Камбайн не падводзіць старанных
Хлебаробы Магілёўшчыны за выхадныя дні прыклалі максімум намаганняў, каб паскорыць тэмпы жніва, якія стрымлівала непагадзь. І гэта ім удалося. За тры дні колькасць абмалочаных плошчаў збожжавых і зернебабовых павялічылася з 17 да 23 працэнтаў, рапсу — з 60 да 75. Цяпер сельгаспрадпрыемствы ўбіраюць як азімыя, так і яравыя культуры.
Па тэмпах жніва лідзіруе Кіраўскі раён, дзе ўжо ўбрана 38 працэнтаў плошчаў, у Глускім, Клічаўскім і Чэрыкаўскім - па 30. Самая высокая ўраджайнасць у Шклоўскім раёне - 47 цэнтнераў з гектара, у Кіраўскім - 44, у Горацкім - 43, у Магілёў.
У Клічаўскім раёне лепшыя вынікі на ўборачнай традыцыйна паказвае УКСП «Саўгас «Добраахвотнік». Ураджайнасць тут 38 цэнтнераў з гектара. Ужо абмалацілі азімы ячмень на плошчы 600 гектараў, зараз убіраюць рапс, днямі пачнуць азімую трыцікалу, якая ў сельгаспрадпрыемстве пасеяна на плошчы 1600 гектараў.
Загадчыца сектара раслінаводства Клічаўскага райсельгасхарчу Зоя Доўгая адзначыла:
- Механізатары ўсіх сямі гаспадарак раёна працуюць, не лічачыся з часам. Нягледзячы на тое, што ў «Добраахвотніку» сабрана на раніцу панядзелка 27 працэнтаў плошчаў супраць 30 па раёне ў сярэднім, гэтая гаспадарка — безумоўны лідэр жніва. Тут збожжавыя займаюць самыя шырокія пляцы. Па раёне імі засеяна амаль 6,6 тысячы гектараў, траціна з якіх - у «Добраахвотніку».
У Касцюковіцкім раёне ўбрана больш за 3 тысячы гектараў збожжавых. Як і ў папярэднія гады, у лідэрах жніва філіял нумар 1 «Цэмагра» ААТ «Беларускі цэментны завод».
І вядома, спаборнічаюць за званне лепшых на жніве не толькі раёны і гаспадаркі, але і галоўныя героі ўборачнай - механізатары і вадзіцелі. На мінулым тыдні ўшаноўвалі першых тысячнікаў у Магілёўскім раёне. У Слаўгарадскім раёне вадзіцель Дзмітрый Скарабагаты з ААТ «Прывольны агра» першым перавёз 1000 тон збожжавых і рапсу.
У Горацкім раёне таксама ёсць тыя, на каго раўняюцца ўсе. Тут тры тысячнікі. Адзін з іх - Ігар Чэрапаў з ААТ «Горацкае», для якога гэта восьмае жніво ў гаспадарцы. У лепшыя дні, калі дазваляла надвор'е, ён намалочваў да 160 тон збожжа.
Вопытны камбайнер Аляксандр Стральцоў з ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка» - адзін з лідэраў жніва ўжо трэці год. Галоўны сакрэт яго поспеху - працавітасць і старанная падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай, таму ў самыя адказныя моманты камбайн не падводзіць.
Яшчэ адзін камбайнэр-тысячнік Аляксандар Якушаў працуе ў РУП «Учгас БДСГА». Чалавек у раёне вядомы і паважаны, для яго гэта 17-е жніво.
Перадавыя механізатары раёна лічаць, што іх высокія намалоты - толькі пачатак. Нягледзячы на капрызы надвор'я, дажджлівае лета, збожжа сёлета выдалася шляхетным, так што будуць яшчэ ў раёне і двух-, і трохтысячнікі.
Загадчыца сектара раслінаводства Горацкага райсельгасхарчу Вольга Клопатава расказала, як у цэлым праходзіць жніво па раёне:
- Цалкам прыбралі азімы ячмень, ураджайнасць якога сёлета высокая - 45,1 цэнтнера з гектара. Цяпер сельгаспрадпрыемствы абмалочваюць тое, што ў каго паспела: азімыя пшаніцу, трыцікале і рапс, яравыя авёс і ячмень. Па тэмпах уборкі лідзіруе ААТ «Горацкае», дзе ўбрана 30 працэнтаў плошчаў без уліку рапсу. У гэтага сельгаспрадпрыемства і ўраджайнасць высокая - 45,7 цэнтнера з гектара, а лепшая - у ААТ «Маслакі», 46,5.
Нароўні з аграрыямі-прафесіяналамі працуюць на палях Магілёўскай вобласці і добраахвотныя памочнікі, якія перасялі на час уборачнай за штурвалы камбайнаў. Гэта працаўнікі МНС, міліцыі, прамысловых прадпрыемстваў. Бо галоўная задача - прыбраць ураджай своечасова і без страт.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
05.08.2025 - 09:39
04.08.2025 - 15:35
«Заўсёды гатовы падставіць плячо». Ваеннаслужачыя дапамагаюць убіраць ураджай у Мсціслаўскім раёне
01.08.2025 - 15:46
Акунуцца ў Сярэднявечча: Мсціслаў запрашае на «Рыцарскі фэст»
31.07.2025 - 09:55
28.07.2025 - 11:34
У Быхаўскім раёне прайшоў XIV Музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка»