RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мастацтва сучасных шапавалаў: як у Дрыбінскім раёне захоўваюць рамяство продкаў

Слава аб дрыбінскіх шапавалах грымела некалькі стагоддзяў таму па ўсёй акрузе. Тады зробленыя імі валёнкі насілі нават за мяжой, аж да Амерыкі. І ў сучасным свеце, пры вялізных магчымасцях і выбары, валёнкі працягваюць быць папулярнымі, а дрыбінскіх майстроў ведаюць і ў Аўстраліі. Калектыў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея вось ужо шмат гадоў не толькі аб'яднаў вакол сябе патомных шапавалаў, але і працягвае развіваць дзіўны народны промысел. А напярэдадні Новага года супрацоўнікі музея сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за вялікі ўклад у развіццё народнай мастацкай творчасці, адраджэнне традыцый шапавальства.

Шапавальства на Дрыбіншчыне - гэта візітная картка раёна. Тут складана знайсці чалавека, які б не назваў вам хаця б аднаго майстра-шапавала. І як расказала дырэктар Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Жанна Клімава, асноўная задача калектыву музея - не проста захаваць гісторыю шапавальства, але і расказваць аб гэтай традыцыі. «Да нас прыязджае шмат гасцей з усёй Беларусі, Расіі і блізкага замежжа. Мы актыўныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх святаў. Людзі заўважаюць нашых майстроў, а потым прыязджаюць да нас, каб пабольш даведацца пра рамяство нашых продкаў. І выдатна, што гэта цікава не толькі дарослым, але і моладзі, дзецям, - расказала яна. - Шапавальства ўнесена ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі. А на нас ляжыць важная місія данесці гэтую гісторыю, традыцыі, захаваць для наступных пакаленняў».

У раённым музеі шапавальству прысвечана цэлая зала. Тут можна знайсці прыстасаванні, якімі карысталіся нашы продкі пры вырабе вырабаў з поўсці: валёнак і шапак-магерак. Калодкі, спецыяльныя нажніцы, правідлы - усё гэта перадавалі ў музей мясцовыя жыхары. Другая частка залы расказвае пра сучаснае шапавальства: тут ёсць выстава гатовых вырабаў, фота сучасных шапавалаў. Разглядаючы фатаграфіі, дзівішся, што многія да гэтага часу займаюцца шапавальствам цэлымі сем'ямі. «Усе яны патомныя майстры. Шапавальства было распаўсюджана не толькі на Дрыбіншчыне, але і ў іншых абласцях. У кожнай мясцовасці ёсць свае асаблівасці. Майстры захоўваюць іх у сакрэце, а ў нас нават прыдумалі сваю мову - Катрушніцкі лемезень. «Ён налічваў 915 слоў. І патрэбен быў для таго, каб падрабязнасці працэсу стварэння валёнак трымаць у сакрэце ад іншых майстроў. Сама мова перадавалася ў сем'ях разам з рамяством пад строгім сакрэтам. Валёнкі нашых майстроў заўсёды адрозніваліся прыгажосцю і трываласцю», - сказала Жанна Клімава.

Адным з майстроў-шапавалаў з'яўляецца ўдзельнік народнага аматарскага калектыву «Шапавал» Уладзімір Асіпоўскі. Сваё ўменне і майстэрства шапавальнай справы ён пераняў ад маці. «Я родам з Віцебскай вобласці. Жылі вялікай сям'ёй у вёсцы Саўчанкі. Пачалі трымаць авечак. Бацькі працавалі, а авечкі прыносілі нам мяса, поўсць. Гэта дапамагала выжываць, - успамінае майстар. - Аднойчы да нас у вёску прыехаў шапавал Еўдакім Ягоравіч Агароднікаў. Шапавалам для працы трэба крыху: прыстасаванні і поўсць. Як гаворыцца, дзе шапавал стаў - тамака яго і табар. Мая мама хацела навучыцца гэтаму рамяству і стала паўтараць тое, што рабіў Еўдакім Ягоравіч. Ён не хацеў навучаць маці, казаў, што не жаночая гэта справа, праца цяжкая. Але мама была вельмі мэтанакіраванай і не баялася цяжкасцяў. Пачала вучыцца, руку набіваць. А я малы зусім быў, нічога толкам не разумеў. Нечым дапамагаў, нешта падносіў, але тады мяне шапавальства зусім не зацікавіла».  

Пасля школы Уладзімір Станіслававіч пайшоў вучыцца на аўтаслесара ў віцебскае вучылішча. Потым была армія. І пакуль малады чалавек служыў, яго сям'я перабралася ў вёску Пакуцце Дрыбінскага раёна. «Прыйшоў са службы, уладкаваўся на працу. Мама тады працягвала валёнкі рабіць. А я неяк скраў у яе паўкіло поўсці, вырашыў таксама паспрабаваць - смяецца майстар. - Нешта нават зрабіў. Калі маці ўбачыла мой шэдэўр, сказала, што я малайчына, але вось рукі-то мне адбіць трэба. Стаў пакрысе ў яе вучыцца. Потым ужо разам працавалі».

Тады гэта было захапленне, а зараз шапавальста стала пакліканнем. «Маці не стала некалькі гадоў таму. А я вось працягваю сямейную традыцыю. Атрымліваецца, я патомны шапавал, - адзначае майстар. - Якасныя і прыгожыя валёнкі - гэта сапраўднае мастацтва, толькі цяжкае і карпатлівае. Тут і сіла патрэбная, і вытрымка. Але я люблю сваю справу. Гэта дапамагае захаваць мне сувязь з маімі каранямі, продкамі. Гэта дапамагае захаваць нашу гісторыю і традыцыі. А яшчэ мы дорым людзям цеплыню. Бо якім бы ні быў прагрэс, пакуль ёсць зіма і маразы - валёнкі заўсёды будуць актуальныя».

Працэс стварэння валёнак зусім не адрозніваецца ад таго, што быў стагоддзі таму. Усё робіцца ўручную і некалькі дзён. «Для якасных валёнак патрэбная добрая сыравіна – авечая поўсць. Лепш за ўсё для гэтага падыходзіць поўсць авечак раманаўскай пароды і абавязкова восеньскай стрыжкі, - раскрывае некаторыя таямніцы працэсу Уладзімір Осіпоўскі. - А яшчэ прыгажосць выраба залежыць ад калодкі. Дарэчы, на яе выраб можа спатрэбіцца не адзін месяц. Адсюль і кошт гатовага вырабу».

У музеі часта праходзяць майстар-класы па вырабе валёнак. Уладзімір Станіслававіч паказвае гасцям складаны, але цікавы працэс. «У звычайным жыцці такое рэдка можна ўбачыць. Людзям цікава, яны з радасцю ўдзельнічаюць у працэсе. І нават дзеці. Гэта сведчыць аб тым, што наша гісторыя і традыцыі будуць жыць», - падкрэсліў ён.

У Дрыбінскім музеі ўпэўнены, што захаванне традыцый - адна з найважнейшых задач калектыву. Але яшчэ важна знаходзіць новыя формы працы. Адным з такіх напрамкаў стала стварэнне пры музеі ўзорнага дзіцячага аматарскага аб'яднання «Катрушнік», дзе дзеці рознага ўзросту вучацца валянню з воўны.

Два гады ім кіруе Вольга Красніцкая. «Чаго мы з дзецьмі толькі не робім! Гэта і розныя кветкі, цацкі, упрыгожванні. Хлопцы з вялікім задавальненнем прыходзяць на заняткі, - расказала яна. - Сама я вяжу і гафтую, а валянню з воўны навучылася два гады таму. Працэс для творчага чалавека нескладаны, было б жаданне. Спачатку вучыла дзяцей, вучылася і нечаму новаму разам з імі. Працэс стварэння выраба з воўны вельмі захапляе. Гэта і развіццё дробнай маторыкі, і свайго роду медытацыя. І нават весялосць - нашы заняткі заўсёды праходзяць з песнямі, жартамі, гісторыямі. Дзецям вельмі падабаецца».

Як падкрэсліла дырэктар музея, прысуджэнне высокай узнагароды калектыву ўстановы культуры стала прыемнай нечаканасцю. «Гэта сведчыць аб тым, што нашу працу не проста заўважылі, але і адзначылі на самым высокім узроўні. І ў гэтай узнагародзе заслуга кожнага чалавека, які працуе з намі, - упэўнена Жанна Клімава. - Вядома, мы не будзем спыняцца на дасягнутым. Таму што на нас ляжыць зараз яшчэ большая адказнасць за захаванне і папулярызацыю нашых традыцый і гісторыі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая