RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Майстар-клас і канькі ў падарунак. Хакеісты каманды Прэзідэнта наведалі дзіцячы дом у Бабруйску

«Калядная традыцыя» - самы кранальны праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, старт якому быў дадзены ў 2013 годзе. І сёння члены Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і хакеісты каманды Прэзідэнта Беларусі наведалі з падарункамі дзіцячы дом у Бабруйску.

Як расказала дырэктар дзіцячага дома ў Бабруйску Марына Шарко, ва ўстанове выхоўваюцца 40 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 13 гадоў. «Дзеткі рыхтавалі творчыя падарункі для хакеістаў. Яны сваімі рукамі рабілі пано з фаамірана, якія будуць дарыць сёння. Трэба сказаць, што дзеці хваляваліся. Вядома, яны ходзяць у лядовы палац, але перад сустрэчай з прафесійнымі спартсменамі ўсё роўна перажывалі. Чамусьці ўсе яны раптам выказалі жаданне быць хакеістамі, хаця да гэтага хацелі стаць фігурыстамі», - з усмешкай заўважыла Марына Шарко.

Спачатку дзеці з дзіцячага дома прыехалі ў лядовы палац Бабруйска, дзе і сустрэліся з хакеістамі з каманды Прэзідэнта Беларусі. Спартсмены пабывалі ў дзіцячай раздзявальні, дзе дапамаглі хлопчыкам і дзяўчынкам надзець канькі, і пагутарылі з імі перад выхадам на лёд. Многія дзеці расказвалі, што на каньках катаюцца ўжо не першы раз.

Спартсмены з хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі правялі для дзяцей сапраўдны майстар-клас па катанні на каньках і ўменні абыходзіцца з клюшкай. Калі ў дзяцей нешта не атрымлівалася, прафесійныя хакеісты падтрымлівалі іх і тлумачылі, як правільна катацца на каньках, трымаць клюшку і трапна забіваць шайбу ў вароты. Зразумела, не абышлося і без падарункаў, але нават іх уручэнне было даволі незвычайным. Пакетыкі з імі былі расстаўлены ў варотах і хлопчыкі і дзяўчынкі павінны былі патрапіць па іх шайбай. Пасля ўдалага траплення запаветны падарунак уручаўся дзіцяці. Трэба сказаць, што з гэтай задачай дзеці здолелі без цяжкасці.

Даволі нядрэнныя навыкі рабят па катанні на каньках і гульні ў хакей адзначыў і варатар хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі Сцяпан Гарачэўскіх. «Бачна, што дзеці атрымлівалі ад гэтага непадробнае задавальненне. Дзеці нядрэнна трымаюцца на каньках, некаторыя нават навучыліся катацца спіной», - адзначыў Сцяпан Гарачэўскіх.

Генеральны сакратар Федэрацыі хакея Беларусі, абаронца хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Башко таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад майстар-класа і выказаў упэўненасць, што ён атрымаўся ўдалым. «Імкненні дзяцей, якія яны тут прадэманстравалі, трэба ўсяляк падтрымліваць. Наогул на сэрцы вельмі цёпла, душа цешыцца. Удзел у акцыях Прэзідэнцкага спартыўнага клуба напярэдадні Калядаў зараджае энергіяй і дазваляе адкрываць для сябе нешта новае. Мы такія мерапрыемствы заўсёды ўспрымаем з цеплынёй і адгукаемся на іх», - сказаў Андрэй Башко.

Форвард каманды Прэзідэнта Беларусі Андрэй Касціцын расказаў, што ўражанні ад сустрэчы з дзецьмі самыя станоўчыя. «Выдатна, што дзеткам усё спадабалася. Для іх былі прыдуманы конкурсы, а яшчэ яны спаборнічалі паміж сабой. У дзяцей быў такі настрой, нібыта сёння Новы год. Казалі, што яны доўга чакалі нас. І я думаю, што эмоцыі ў іх засталіся самыя станоўчыя», - лічыць Андрэй Касціцын.

Вярнуўшыся ў дзіцячы дом, хлопчыкі і дзяучынкі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Яны наперабой расказвалі, як ім спадабалася ў лядовым палацы. Дзецям падарылі канькі і цацкі, ад чаго яны засталіся ў захапленні. Па словах хлопчыкаў і дзяўчынак, некаторыя з іх сочаць за хакеем, таму яны пазналі асобных спартсменаў. «Мы каталіся спіной, выконвалі практыкаванне «змейка». А яшчэ білі па варотах. Было вельмі цікава, крута і весела», - падзяліліся сваімі радаснымі эмоцыямі дзеці.

На гэтым сюрпрызы для дзяцей не скончыліся. Прама на тэрыторыі дзіцячага дома для іх арганізавалі кантактны заапарк з трусамі, пасля чаго дзеці пабывалі на святочным тэатралізаваным паказе. Рабятам таксама падарылі батуты, веласіпеды і самакаты.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая