RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Меркаванні клімаўчан аб VI Усебеларускім народным сходзе

Ірына Асмалоўская, начальнік аддзела адукацыі Клімавіцкага райвыканкама:

– Усебеларускі народны сход – гэта пастаноўка мэтаў і задач па ўсіх сферах дзейнасці нашай дзяржавы на наступную пяцігодку.

Мне, як педагогу, асабліва блізкая тэма адукацыі. Укараненне найноўшых адукацыйных тэхналогій, удасканаленне сістэмы ўступнай кампаніі, вызваленне ад непатрэбных папяровых работ педагога, выхаванне грамадзяніна-патрыёта, прафарыентацыя, спорт і здаровы лад жыцця – вось гэтыя важныя ключавыя моманты, на якія звярнуў увагу Прэзідэнт. Акрамя гэтага, Аляксандр Рыгоравіч адзначыў важнасць класна-ўрочнай сістэмы. Безумоўна, няма нічога лепш за яе, але сённяшні дзень дае нам выпрабаванні. Таму і настаўнік, і дзеці павінны быць гатовы да дыстанцыйнай формы навучання. Важна, што кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на выхаванні грамадзяніна-патрыёта. Несумненна, задача кожнага педагога (пачынаючы ад дашкольнай адукацыі) не дапусціць, каб нашы дзеці выраслі Іванамі, якія не памятаюць сваяцтва.

Алена Тамашова, дырэктар КПК «Палошкаўскі дзіцячы сад – базавая школа Клімавіцкага раёна», дэпутат раённага Савета дэпутатаў:

– Прадстаўнічы форум, які праходзіў у Мінску 11–12 лютага, пакінуў у мяне вельмі шмат яркіх уражанняў. У мерапрыемстве з такой колькасцю людзей я брала ўдзел упершыню. Запомніліся выступленні кіраўніка дзяржавы. Моцны эмацыйны зарад пакінулі і іншыя дэлегаты. На абмеркаванне былі вынесены найважнейшыя пытанні, такія, як захаванне незалежнасці дзяржавы, міру і стабільнасці ў нашым грамадстве. Шырока абмяркоўваўся стан спраў у эканоміцы.

Змястоўным атрымалася праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на найбліжэйшыя пяць гадоў.

Мяне, як педагога, хвалявалі пытанні, звязаныя з развіццём у краіне сістэмы адукацыі. Новыя формы работы, такія, як дыстанцыйнае навучанне, у сувязі з няпростым эпідэміялагічным становішчам ўсё больш трывала ўваходзяць у наша жыцце. На прадпрыемствах і ў арганізацыях ёсць дэфіцыт рабочых спецыяльнасцей. Усё большае распаўсюджванне атрымае вылучэнне мэтавых напрамкаў для маладых людзей, каб, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, яны гарантавана вярталіся ў рэгіёны. У першую чаргу, для замацавання моладзі ў такіх невялікіх мястэчках, як нашы Клімавічы, неабходныя жыллё і годная зарплата. Памяншэнне дакументазвароту, выключэнне неўласцівых настаўнікам функцый з іх паўсядзённай працы, безумоўна, зробіць дзейнасць настаўніка больш прадуктыўнай.

На форуме гаворка ішла і аб павышэнні прэстыжу прафесіі педагога. Патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення будзе цясней займацца сям’я і школа.

Гаворачы аб развіцці рэгіёнаў, дэлегаты падкрэслівалі важнасць стварэння там камфортных умоў для жыцця, выплаты годнай заработнай платы.

У цэлым, паездка ў Мінск атрымалася вельмі запамінальнай і знакавай для мяне.

rodniva.by

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая