RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021» адкрыўся ў Магілёве. Відэа

Адкрыццё XXIV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021» адбылося сёння ў Магілёве. Цырымонія традыцыйна прайшла ў кінатэатры «Радзіма», паведамляе карэспандэнт сайта.

«З году ў год «Анімаёўка» збірае ўсё больш аднадумцаў, больш якаснымі становяцца прадстаўленыя фільмы, – адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок. – На жаль, у гэтых умовах мы былі вымушаны больш перайсці ў рэжым анлайн падчас адбору, многія фізічна не даехалі да нас, каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Але мы з задавальненнем аказвалі прафесійную падтрымку і творчую ўвагу ў фармаце відэасувязі. Вядома, фестывалю быць і развівацца, нягледзячы ні на што».

Як расказаў дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Сяргей Бажкоў, складнікі спаборніцкай праграмы ў гэтым годзе не змяніліся. Найлепшых вызначалі ў трох конкурсах: анімацыйны фільм, дзіцячая анімацыйная творчасць, дзіцячая выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць.

  

Адбор фільмаў для першых двух спаборніцтваў ажыццяўляла экспертная камісія ў рэжыме відэаканферэнцыі яшчэ ў кастрычніку. На конкурсы было прадстаўлена 180 работ з 28 краін. Беларусь заявіла 31 работу, у тым ліку тры фільмы рэжысёраў кінастудыі «Беларусьфільм»: «Прэлюдыя і фуга» Ігара Волчака, «Тошка і яго сябры. Ёсць кантакт!» Аляксандра Ленкіна, «Дзідзі» Ірыны Тарасавай.

У выніку ў конкурсную праграму фестывалю трапіла 112 фільмаў з 19 краін, у тым ліку 63 – у конкурс анімацыйных фільмаў, 49 – у конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці. У ліку новых краін-удзельніц – Паўночная Македонія і Егіпет.

Сяргей Бажкоў адзначыў, што правядзенне фестывалю анімацыі ў Беларусі, безумоўна, спрыяе яе развіццю ў краіне. З году ў год расце колькасць юных удзельнікаў, якія прадстаўляюць студыі Мінска, Брэста, Гомеля, Барысава, Рэчыцы, а таксама Магілёва (дзіцячая анімацыйная студыя «Diggie club», аб’яднанне па інтарэсах «Калейдаскоп»). Пашыраецца і геаграфія: акрамя Беларусі, Расіі і Украіны, на сённяшні конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці дасланы фільмы з Партугаліі, ЗША, Бельгіі.

Па словах Сяргея Бажкова, тэматыка заяўленых у гэтым годзе на конкурс фільмаў розная. У іх закранаюцца грамадзянска-патрыятычная, гістарычная, экалагічная тэмы. Не засталася ўбаку і актуальная на сённяшні дзень для ўсяго свету пандэмія COVID-19. Прадстаўлены таксама работы фантастычнай, філасофскай, маральнай, сямейнай накіраванасці, па матывах вядомых вершаў.

Дарэчы, пераможцы конкурснай праграмы «Анімаёўка-2021» ужо вызначаны. Пасяджэнне журы конкурсаў анімацыйных фільмаў прайшло 13 кастрычніка ў фармаце відэаканферэнцыі. Тут старшыняваў заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта РФ, прафесар УДІКа імя С. А. Герасімава, мастак-аніматар, рэжысёр і сцэнарыст Леанід Насыраў. Сярод дзіцячых анімацыйных фільмаў найлепшых выбралі 14 кастрычніка. Узначальвала журы рэжысёр і мастак-пастаноўшчык студыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільма» Таццяна Кубліцкая. Дарэчы, усе прысутныя на адкрыцці фестывалю атрымалі своеасаблівы бонус – для іх прыадкрылі імёны некаторых пераможцаў і нават прадэманстравалі работы на вялікім экране. Але таямніцу забаронена раскрываць да ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца 27 кастрычніка ў кінатэатры «Радзіма» (пачатак у 14.00).

Падчас адкрыцця ў фае таксама можна было ўбачыць некаторыя работы, заяўленыя на конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усяго іх было 179, і ўсё з Беларусі. Найлепшыя вызначылі 9 кастрычніка пад старшынствам скульптара, мастака і старэйшага выкладчыка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Сяргея Сотнікава. Варта дадаць, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць узроставых груп удзельнікаў конкурсу. Пераможцаў выбіралі ва ўзроставых катэгорыях: 5–7, 8–11, 12–15 і 16‑17 гадоў.

Вядома ж, «Анімаёўка» – гэта не толькі вызначэнне пераможцаў конкурсаў. Летась праз пандэмію фестываль быў дыстанцыйным, а зараз яму вярнулі ранейшы фармат з паказамі фільмаў, выставамі работ конкурсу дзіцячага выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класамі. У дні фэсту ў кінатэатрах «Чырвоная Зорка», «Радзіма», «Космас», «Ветразь» пройдуць паказы конкурсных і фестывальных кінапраграм. Іх могуць наведаць гледачы любых узростаў. Майстар-класаў будзе тры. Адзін з іх ужо прайшоў сёння. Яго правяла сцэнарыст, педагог, рэжысёр гульнявых і анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» Алена Турава. Заўтра дзеці змогуць паўдзельнічаць у занятках з выкладчыкам Магілёўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Ларысай Будкевіч. А ў дзень закрыцця адбудзецца сустрэча з народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком.

«Зараз няпросты час, асабліва для такіх вялікіх сустрэч. Вялікі дзякуй тым, хто ўжо шмат гадоў дорыць нам гэтае свята, – арганізатарам, Магілёву, які прапісаў у сябе «Анімаёўку», – адзначыла падчас адкрыцця Алена Турава. – Я ўпэўнена, фестываль прынясе шмат радасці не толькі дзецям, але і іх бацькам. Многія дзеці, напэўна, выраслі на «Анімаёўцы», самі сталі бацькамі і зараз прыходзяць сюды ўжо са сваімі малымі. Наша міжнароднае журы некалькі тыдняў працавала ў рэжыме анлайн. Мы ажыўлена ўсё абмяркоўвалі, спрабуючы размеркаваць невялікую колькасць прызоў паміж тымі фільмамі, якія паспелі паглядзець. Тут я хачу аддаць належнае адборачнай камісіі, якая выдатна папрацавала і абрала ў гэтым годзе фільмы, на мой погляд, вельмі цікавыя, значныя і прафесійныя. Гэта былі моцныя работы, якія складана было судзіць. Кожны з іх – гэта маленькі шэдэўр».

Для тых, хто не зможа па нейкіх прычынах наведаць кінапаказы непасрэдна падчас фестывалю, ёсць добрая навіна. Фільмы, заяўленыя для ўдзелу ў конкурсах анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці, пасля правядзення фэсту будуць дэманстравацца ў рамках кінапаказаў праграм «Рэха “Анімаёўкі-2021”» з 28 кастрычніка 2021 года па 27 кастрычніка 2022-га ў кінатэатрах Беларусі і іншых краін.

Арганізатарамі XXIV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021» выступаюць Міністэрства культуры і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

Вольга Емельянава 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая