RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Месячнік ЗЛЖ праходзіць у Горацкім раёне

Праект «Горкі – здаровы горад» рэалізуецца ў райцэнтры з 2014 года. Адно з традыцыйных мерапрыемстваў – Тыдзень здароўя. У мінулым годзе праз пандэмію яго не праводзілі, а ў гэтым вырашылі пашырыць часовыя рамкі да месячніка, і што характэрна – па той жа прычыне.

Мерапрыемствы на тэму ЗЛЖ праходзяць у фармаце нон-стоп: спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы, майстар-класы. Улічваючы сітуацыю, арганізатары максімальна выкарыстоўваюць дыстанцыйныя формы і пляцоўкі на адкрытым паветры. У кожнага ўдзельніка праекта–свая дарожная карта па ўзаемадзеянні з насельніцтвам. У Горках медыкі ўжо склалі пашпарты здароўя для работнікаў амаль трох дзясяткаў мясцовых прадпрыемстваў: вывучылі ўмовы працы, правялі абследаванне самаадчування супрацоўнікаў, выдалі рэкамендацыі наймальнікам.

У калектыўных дагаворах сталі з’яўляцца пункты аб прэміях для тых, хто не захварэў на працягу года, бясплатныя абанементы ў басейн і спартзалу, а на некаторых прадпрыемствах сталі адраджаць папулярную ў савецкія часы вытворчую гімнастыку.

Ва ўмовах пандэміі эфектыўна сябе зарэкамендавала такая форма, як мабільная паліклініка – медыцынскі прафагляд з выездам на прадпрыемства. На Горацкім элеватары, дзе працуе амаль сто чалавек, для гэтага часова пераабсталявалі актавую залу і кабінет. Абследаванне працягваецца два дні: аналіз крыві (агульны, біяхімічны, каму неабходна – на цукар і на гармоны), кардыяграма, задзейнічаны мабільны флюараграфічны комплекс. Дырэктар Горацкага элеватара Пётр Панасюга лічыць, што такія інвестыцыі даюць рэальны эканамічны эфект:

– У нас кожны работнік мае медыцынскую страхоўку. Раз на год яны праходзяць медагляд, што дазваляе на ранняй стадыі вызначыць паталогію. Прадпрыемства са свайго прыбытку штомесяц пералічвае ў страхавую кампанію больш за сем тысяч рублёў, а дывідэнды–здароўе супрацоўнікаў. У калектыўнай дамове прадугледжаны даплаты за адмаўленне ад курэння і за ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, ёсць трэнажорная зала. Некалькі чалавек за апошні час кінулі паліць пасля кансультацый урачоў па выніках медаглядаў. Яшчэ адзін з фактараў ЗЛЖ – паўнавартаснае харчаванне. У нашай сталовай работнікі могуць узяць гарачы абед за паўкошту.

У мабільнай камандзе паліклінікі — урач-валеолаг, які дае індывідуальныя рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця. Тэма нумар адзін сёння–перавагі вакцынацыі. Жыхары райцэнтра актыўна запісваюцца ў ліст чакання на прышчэпку ад COVID-19.

Як адзначае выканальнік абавязкаў галоўнага ўрача Горацкай раённай бальніцы Алена Малікава, прышчэплена каля 2000 чалавек:

– З паступленнем новай партыі вакцыны гэта праца будзе працягнута. У першую чаргу прышчапіліся медыкі, педагогі, сацработнікі. Выязная брыгада правяла вакцынацыю пастаяльцам аддзялення кругласутачнага знаходжання. Што тычыцца выязной дыспансерызацыі, то мы яе наладзілі яшчэ да пандэміі. Бачым зацікаўленасць кіраўнікоў прадпрыемстваў у тым, каб іх работнікі сачылі за сваім здароўем. Мы хочам у цэлым пашырыць магчымасці, каб чалавек не адкладваў візіт да ўрача. З-за COVID-19 стаў зніжацца ўзровень выяўлення анкалогіі, сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў–такая тэндэнцыя ва ўсім свеце. Але ж прычына не ў тым, што знізіўся ўзровень захворвання, а ў тым, што людзі з-за боязі перад каранавірусам не прыходзяць са сваімі недамаганнямі на ранняй стадыі іншых захворванняў.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая