надвор’я. Лепш цяпер зрабіць, пакуль няма дастаткова халоднага надвор’я, і для таго, каб да масавага ўздыму захворвання на ВРВІ паспеў выпрацавацца імунітэт», – адзначыла Іна Карабан.

Для вакцынацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў закуплена вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол Плюс». «Мы ёй карыстаемся на працягу многіх гадоў. Яна зарэкамендавала сябе як досыць эфектыўная вакцына, якая добра пераносіцца дарослымі і дзецьмі. Для аказання платных паслуг будуць закуплены вакцыны «Ваксігрып Тэтра», «Ультрыкс», «Інфлювак». Усе вакцыны пры паступленні ў краіну праходзяць кантроль бяспекі і якасці», – заўважыла начальнік аддзела.

Іна Карабан падкрэсліла, што ў 2019 годзе вакцынацыя дазволіла прадухіліць больш за 140 тыс. выпадкаў захворванняў на грып, у тым ліку каля 17 тыс. – ва ўскладненай форме. «Эфектыўнасць вакцынацыі дастаткова высокая, і людзі павінны разумець, што гэты сезон у нас асаблівы. Таму мы заклікаем усіх вакцынавацца. Мой прыклад: я ўжо больш за 10 гадоў вакцынуюся кожны год, і лабараторна пацверджанага грыпу ў мяне не было. Калі і былі прыкметы ВРВІ, то яны працякалі ў дастаткова лёгкай форме і хутка праходзілі», – дадала яна.

Як і ў мінулыя гады, плануецца вакцынаваць не менш за 40% насельніцтва Беларусі. «Асаблівая ўвага: асобам, старэйшым за 65 гадоў, якія маюць хранічную паталогію, непажадана ў гэтым годзе адмаўляцца ад вакцынацыі. Паколькі напластаванне захворвання на грып і каранавірус можа вельмі негатыўна адбіцца на стане іх здароўя», – дадала начальнік аддзела.

Як патлумачыла загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе і іншых вострых рэспіраторных захворваннях Наталля Шмялёва, склад вакцыны штогод карэктуецца ў залежнасці ад антыгенных уласцівасцяў вірусаў, якія цыркулявалі. «Характэрнай асаблівасцю вірусаў грыпу з’яўляецца тое, што яны схільныя да актыўнай мутацыі. Вакцына, якая будзе прымяняцца ў гэтым сезоне, ужо з абноўленым антыгенным складам па ўсіх трох кампанентах. Таму, калі нам задаюць пытанне: «Ці варта мне прышчапляцца ў гэтым годзе, калі я прышчапляўся ў мінулым?» – то адназначна варта, паколькі новая вакцына забяспечыць больш поўную абарону», – склала яна.

 

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая