RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Медуніца” і «Марыйка» на клімавіцкай сцэне

На Магілёўшчыне пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта і грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» рэалізуецца патрыятычны праект «Песня роднай зямлі». Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў паказваюць спектакль па паэмах Аляксандра Казекі «Медуніца» і «Марыйка». Аляксандр Мікалаевіч – старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Імпрэза жыцця над смерцю, дабра над злом і перамога кахання на прыкладзе ўзаемаадносін сіл прыроды леглі ў аснову першай часткі пастаноўкі.

Другая частка прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Перамога над ворагам была дасягнута цаной неймаверных страт. Адной з формаў генацыду беларускага народа стала знішчэнне вёсак, часта разам з жыхарамі.

15 чэрвеня 1942 года трагедыя разгулялася ў Борках. Фашысты знішчылі больш за 2 тысячы вяскоўцаў. Галоўная гераіня твора – маці пісьменніка, якая раніцай 15 чэрвеня 1942 года ішла з Юдзіна ў Боркі да сястры, брата і двух пляменнікаў. Марыі тады было 16 год. На падыходзе да населенага пункта дзяўчыну спыніў немец і далей яе не пусціў. Цудам засталася жывая. Пазней яна даведалася, што ў Борках у той дзень карнікі спалілі жывымі больш за 2 тысячы чалавек. Каму ўдалося выратавацца – жылі ў лясах, на балотах да самага вызвалення.

Пасля вайны Марыя выйшла замуж і нарадзіла пяцярых дзяцей. У гонар загінулых сястры і брата жанчына назвала сына і дачку.

Сама паэма – гэта і рэквіем аб загінулых, і ода сіле чалавечага духу, стойкасці і нязломнасці, веры ў перамогу, веры ў справядлівасць.

На сцэне раённага цэнтра культуры 7 красавіка выступілі навучэнцы каледжа мастацтваў (яны ж – акцёры тэатра-студыі «Отражение»). Так клімаўчане змаглі далучыцца да названага вышэй праекту. Спектакль, безумоўна, запомніўся гледачу. Гэта сведчыць аб таленце аўтара паэм і арганізатараў пастаноўкі. Рэжысёрам спектакля з’яўляецца Алена Ярашук, харэографамі-пастаноўшчыкамі – Таццяна Тучкова, Аліна Клімянкова, гукарэжысёрам паказу выступае Андрэй Залатухін.

Перад пачаткам пастаноўкі Аляксандр Казека звярнуўся да залы з пытаннем: «Што для кожнага значыць слова «Радзіма»? Асабіста для яго Радзіма пачынаецца з таго месца, дзе ён нарадзіўся, з ягоных бацькоў. І далей, з гадамі, значэнне гэтага слова пашыраецца. Не бывае Радзімы без патрыётаў і патрыятызму. А дзе іх узяць? Выхоўваць. А як? На прыкладах гераічнага і трагічнага мінулага. Пра самую крывавую вайну ў гісторыі нашага народа Аляксандр Мікалаевіч ведае не па чутках, і свае веды ён хоча данесці да моладзі.

Не менш важным для многіх з нас застаецца пытанне: «А што ты зрабіў для сваёй сям’і, сваёй краіны, каб усе жылі ў міры, каб жылі лепш?»

На думку старшыні раённага камітэта ГА «БРСМ» Алесі Котавай, эстафету жыцця, эстафету стварэння далей несці моладзі. Яе маладое пакаленне прыняло з рук бацькоў, а тыя ў сваю чаргу працягнулі слаўныя традыцыі дзядоў. Менавіта пераемнасць пакаленняў забяспечвае ўстойлівае развіццё любой краіны. Трэба ганарыцца сваім мінулым, шанаваць подзвігі ветэранаў і выхоўваць сапраўдных патрыётаў Беларусі.

Сама пастаноўка доўжыцца менш за гадзіну, і ты перажываеш усе падзеі і эмоцыі герояў разам з імі, пры гэтым забываючыся пра час. Спектакль глядзіцца на адным дыханні. У многіх гледачоў на вачах былі слёзы. Акцёрам апладзіравалі стоячы.

Са словамі падзякі на адрас гасцей звярнулася намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Наталля Глушакова.

– Усіх беларусаў аб’ядноўвае агульная гісторыя. Гора і трагедыя Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі, практычна, у кожны дом, – адзначыла Наталля Яўгенаўна. – Лёс Хатыні і Борак напаткаў і вёску Карпачы ў нашым раёне. Фашысты знішчылі 63 мірныя жыхары. А сам населены пункт так і не аднавіўся. Мы шануем памяць усіх, хто загінуў, мы памятаем іх у імя будучыні.

Пасля спектакля журналісту раённай газеты ўдалося паразмаўляць з яго стваральнікамі і гледачамі.

Таццяна Тучкова і Алена Ярашук.

– Тэатр-студыя аб’ядноўвае таленавітых юнакоў, якія ў вольны ад вучобы час прыходзяць на рэпетыцыі, каб выказаць усе свае пачуцці і эмоцыі і данесці іх да гледача, – расказвае Алена Ярашук. – У пастаноўцы занятыя 22 навучэнцы нашага каледжа. Для некалькіх артыстаў сённяшняе выступленне стала прэм’ерным. На жаль, сёй-той з акцёраў прыхварэў і прыйшлося ў кароткія тэрміны шукаць ім замену. Мы рады, што наша выступленне спадабалася клімаўчанам. Прыемна бачыць, калі ў вачах гледача чытаецца дачыненне да таго, што адбываецца на сцэне.

А вось што гавораць самі акцёры-пачаткоўцы.

Дзмітрый Карабун, навучэнец 4 курса каледжа па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства»:

– Я ганаруся тым, што ўдзельнічаю ў гэтым праекце. Мне цікавая нашая гісторыя. Быў у Борках на экскурсіі. Боль і трагізм пранізвае да глыбіні душы. Тыя незабыўныя адчуванні дапамагаюць зноў і зноў выходзіць на сцэну і весці размову з гледачом.

Арцём Клімаўцоў, навучэнец 4 курса каледжа па спецыяльнасці «Рэжысура народных абрадаў і свят»:

– Кожны раз складана выходзіць на сцэну і перажываць зноў такія эмоцыі, калі ты разумееш, наколькі можа быць кароткае чалавечае жыццё, як чужая воля можа яго абарваць. Такія рэчы проста неабходна паказваць школьнікам, нашым равеснікам. Няма нічога даражэйшага за мір на зямлі. Сёння галоўнае, што мы адзіныя, што мы адна краіна, а значыць, у нас ёсць будучыня.

Дар’я Акуліч, Ганна Шмат і Ілона Левідчанка займаюцца на другім курсе каледжа па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства». Са зносін з дзяўчатамі я даведаўся, што для Дар’і сённяшняе выступленне стала дэбютам, з чым яе і павіншавалі сяброўкі. Ганна і Ілона другі год у праекце. Усе тры дзяўчыны – аднагрупніцы. Калі Ілона ў будучым хоча працаваць з дзецьмі, то Ганна і Дар’я плануюць служыць у тэатры. На першых рэпетыцыях, на думку пачынаючых актрыс, было складана злавіць настрой герояў і, тым больш, перадаць яго гледачу. Але па меры працы з рэжысёрам і харэографам прыйшло разуменне таго, што аўтар хацеў сказаць у сваіх творах.

Сваімі ўражаннямі аб спектаклі падзяліліся і клімаўчане.

Багдан Семчанка, вучань 10 класа раённай гімназіі:

– Мне вельмі спадабалася пастаноўка. Акцёры ігралі пранікліва. Яны змаглі перадаць увесь трагізм сітуацыі, калі фашысты жывымі спалілі тысячы мірных людзей. Гісторыю Борак нам расказвалі на ўроках. Каб вайна больш не паўтарылася, пра зверствы фашызму забываць нельга.

Лера Шашкова, вучаніца 10 класа раённай гімназіі:

– Вельмі спадабалася, што акцёры выконвалі ролі і спявалі ўжывую. Усё было дынамічна і кранала да слёз. Такія пастаноўкі трэба паказваць не толькі старшакласнікам, але і дзецям сярэдняга школьнага ўзросту.

Анастасія Арцюхова, вучаніца 10 «Б» класа СШ № 3:

– Майстэрства акцёраў выклікала вельмі яркія эмоцыі. Тэма Вялікай Айчыннай вайны абавязкова павінна адлюстроўвацца ў мастацтве, і такія пастаноўкі проста неабходна паказваць падлеткам. Адна справа – вывучаць гісторыю па падручніках, а другая – знаёміцца з мінулым, паглядзеўшы такі выдатны спектакль.

Ірына Семчанка, вучаніца 10 «А» класа СШ № 3:

– Мне спадабалася пастаноўка. Яна была на беларускай мове. Цяпер рэдка пачуеш яе на вуліцы. А тут усё так прыгожа і пранікліва. У памяці надоўга застаюцца выявы, асабліва такія яркія, якія я ўбачыла ў спектаклі. Добра, калі тэма Вялікай Айчыннай вайны цікавая моладзі. Бо са сцэны з намі размаўлялі практычна нашы равеснікі. А гэта толькі збліжае і дапамагае зразумець тое, што хацеў сказаць аўтар паэмаў.

Лізавета Іонаш, навучэнка 10 «А» класа СШ № 3:

– Глядзела на сцэну, а па целе бегалі «мурашкі». Асобныя моманты выклікалі слёзы. А гэта значыць, што думкі і перажыванні аўтара дайшлі да мяне як да гледача. Хацелася, каб у Клімавічы прывозілі больш такіх спектакляў і нас на іх запрашалі.

Гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Шмат мерапрыемстваў прысвечана гераічнаму мінуламу беларускага народа. «Песня роднай зямлі» – адзін з іх. Генацыд не мае тэрміна даўнасці. Наша краіна за гады Вялікай Айчыннай вайны страціла кожнага трэцяга жыхара. Для захавання сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, устаранення белых плям гісторыі ў мінулым годзе Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа. Святы абавязак жыхароў рэспублікі – памятаць пра тыя трагічныя падзеі, памятаць і перадаваць эстафету памяці падрастаючаму пакаленню.

rodniva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая