RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«M.@rt.кантакт-2019». У праграме заяўлена 23 спектаклі 23 тэатраў з 10 краін свету. Продаж білетаў стартуе 15 студзеня

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася першая прэс-канферэнцыя, прысвечаная ХIV Міжнароднаму моладзеваму тэатральнаму форуму «M.@rt.кантакт». Пра падрыхтоўку да фестывалю і афішы мерапрыемства расказалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч і дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

 

Дэвіз форуму – «Класіка і сучаснасць»

У фармаце фестывалю, які пройдзе 21-27 сакавіка ў Магілёве, плануецца паказ 23 спектакляў 23 тэатраў з 10 краін свету: Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Прыднястроўя, Польшчы, Літвы. На форум запрошаны калектывы, якія ўжо ярка праявілі сябе ў папярэднія гады, а таксама новыя тэатры і творчыя групы. Спектаклі фестывалю, як заўсёды, пра моладзь, для моладзі і з удзелам моладзі. Тэмы – актуальныя і вечныя: узаемаадносіны паміж людзьмі і канфлікт пакаленняў, станаўленне асобы і пошук сябе, масавая культура і інтэрнэт, свабода і палітыка, любоў і адзінота. Дэвіз сёлетняга фэсту – «Класіка і сучаснасць». 

 

Афіша «M.@rt.кантакт-2019»

Першым спектаклем праграмы стане пастаноўка маладога ўкраінскага рэжысёра, заслужанага артыста Украіны Стаса Жыркова «ГЭТАМЫ» –сумесная праца з беларускімі артыстамі, распачатая на майстар-класе ў межах міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене. Літаратурнай асновай паслужыла нашумелая ў інтэрнэце кніга Андруся Горвата «Радзіва «Прудок»».

Характэрна, што сёлета на форуме будзе паказана тры пастаноўкі Стаса Жыркова. Гэта «Паляванне на сябе» – нядаўняя яркая прэм’ера Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па матывах п’есы Аляксандра Вампілава. Спектакль ідзе на беларускай мове і ў арыгінале называецца «Паляванне на сябе». Пастаноўку «Яна яго любіла» прадставіць на форуме Адэскі акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр імя В. Васілька. Работа пра каханне ў эпоху Facebook створана паводле п’есы «З вучылішча» маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова, намінаванай на прэмію «Залатая маска» ў катэгорыі «Найлепшая праца драматурга». Апярэдзіць адкрыццё форуму паказ яшчэ адной пастаноўкі: «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі» прадставіць спектакль малой формы «За крапівой бераг», прысвечаны жыццю паэта Сяргея Ясеніна і створаны па матывах яго твораў.

Цырымонія адкрыцця форуму пройдзе на асноўнай сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, дзе адбудзецца паказ спектакля па знакамітай аднайменнай п’есе Жана-Батыста Мальера «Тарцюф» Санкт-Пецярбургскага тэатра «Майстэрня». Гэты калектыў ужо знаёмы магілёўцам, як і яго заснавальнік і кіраўнік Рыгор Казлоў, тэатральны рэжысёр і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, а таксама іншых прэстыжных тэатральных прэмій і фестываляў.

У праграме гэтага года – шэраг пастановак, створаных у межах міжнароднага супрацоўніцтва. Удалы прыклад сустрэчы розных, самабытных тэатральных светаў – спектакль «Дванаццатая ноч» паводле п’есы Уільяма Шэкспіра, пастаўлены беларускім рэжысёрам Міхаілам Лашыцкім, які працуе ў Магілёве, на сцэне грузінскага Тэлаўскага дзяржаўнага прафесійнага драматычнага тэатра імя Важа-Пшавела. Яшчэ адзін прыклад – сучасная версія выдатнага твора Антона Чэхава драма «Вішнёвы сад», якую паставіў на сцэне Новага тэатра ў польскім горадзе Забжэ рэжысёр Давід Мгебрышвілі, мастацкі кіраўнік тэатра ў грузінскім горадзе Поці. Спектакль будзе ісці на польскай мове ў суправаджэнні субтытраў. У праграме форуму на малой сцэне таксама прадставяць сумесную працу рэжысёра, балетмайстра і артыста прыднястроўскага дзяржаўнага тэатра драмы і камедыі імя Н. С. Аранецкай (г. Тыраспаль) Дзмітрыя Ахмадзіева і ізраільскай актрысы Ганны Гланц-Маргуліс (Тэатр «Лесвіца»). Гэта спектакль малой формы «А мы адзін для аднаго – цені» – драма ў вершах, напісаная па творах Марыны Цвятаевай.

Гледачоў таксама чакае монаспектакль «Сібір» – выказванне Тэатра (не)нарматыўнай пластыкі з Санкт-Пецярбурга. Спектакль увайшоў у лонг-ліст «Залатой маскі» па выніках сезона 2017-2018 гадоў. Гэта споведзь, у якой заняты артыст Сяргей Азееў, а рэжысёрам выступіў Раман Кагановіч – арганізатар і ідэйны натхняльнік Тэатра (не)нарматыўнай пластыкі, стваральнік тэатральнай прасторы «кропка», акцёр, лаўрэат вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт».

У праграму форуму ўвайшлі і іншыя пастаноўкі малой формы. Сярод іх – монаспектакль «Мая сям’я ў маім чамадане» аб Карабахскай вайне з удзелам заслужанай артысткі Арменіі Нарынэ Грыгаран (Ерэванскі дзяржаўны тэатр лялек імя Аванеса Туманяна). Літоўскі рэжысёр і акцёр, дырэктар Міжнароднага фестывалю тэатраў аднаго акцёра «Монабалтыя» Аляксандрас Рубінавас прадставіць у межах уласнага незалежнага праекта монаспектакль «Коба» па апавяданні Эдварда Радзінскага пра Сталіна.

Моладзь дастойна ацэніць незвычайны праект «ЦеШо» – сацыяльны рэйв-бэнд, прадукцыя паміж Кіеўскім цэнтрам сучаснага мастацтва «ДАХ» і незалежнай групай артыстаў «Тэатр-Пральня».

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, які ярка заявіў пра сябе на папярэднім форуме, у гэтым годзе парадуе яшчэ адной пастаноўкай ужо знаёмага гледачам маладога рэжысёра Віталя Краўчанкі. Летась ён прадстаўляў на фэсце спектакль «Метад», які стаў найлепшым па выніках галасавання ў Інтэрнэце, а сёння адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй у намінацыі «Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы». Сёлета мы ўбачым адну з новых пастановак Віталя Краўчанкі – кухонны баявік «Каралева прыгажосці», створаны паводле знакамітай п’есы Марціна МакДонаха.

«M.@rt.кантакт-2019» збярэ ў Магілёве многіх старых сяброў – тэатральныя калектывы і творчых людзей, якія ўжо прымалі ўдзел у форуме. Тэатр-Студыя «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга прадставіць версію чэхаўскай п’есы «Вішнёвы сад» у пастаноўцы свайго мастацкага кіраўніка, намінанта і лаўрэата Расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», лаўрэата вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» Льва Эрэнбурга. Спектакль уяўляе з сябе даследаванне чалавечых узаемаадносін на матэрыяле класікі.

Яшчэ адзін калектыў з Санкт-Пецярбурга, дзяржаўны тэатр «Субота», прадставіць спектакль «Шмат шуму з нічога». Класічны шэкспіраўскі тэкст падаецца на мове сучаснага візуальнага тэатра, у якім радыкальным чынам перамяшаны экспрэсіўная акцёрская пластыка, святло, электронная музыка і сцэнаграфія ў духу арт-бру. Спектакль арыентаваны на нефармальную моладзевую культуру, у ім іграюць маладыя артысты, рэжысёрам з’яўляецца Галіна Жданава – лаўрэат прэстыжных тэатральных прэмій, у тым ліку вышэйшай тэатральнай прэміяй Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» і Гран-пры форуму «М.@rt.кантакт» (за спектакль «Рамэа і Джульета»).

Знаёмы магілёўцам па спектаклі «Васа» «Ведагонь-тэатр» (Масква) прыедзе сёлета на форум з камедыяй «Урод» нямецкага драматурга Марыуса фон Маенбурга. Гэта гісторыя страты чалавекам уласнага «я» ў свеце, дзе кіруюць грошы, а знешнасць становіцца масавым прадуктам.

Тэатр.doc (Масква) прыедзе са спектаклем «Чалавек з Падольска» (шмат хто памятае яго пастаноўку «9 месяцаў/40 тыдняў», паказаную на форуме ў 2013 годзе). П’еса, па якой зроблена праца, з’яўляецца драматургічным дэбютам сучаснага пісьменніка і паэта Дзмітрыя Данілава.

Ідэальна ўпішацца ў моладзевы фармат форуму прэм’ерная пастаноўка Санкт-Пецярбургскага Вялікага тэатра лялек «Старонні» па аднайменнай аповесці Альбера Камю. У спектаклі ўдзельнічаюць студэнты рэжысёрскага курса майстэрні Руслана Кудашова, галоўнага рэжысёра тэатра.

Наш горад на форуме будуць прадстаўляць Магілёўскі абласны драматычны тэатр са спектаклем «Жоўты пясочак» у пастаноўцы маладога рэжысёра, студэнткі РГІСІ Камілі Хусаінавай па апавяданні Васіля Быкава, а таксама Магілёўскі абласны тэатр лялек з прэм’ерным спектаклем «Кандыд, або аптымізм» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра, шматразовага лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, удзельніка і лаўрэата шматлікіх фестываляў Ігара Казакова.

Феерычна і ярка закрые фестываль Пскоўскі акадэмічны тэатр драмы імя А. С. Пушкіна пастаноўкай «Каштанка». Рэжысёр – вядучая актрыса Маскоўскага драматычнага тэатра на Малой Броннай Юлія Перасільд, лаўрэат тэатральных і кінапрэмій, прэміі Прэзідэнта і прэміі Урада Расійскай Федэрацыі. Чэхаўская «Каштанка» ператвараецца ў «Rock&гісторыю» пра драматычны лёс сучаснай маладой дзяўчыны, якая вырасла ў двары і стала «Зоркай». Спектакль – пра маладосць, пошук сябе ў шматгранным свеце, вялікай любові.

 

Спецыяльная праграма

У межах спецыяльнай праграмы форуму пройдуць традыцыйныя майстар-класы для маладых акцёраў. На працягу фестывальнага тыдня будзе працаваць традыцыйная для форуму майстэрня маладой рэжысуры.

Для абмеркавання спектакляў плануецца запрасіць крытыкаў розных пакаленняў і па традыцыі даць ініцыятыву студэнцкай моладзі, якая будзе праглядаць праграму, працаваць з гледачамі, мець зносіны з удзельнікамі і гасцямі форуму, збіраць меркаванні, рыхтаваць публікацыі, актыўна працаваць у сацыяльных сетках.

Штодзённыя прэс-канферэнцыі і абмеркаванні пастановак будуць праходзіць у фармаце творчых сустрэч, што дасць магчымасць жывых зносін паміж удзельнікамі, гасцямі фестывалю, маладымі крытыкамі, гледачамі і прадстаўнікамі СМІ. Таксама плануецца выпуск друкаванага выдання (буклета) аб форуме.

 

Дэбютная пляцоўка

Спектаклі фестывалю будуць прадстаўлены на традыцыйных сцэнічных пляцоўках – асноўнай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Магілёўскага абласнога тэатра лялек, канцэртнай залы «Магілёў», а таксама ўпершыню – на сцэне абласнога цэнтра творчасці. Тут прэзентуе свой спектакль «Голы кароль» Даўгаўпілскага Дзяржаўнага тэатра (Латвія). Рэжысёрам працы выступае дырэктар тэатра Алег Шапашнікаў, які сам іграе ў спектаклі. Спектакль вельмі смелы і надзённы, маляўнічы, з багаццем аголенага цела. Яго жанр пазначаны як «эпатажныя сюжэты з жыцця адной дзяржавы», тут актуалізуюцца хворыя тэмы сучаснай сусветнай палітыкі. Дарэчы, Даўгаўпілскі тэатр прадстаўляў у мінулым годзе ў Магілёве пластычную пастаноўку «Блізкасць», якая атрымала пазітыўны водгук у прафесійнай і глядацкай асяроддзі.

На новай пляцоўцы таксама прадставяць сваю пастаноўку Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Спектакль «Рэвізор» аб правінцыйных чыноўніках створаны па знакамітай камедыі Гогаля двума рэжысёрамі – Мікалаем Пінігіным і Дзмітрыем Цішко. Праца была паказана на адкрыцці Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» і адзначана дыпломам як «Найлепшы спектакль драмы» Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа», а ў 2018 годзе атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію ў 3-х намінацыях: найлепшы спектакль, праца рэжысёра і мужчынская роля.

Паводле слоў Андрэй Кунцэвіча, праграма форуму шырокая і расце з кожным годам. Традыцыйных пляцовак не заўсёды дастаткова, а наяўныя часам не адпавядаюць фармату спектакляў. Таму даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя варыянты, каб гледачы маглі знайсці ў афішы спектаклі на любы густ і фінансавыя магчымасці.

У наступным годзе, напрыклад, плануюць дадаткова выкарыстоўваць малую залу Палаца культуры вобласці, дзе можна іграць пастаноўкі, якія патрабуюць атмасферы амфітэатра і актыўнага ўключэння гледачоў у тое, што адбываецца на сцэне, аб чым расказаў Андрэй Новікаў. Такіх праектаў ужо назапасілася нямала, і яны абавязкова будуць цікавыя магілёўцам.

 

Старт продажу квіткоў на «M.@rt.кантакт»

Білеты на форум з’явяцца ў продажы 15 студзеня, іх можна будзе набыць з 8.00 у касе тэатра і ў распаўсюджвальнікаў. Адначасова пачне дзейнічаць браніраванне праз інтэрнэт на сайце kinoteatr.megamag.by. Кошт білета ў сярэднім складзе Br15-20. Самы дарагі – на спектаклі «Тарцюф» Санкт-Пецярбургскага тэатра «Майстэрня» і «Каштанка» Пскоўскага акадэмічнага тэатра драмы імя А. С. Пушкіна – абыдзецца ў Br35. Дарэчы, бюджэт фестывалю напалову акупляюць білеты, астатняе датуе абласны бюджэт і Міністэрства культуры.

 

З гісторыі

Праект «M.@rt.кантакт» стартаваў у 2006 годзе. За 13 гадоў правядзення форум стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За ўсе гады на ім было паказана больш за 200 спектакляў з 21 краіны. Іх паглядзела больш за 40 тыс. гледачоў.

Заснавальнікамі форуму з’яўляюцца Міністэрства культуры, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая