RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міністэрства аховы здароўя: захворванне COVID-19 павінна зніжацца ў найбліжэйшыя 3–4 тыдні

Захворванне COVID-19 павінна зніжацца ў найбліжэйшыя 3–4 тыдні, – заявіла намеснік міністра – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава ў інтэрв’ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ.

«На працягу 2–3 тыдняў сітуацыя не скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе. Але хацела б адзначыць, што сітуацыя пад кантролем. Ёсць перадумовы меркаваць, што захворванне павінна зніжацца ў найбліжэйшыя 3–4 тыдні», – адзначыла Наталля Жукава.

Яна патлумачыла, што Міністэрства аховы здароўя адсочвае захворванне на рэспіраторныя інфекцыі, таму можа зрабіць такі вывад. «Зніжэнне захворвання на рэспіраторныя інфекцыі па ўсіх рэгіёнах Беларусі дае нам падставы меркаваць, што і захворванне на каранавірусную інфекцыю праз некалькі тыдняў стабілізуецца і пачне зніжацца», – удакладніла намеснік міністра.

Паводле яе слоў, праводзіцца вялікая праца па лакалізацыі ачагоў COVID-19. «Кожны выпадак каранавіруснай інфекцыі разглядаецца як ачаг, і ў абавязковым парадку вядзецца пошук кантактаў. Такім чынам, мы перарываем ланцужок распаўсюджвання віруса. Гэта абавязковая ўмова для стрымлівання эпідпрацэсу», – падкрэсліла яна.

У дачыненні да статыстыкі Наталля Жукава патлумачыла, што ёсць колькасць тых, хто праходзіць лячэнне, і тых, у каго станоўчы тэст на каранавірус. «Гэтыя лічбы ніяк не могуць супадаць. Паводле даных СААЗ, ёсць пэўны працэнт людзей, якія маюць станоўчы вынік тэставання на каронавірус, але не маюць прыкмет захворвання, яны толькі носьбіты каранавіруса, – патлумачыла яна. – Але каб не распаўсюджваць захворванне, яны знаходзяцца дома, ім выдаецца бальнічны. Больш за тое, вельмі строга правяраецца захаванне рэжыму самаізаляцыі».

Намесніца міністра нагадала, што пры першых сімптомах COVID-19 трэба абавязкова звяртацца да ўрача, але не прыходзіць у паліклініку, а паведамляць пра свой стан па тэлефоне.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая