RU BY EN 中文
Twitter Instagram

МДУ імя А. А. Куляшова стаў платформай для абмеркавання пытанняў канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова стаў сёння адкрытай рэгіянальнай платформай для абмеркавання пытанняў канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва. Тут сабраліся эксперты з Магілёва і Бабруйска–прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, выкладчыцкі склад ВНУ, юрысты, палітолагі, эканамісты, дзяржаўныя кіраўнікі, як перадае карэспандэнт сайта.

Як расказаў рэктар МДУ імя А. А. Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс Дук, тэма неабходнасці рэфармавання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмяркоўваецца ў навучальнай установе не ўпершыню. Напярэдадні прайшлі палілогі з удзелам прадстаўнікоў юстыцыі, судовай сістэмы, пракурорскага корпуса, навукоўцаў універсітэтаў вобласці. Акрамя таго, на працягу 10 дзён працавала спецыяльная платформа, дзе жыхары рэгіёна, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый маглі пакідаць канкрэтныя прапановы адносна пытанняў, якія тычацца асноў канстытуцыйнага ладу Беларусі, дзяржаўнага будаўніцтва, механізмаў пераразмеркавання ўладных паўнамоцтваў, перагляду выбарчай сістэмы, статусу і ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Актуальнымі сталі тэмы ўвядзення інстытута амбудсмена і мараторыя на смяротнае пакаранне.

Што тычыцца апошняй, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Маймусаў настойваў, што вырашаць такое пытанне трэба менавіта праз Канстытуцыю краіны, не выносячы на рэферэндум. «На сённяшні момант ёсць заключэнне Канстытуцыйнага суда аб тым, што пытанне аб смяротным пакаранні мае права вырашаць Прэзідэнт або Парламент. Таму прапануем на сучасным этапе абвясціць мараторый на прымяненне смяротнага пакарання, таму што наша дзяржава адзіная з краін СНД і Еўропы, якая яго ўжывае. Статыстыка паказвае: за апошняе дзесяцігоддзе ў сярэднім за год да пазбаўлення жыцця такім метадам асуджаецца ад 2 да 9 чалавек. Мы прапануем далучыцца да пратакола Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць дзяржава ў аднабаковым парадку бярэ на сябе абавязацельства аб непрымяненні смяротнага пакарання. Гэта, па-першае, гуманнае стаўленне да насельніцтва, бо ў нас у Канстытуцыі гарантавана права на жыццё, а па-другое, павышэнне іміджу краіны на міжнароднай арэне».

Цяперашняя дыскусія праходзіла ў больш пашыраным, чым раней, фармаце. Было выдзелена 7 асноўных тэзісных напрамкаў. Гэта ключавыя моманты, якія ўжо прапрацавалі эксперты з улікам прапаноў жыхароў Магілёўскай вобласці. Але, нягледзячы на дэталёвы папярэдні іх разгляд, агучаныя змены ў праект Канстытуцыі выклікалі актыўнае абмеркаванне і супрацьстаянне.

    

Кандыдат палітычных навук, дацэнт, дэкан факультэта эканомікі і права МДУ імя А. А. Куляшова Дзмітрый Рагоўцоў звярнуў увагу, што любы дыялог лепшы, чым адсутнасць камунікацый паміж рознымі суб’ектамі і каналамі палітычных адносін. І такія абмеркаванні дазваляюць у будучыні дзяржаўным органам пры прыняцці важных кіраўніцкіх рашэнняў зыходзіць з рэальнай аб’ектыўнай абстаноўкі.

«Напрыклад, я ўносіў прапановы аб трансфармацыі нашай выбарчай сістэмы пры правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У якасці альтэрнатывы прапаную змешаную выбарчую сістэму. Акрамя таго, патрабуе ўдасканалення функцыянаванне кантрольна-наглядных органаў, каб садзейнічаць лібералізацыі эканамічнай актыўнасці і разняволеннюпрадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян Беларусі. Не менш важнымі з’яўляюцца пытанні, якія тычацца ўзмацнення ролі палітычных партый і грамадскіх арганізацый у жыцці нашай краіны. Спадзяюся, што канструктыўныя дадаткі знойдуць падтрымку і будуць рэалізаваны ў будучым праекце Канстытуцыі, якая будзе гарантаваць у далейшым існаванне суверэннай, незалежнай беларускай дзяржавы», – канстатаваў Дзмітрый Рагаўцоў.

На думку прарэктара па выхаваўчай рабоце МДУ імя А. А. Куляшова Уладзіміра Ясева, пытанне ўнясення змяненняў у Канстытуцыю наспела некалькі раней, чым пачалася актыўная праца па карэктаванні галоўнага закона краіны. «І ўсё ж мы цалкам маглі б яшчэ пражыць некалькі гадоў і ў больш спакойным рытме працаваць над гэтымі зменамі, – адзначыў ён. – Але нас настойліва падштурхоўвае да пераўтварэнняў у цэлым сітуацыя ў свеце, глабальны працэс, які вядзе да інфарматызацыі грамадства, звязаныя з гэтым перспектывы і праблемы. Яны таксама павінны быць прадугледжаны ў новым варыянце Канстытуцыі, каб закон быў рэальным, разлічаным наперад, дзейнічаў не год, а доўгі час».

Так, збор і апрацоўку персанальных даных сёння ажыццяўляе вялікая колькасць розных суб’ектаў, уключаючы дзяржаўныя органы і арганізацыі, органы мясцовага самакіравання, недзяржаўныя арганізацыі. Выразны ж, адзіны парадак збору, апрацоўкі, распаўсюджвання, прадастаўлення персанальных даных не вызначаны. Як няма ў Беларусі і незалежнага экспертнага органа па абароне персанальных даных. Таму Уладзімір Ясеў выказаўся за неабходнасць ўнясення ў Канстытуцыю краіны артыкула, які гарантуе абарону персанальных даных ад шматлікіх пагроз. 

Таксама прарэктар выказаў меркаванне аб тым, што змены сёння трэба ўносіць ва ўсе раздзелы Канстытуцыі. «Калі мы гаворым пра новую рэдакцыю як пра перспектыву стратэгічнай, якая вызначае развіццё грамадства ў палітычным, сацыяльным і эканамічным сэнсе, то важнымі з’яўляюцца моманты ўрэгулявання праблемы прынцыпу падзелу ўладаў, вызначэння паўнамоцтваў мясцовых органаў улады і самакіравання, забеспячэння правоў і свабод грамадзян ва ўвязцы з іх абавязкамі», – падкрэсліў ён. 

У працяг тэмы актуальнымі можна лічыць прапановы, агучаныя выкладчыкам кафедры юрыспрудэнцыі МДУ імя А. А. Куляшова Таццянай Кузьмянковай. Паводле яе слоў, дарэчы замацаваць захаванне каштоўнасных арыенціраў беларускага народа–духоўных, культурных, дзяржаўных – у якасці адной з мэтаў дзейнасці дзяржавы ў раздзеле 1 «Асновы канстытуцыйнага ладу». Пры гэтым сярод стратэгічна значных напрамкаў далейшага развіцця дзяржавы трэба вылучыць удасканаленне ўмоў, якія садзейнічаюць трансфармацыі сфер эканамічнай дзейнасці пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій, уключаючы фарміраванне лічбавай эканомікі, развіццё інфармацыйнага грамадства і электроннага ўрада. Таму дадзеныя абставіны так ці інакш павінны трапіць пад дзеянне Канстытуцыі. А значыць, частку 1 артыкула асноўнага закона краіны можна выкласці ў наступнай рэдакцыі: «Рэспубліка Беларусь – унітарная, дэмакратычная, сацыяльная, прававая і інфармацыйная дзяржава».

Падчас дыскусіі нямала гаварылі аб неабходнасці ўдасканалення структуры асноўнага закона, рознага роду сацыяльных гарантый, зменах у патрабаваннях да кандыдатаў сенатараў. Агучваліся і прапановы, якія паступілі ад партыі БНФ, у іх ліку абмяркоўвалася пытанне надання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.  

«Варта мець на ўвазе, што Канстытуцыя павінна адлюстроўваць пэўны этап развіцця грамадства, абараняць самыя ключавыя і значныя інтарэсы грамадзян, – адзначыла Таццяна Кузьмянкова. – Асноўны закон краіны на гэтым этапе цалкам адлюстроўвае інтарэсы грамадства і ніякім чынам не змяншае значнасць беларускай мовы. Наданне такога статусу толькі адной мове якраз і можа выклікаць рэзкія супярэчнасці ў грамадстве».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая