RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мемарыяльны комплекс Партызанскай славы «Усакіна» ў Клічаўскім раёне адкрылі пасля рэканструкцыі

У Клічаўскім раёне пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна».

«Сёння, аднаўляючы сувязь часоў, мы сабраліся на гераічнай зямлі, абагранай крывёю нашых партызан і воінаў Чырвонай Арміі, каб адкрыць рэканструяваны мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна», створаны ў 1985 годзе метадам народнай будоўлі, – сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка падчас адкрыцця комплексу, – Гэты манумент – сімвал стойкасці, мужнасці і гераізму. На плітах брацкіх магіл зафіксаваны імёны больш чым чатырох сотняў загінулых народных мсціўцаў, і праца па ўстанаўленні загінулых працягваецца».

Ён звярнуў увагу, што Клічаўскі раён нездарма называюць партызанскім краем. Літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён стаў цэнтрам партызанскага руху – 14 ліпеня тут быў створаны першы партызанскі атрад. «Усакінскія лясы на многія месяцы сталі домам для мясцовага насельніцтва, – сказаў Ігар Сяргеенка. – Фашысты вымушаны былі накіроўваць значныя сілы, каб ліквідаваць гэты магутны ачаг супраціўлення. У агні вайны згарэла больш за 60 вёсак Клічаўшчыны. Амаль цалкам быў разбураны раённы цэнтр».

На адкрыцці мемарыяла сабраліся прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, абласной і раённай улады, дэпутацкага корпуса, моладзі. Яны сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема, усклалі кветкі і вянкі да месцаў партызанскай славы, ушанаваўшы памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падзякаваў усім неабыякавым і датычным да рэканструкцыі комплексу людзям, падкрэсліўшы, што «Усакіна» – святое для кожнага месца.

«На мемарыяле партызанскай славы асабліва адчуваецца веліч і мужнасць нашых салдат і партызан, абаронцаў Айчыны, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Гэта зямля захоўвае галасы з мінулага: матчын плач, дзіцячыя крыкі і глыбокі бацькоўскі смутак. На мемарыяле не проста правялі рэканструкцыю, але і адрадзілі памяць герояў, якія, ахвяруючы сваімі жыццямі, далі адпор ворагу. У клічаўскіх лясах сіламі салдат, працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў кавалася наша агульная перамога. Падзеі тых гадоў ніколі не павінны паўтарыцца, нельга забываць аб тым падмурку, які для нас заклалі папярэднія пакаленні. Яны падарылі нам мірнае неба, магчымасць быць шчаслівымі, расці і развівацца. У гістарычнай памяці – наша сіла. І мы павінны быць адзіныя, асабліва цяпер, у гэты няпросты для нашай краіны час».

Мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Усакіна» адзіны ў рэспубліцы аб’яднаў у сабе аб’екты як манументальнага, так і папулярна-дэманстрацыйнага характару. Гэта мемарыял на месцы знішчаных вёсак Вязень і Сялец, партызанскіх могілках, дзе ў 18 брацкіх магілах пахавана больш за 500 байцоў, Маналіт у гонар знаходжання на тэрыторыі клічаўскай партызанскай зоны Магілёўскага падпольнага абкама партыі. Тут таксама размясціўся адноўлены партызанскі лагер, на базе якога праводзяцца рэканструкцыі ваенна-гістарычных падзей.

Аднаўленчыя работы на аб’екце ішлі ў некалькі этапаў. Спачатку праведзены бягучы рамонт мемарыяла, прысвечанага спаленым вёскам Вязень і Сялец і іх загінулым жыхарам. Працы ў гэтай частцы комплексу скончылі да 9 мая гэтага года. Тут адрамантавалі падмуркі, на якіх устаноўлены памятныя камяні з назвай вёсак, замянілі пакрыцці апраўлення магілы мірных жыхароў, азелянілі прылеглую тэрыторыю.

Паралельна з бягучым рамонтам ішла распрацоўка праекта мемарыяла на партызанскіх могілках – памятнае месца ва Усакіна не абнаўлялася з 1985 года – моманту свайго адкрыцця. Сёлета тут адрамантавалі сцяну памяці, замянілі асфальтавае пакрыццё, тратуарную плітку, вырабілі і ўсталявалі зорку на п’едэстале ля Вечнага агню, а таксама зрабілі рамонт яго падмурка. Запатрабаваў рамонту і падмурак пад маналіт у гонар знаходжання на тэрыторыі Клічаўскай партызанскай зоны Магілёўскага падпольнага абкама партыі. Разам з тым правялі рамонтныя і аднаўленчыя работы на аб’ектах партызанскага лагера.

У гады вайны Клічаўская партызанская зона была самай буйной у Беларусі і налічвала 18 тыс. байцоў. Раён быў цэнтрам партызанскага руху Магілёўскай вобласці. Ва ўсакінскіх лясах канцэнтраваліся ўсе кіруючыя органы рэгіёна. За высокую ацэнку ўкладу клічаўскіх партызан у справу Вялікай Перамогі Указам Прэзідэнта Клічаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Ігар Сяргеенка на адкрыцці мемарыяла партызанскай славы «Усакіна»: памяць аб мінулым – гэта сувязь з сапраўдным

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая