RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні праходзіць у Магілёве

Форум сабраў каля сотні прадстаўнікоў бізнесу з 14 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Бранскай, Курскай, Новасібірскай, Арэнбургскай, Смаленскай, Валгаградскай, Іркуцкай, Омскай, Растоўскай, Ніжагародскай абласцей, Усходне-адміністрацыйнай акругі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Краснаярскага краю, Удмурцкай Рэспублікі. Галоўныя ўдзельнікі дзелавога дыялога - экспартна арыентаваныя прадпрыемствы дзвюх краін - Беларусі і Расіі.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што галоўная мэта форуму – прэзентаваць магчымасці беларускіх прадпрыемстваў, даведацца пра тэхналагічны патэнцыял расійскіх партнёраў, абмяняцца практычным вопытам і знайсці новыя рашэнні ў агульным імпартазамяшчэнні:

- Сёння мы адкрываем Міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі» - «Зроблена ў Беларусі». Сумесны кааперацыйны форум у прапанаваным фармаце праходзіць у нашай краіне ўпершыню. Такі фармат дазваляе бізнэсу вырашаць шмат пытанняў наўпрост, як зараз прынята казаць, у рэжыме афлайн - па прынцыпе «сам убачыў, сам пачуў, сам прыняў рашэнне». І нам прыемна, што менавіта Магілёўскі рэгіён стаў пляцоўкай для такіх зносін. Для Магілёўскай вобласці, як і для Беларусі ў цэлым, Расійская Федэрацыя застаецца важнейшым стратэгічным партнёрам. На першы план выходзяць не проста пытанні павелічэння знешняга тавараабароту, а задачы ўзмацнення ўзаемнай кааперацыі для адыходу ад імпарту і стварэння сумесных канкурэнтаздольных тавараў для рэалізацыі на ўнутраным рынку і з наступным выхадам на знешнія. Таму сёння ва ўмовах беспрэцэдэнтных знешніх выклікаў, а галоўнае, маштабнага, якаснага абнаўлення прамысловасці, сельскай гаспадаркі і іншых галін беларускай і расійскай эканомік прынцыпова важна цесная інтэграцыя ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза эканомікі Беларусі і Расіі былі інтэграваныя. Пры гэтым сістэма ўзаемадзеяння дзвюх дружалюбных дзяржаў заўсёды будавалася на аснове самадастатковасці эканамічных сувязей і забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту:
 
- Напрамкаў для супрацоўніцтва шмат. Галоўная мэта - павышэнне канкурэнтаздольнасці дзвюх краін, паглыбленне прамысловай кааперацыі, сумеснае вырашэнне пытанняў імпартазамяшчэння. Неабходна максімальна ўмацоўваць міжрэгіянальныя адносіны і развіваць транспартна-лагістычныя калідоры, знаходзіць дадатковыя драйверы інтэграцыйных працэсаў.

У форуме бяруць удзел Міністэрства эканомікі і Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, прадстаўнікі выканаўчай улады рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, гандлёвыя прадстаўнікі дзвюх краін, Беларуская ўніверсальная таварная біржа, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Беларускі фонд падтрымкі прадпрымальнікаў, кіраўніцтва Расійскага эканамічнага цэнтра ў Беларусі , прадстаўнікі банкаўскай сістэмы і кіраўнікі СЭЗ абласцей Беларусі, юрыдычныя і лагістычныя фірмы па абслугоўванні бізнесу.

Такі маштабны форум з акцэнтам на імпартазамяшчэнне праводзіцца ўпершыню. Для кампаній-экспарцёраў гэта магчымасць знайсці новых бізнес-партнёраў на знешнім рынку, альтэрнатыўных пастаўшчыкоў прадукцыі, сыравіны, абсталявання, камплектуючых. Праграма форуму разлічана на тры дні: выставы прадукцыі прадпрыемстваў, правядзенне B2B-сустрэч і перамоў, наведванне прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці. Традыцыйна пляцоўкай для маштабных выставачных павільёнаў у Магілёве становіцца спарткомплекс «Алімпіец». Cвае навінкі патэнцыйным партнёрам прадэманстравалі беларускія машынабудаўнікі: МТЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш», «Белшына», «Бабруйскаграмаш», «Магілёўтрансмаш», «АМКАДОР», «БЕЛДЖЫ» і іншыя. Інавацыйна-прамысловы патэнцыял Магілёўскай вобласці на выставе быў прадстаўлены трыма ВНУ. Гэта Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Інстытут тэхналогіі металаў НАН Беларусі і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Свае прэзентацыйныя стэнды - у Міністэрства прамысловасці, Беларускай цэментнай кампаніі, прадпрыемстваў не толькі Магілёўшчыны, але і іншых абласцей рэспублікі, рэзідэнтаў тэхналагічнага парка і СЭЗ «Магілёў».

 СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая