Рус Бел Eng 中文

«M.@rt.контакт–2018». У праграме заяўлена 23 спектаклі 22 тэатраў з 9 краін свету. Продаж білетаў пачынаецца 18 студзеня

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася першая прэс-канферэнцыя, прысвечаная ХIII Міжнароднаму маладзёжнаму тэатральнаму форуму «M.@rt.кантакт». Пра падрыхтоўку да фестываля і афішу мерапрыемства расказалі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена Баброва і дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

Жанравая разнастайнасць і акцэнт на эксперымент

У фармаце фэсту плануецца паказ 23 спектакляў 22 тэатраў з 9 краін свету: Беларусі, Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны. Афіша форуму здзіўляе жанравай разнастайнасцю пастановак: драма, трагікамедыя, псіхалагічны трылер, камедыя-прытча, тэатральнае кабарэ, сучасны танец, новая драма, гісторыі для раяля, навелы, расказаныя мовай цела, сямейныя ўспаміны, горкая камедыя. Большая частка спектакляў – намінанты і лаўрэаты міжнародных і тэатральных прэмій.

«Калі ў мінулыя гады форум складаўся прыкладна на 50% з класікі, то ў гэтым годзе заяўлены толькі тры пастаноўкі паводле класічных твораў, астатняе – эксперыментальная тэатральная мова, а недзе музыка і пластыка», – заўважыў Андрэй Новікаў.

Афіша «M.@rt.кантакта–2018»

Адкрые фестываль спектакль «Калодзеж» Мангістаўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра імя Нурмухана Жантурына (г. Актау, Казахстан), пастаўлены вядомым рэжысёрам, лаўрэатам расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» Сяргеем Патапавым па аповесці Абіша Кекільбаева. Таксама ў гэты дзень на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра будзе паказана работа «Пустата» Цвярскога тэатра юнага гледача. Сіткам па п’есе Максіма Чарныша (рэжысёр Талгат Баталаў) прэтэндаваў на Нацыянальную тэатральную прэмію «Залатая маска–2017» у 5 намінацыях.

У наступныя дні гледачоў чакае нямала цікавых работ. Гомельскі гарадскі моладзёжны тэатр прывязе псіхалагічны трылер «Метад». Гэта трэці самастойны спектакль маладога рэжысёра Віталя Краўчанкі. Раней ён паставіў «Браты і Ліза» ў Магілёве і «Шчасце ёсць!» – у Мінску.

Музыканты культавай групы «Апошнія танкі ў Парыжы» будуць іграць у зонг-оперы «Медэя. Эпізоды» («Тэатра Ды Капуа», Санкт-Пецярбург). Таксама ў ёй прагучаць вершы панк-паэта Лёхі Ніканава, а ролю Медэі выканае Ілона Маркарава. Пастаноўка заваявала Гран-пры прэміі імя Сяргея Курохіна, прэтэндавала на незалежную музычную прэмію Арцемія Троіцкага «Стэпавы воўк» у намінацыі «Нешта».
Незвычайную атмасферную пастаноўку «Магадан/кабарэ» рэжысёра Юрыя Пограбнічкі прапануе гледачам Маскоўскі тэатр «Каля дома Станіслаўскага». Гэты абсурдысцкі спектакль-канцэрт, які складаецца з песень пра Магадан, быў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска-2017».

Яшчэ адна эксперыментальная па духу праца – «З жыцця насякомых» (Незалежны тэатральна-музычны праект, Мінск). Гэта музычна-вакальны цыкл, у аснову якога ляглі вершы паэта-абэрыўта Мікалая Алейнікава, вакал Святланы Бень, тэрменвокс, скрыпка і раяль.

Традыцыйна на форуме будуць прадстаўлены пластычныя спектаклі: сучасны танец «Усе шляхі вядуць на поўнач» (Тэатр «Балет Масква», харэограф Карын Понцьес) і эстэтычная, атмасферная пастаноўка пра людзей, іх пачуццях і ўзаемаадносінах «Блізкасць» (Даўгаўпілскі тэатр, Латвія).

На форуме можна будзе ўбачыць шэраг цікавых работ малой формы. Тэатр Адэскага разліву «Ланжеронъ» з Харкава парадуе магілёўскіх гледачоў дзвюма пастаноўкамі, прысвечанымі вечным каштоўнасцям – «Ліст Богу» і «Тэза з нашага двара». Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры БДАМ (Мінск) прадставіць новую драму «Москоу Дримин» паводле п’есы Віталя Каралёва, тэатралізаваная чытка якой адбылася на другім конкурсе-фэсце сучаснай беларускай драматургіі «Write Box».

На малой сцэне драматычнага тэатра гледачы ўбачаць спектакль-эксперымент «Двое» рэжысёра Аляксея Размахава і мастака Піліпа Вінаградава, заснаваны на п’есе «Гора ад розуму» і біяграфіі Аляксандра Грыбаедава. Спектакль выпушчаны ў рамках праекта «Адкрытая сцэна» (Масква). Таксама ў камернай прасторы будзе паказана эксперыментальная пастаноўка Дзмітрыя Ваўкастрэлава «Розенкранц і Гільдэнстэрн» (Тэатр юных гледачоў імя А. А. Бранцава, Санкт-Пецярбург). Спектакль – намінант адразу некалькіх прэстыжных прэмій: найышэйшай тэатральнай піцерскай прэміі «Залаты сафіт» 2017 года ў катэгорыі «Спектакль малой формы», прэміі KudaGo-2017 у намінацыі «Найлепшы спектакль», Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска – 2018» у катэгорыях «Драма/Спектакль малой формы» і «Драма/Праца рэжысёра».

У форуме прыме ўдзел артыст Матэвуш Новак з Любліна (Тэатр «T1A») з монаспектаклем «Наперадзе і ззаду», які быў прадстаўлены на міжнародных тэатральных фестывалях. Перад гледачом паўстане гісторыя апошняга польскага караля Станіслава Панятоўскага, расказаная ў асобах.

Ідэальна ўпішацца ў моладзевы фармат форуму праца, якую прывязе тэатральная майстэрня Г. Р. Трасцянецкага (Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў, Санкт-Пецярбург). Спектакль створаны маладымі рэжысёрамі па некалькіх расказах Андрэя Платонава, аб’яднаных пад агульнай назвай «Андрэй. Платонаў. Карова». Жанр – «гульня ў людзей».

Магілёў на форуме будзе прадстаўляць абласны драматычны тэатр са спектаклем «Жанчына мора» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Саўлюса Варнаса.

У апошні дзень форуму гледачы ўбачаць монаспектакль «Споведзь маскі» па аднайменным творы Юкіа Місіма (Тэатр «Руская сцэна», Берлін), а закрые фестывальную праграму горкая камедыя італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яццы «Пансіён «Belvedere»» (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Мінск).

Імёны сусветнай велічыні

«На гэты раз споўнілася наша мара, каб у Магілёў прыехаў тэатр сусветнага ўзроўню. Гэта будзе «Мено Фортас» з Вільні, які прывязе спектакль легендарнага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса «Майстар голаду» па апавяданні «Галадарь Франца Кафкі», – адзначыў Андрэй Новікаў. Таксама вялікія чаканні ад Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава і работы «Крык лангусты». Спектакль пастаўлены Міхаілам Цытрыняком па п’есе канадскага драматурга Джона Марэла і прызначаны для двух акцёраў – Юлія Рутберг іграе Сару Бернар, Андрэй Ільін – яе вернага памочніка Жоржа Піту. У жывым музычным суправаджэнні будзе ісці «Ураджай» Маскоўскага губернскага тэатра, якім кіруе Сяргей Бязрукаў.

Спецыяльная праграма

Падчас форуму майстар-класы для маладых акцёраў правядзе Генадзь Трасцянецкі – расійскі тэатральны рэжысёр, прафесар, кіраўнік акцёрскіх і рэжысёрскіх курсаў РДІСМ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі імя К. Станіслаўскага, Усерасійскіх і Міжнародных тэатральных фестываляў, прэмій «Залаты сафіт» і «Залатая маска». Таксама будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. Яе ўзначаліць выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, студэнтка Г. Р. Трасцянецкага Каміля Хусашава. Разам з магілёўскімі акцёрамі на працягу тыдня яна будзе рыхтаваць эскіз да спектакля па апавяданні Васіля Быкава «Жоўты пясочак».

Для абмеркавання пастановак форуму плануецца запрасіць маладых крытыкаў, а таксама даць ініцыятыву мясцовай студэнцкай моладзі. Маладыя людзі паспрабуюць праглядзець усю праграму, будуць працаваць з гледачамі, мець зносіны з удзельнікамі і гасцямі фэсту, збіраць думкі, рыхтаваць публікацыі для друкаваных і інтэрнэт-выданняў.

Штодзённыя прэс-канферэнцыі і абмеркаванні прагледжаных спектакляў пройдуць у фармаце творчых сустрэч, што дасць магчымасць жывых зносін паміж удзельнікамі, гасцямі фестывалю, маладымі крытыкамі, гледачамі і прадстаўнікамі СМІ.

Традыцыйна будзе рыхтавацца выпуск друкаванага выдання пра форум, яго праграме і ўдзельніках.

Дэбютная пляцоўка

У гэтым годзе дэбютнай пляцоўкай для дэманстрацыі аднаго са спектакляў форуму стане Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава. Тут двойчы за час фестывалю прадставіць сваю працу эксперыментальны тэатр са Славакіі, заснаваны маладымі браціслаўскімі рэжысёрамі, акцёрамі і музыкантамі Іванам Марцінкам, Андрэем Калінкам, Міхалам Мікулашом і Юраем Паляком. Арт-група Med a prach («Мёд і пыл») упершыню прыедзе на «M.@rt.кантакт» і на прынцыпова «не тэатральнай» сцэне сыграе імправізацыю пад назвай «Цудоўнае і жахлівае» («Немагчымасць падмены неідэнтыфікуемага»). Гледачу прадэманструюць нешта сярэдняе паміж галерэйнай інсталяцыяй, спектаклем і канцэртам. Як сцвярджаюць самі выканаўцы, перакладу не патрабуецца, а моўны бар’ер не стане праблемай для ўспрымання.

Паводле слоў Андрэй Кунцэвіча, праграма форуму шырокая і расце з кожным годам. Традыцыйных пляцовак, у ліку якіх Магілёўскі абласны драматычны тэатр і мясцовы тэатр лялек, канцэртная зала «Магілёў», не заўсёды дастаткова. Таму даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя варыянты, каб гледачы маглі знайсці ў афішы спектаклі на любы густ і фінансавыя магчымасці.

«У мінулым годзе тэатр-студыя «Theaomai» з Вільні паказвала драму «Браты Карамазавы» на пляцоўцы Магілёўскага музея этнаграфіі. Нам здаўся дадзены варыянт дэманстрацыі досыць удалым, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. – Па прапанове аргкамітэта фестывалю было прынята рашэнне ў якасці эксперыменту на гэты раз задзейнічаць мастацкі музей імя П. В. Масленікава».

Старт продажу білетаў на «M.@rt.кантакт»

Білеты на форум з’явяцца ў продажы 18 студзеня. Адначасова пачне дзейнічаць браніраванне праз інтэрнэт на сайце драматычнага тэатра. Кошт білета ў сярэднім складзе Br15-20. Самы дарагі – на спектакль «Крык лангусты» Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Вахтангава – абыдзецца ў Br35,3. Традыцыйна самымі даступнымі будуць білеты на пастаноўку магілёўскага тэатра – Br4-7. Дарэчы, бюджэт фестывалю ў гэтым годзе складзе каля Br170 тыс. Палову гэтай сумы акупаюць білеты, астатняе даціруе абласны бюджэт.

Містычны лік трынаццаць

Арганізатары фестывалю расказалі, што не застануцца ў баку ад містычнага зместу лічбы, якая ў гэтым годзе спадарожнічае форуму. Замалёўкі, якія традыцыйна папярэднічаюць адкрыццю, закрыццю і пачатку спектакляў, абавязкова будуць агорнуты магіяй і лёгкай чартаўшчынай.

З гісторыі

Праект «M.@rt.кантакт» стартаваў у 2006 годзе. За 12 гадоў правядзення форум стаў адным з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і на ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За ўсе гады на ім было паказана 190 спектакляў з 20 краін. Іх паглядзела больш за 40 тыс. гледачоў. Заснавальнікамі фэсту з’яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "навiна дня":

18.06.2018 - 09:55 | Прамую тэлефонную лінію правядзе 23 чэрвеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Пархамовіч

Прамую тэлефонную лінію правядзе 23 чэрвеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Віктаравіч Пархамовіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.

18.06.2018 - 09:31 | У Касцюковічах у 2019 годзе пачне працаваць новая кацельня

У Касцюковічах пабудуюць новую кацельню сумарнай цеплавой магутнасцю 10 МВт, паведамілі карэспандэнту ў прэс-службе РУП «Магілёўэнерга».

14.06.2018 - 13:50 | Інвестыцыйны форум «Млын поспеху» збярэ ў Магілёве больш за 500 удзельнікаў

X Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху», які пройдзе ў Магілёве 29-30 чэрвеня, збярэ больш за 500 удзельнікаў. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўпраўленні інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

14.06.2018 - 13:09 | Фестываль «Сенафэст - 2018» пройдзе на Чыгірынскім вадасховішчы 16 чэрвеня

Адкрыты фестываль «Сенафэст - 2018» пройдзе на Чыгірынскім вадасховішчы (Кіраўскі раён) 16 чэрвеня. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў райвыканкаме.

12.06.2018 - 09:24 | Да 2 ліпеня СМІ Магілёўскай вобласці могуць прайсці акрэдытацыю для адлюстравання мерапрыемстваў свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)

Акрэдытацыю сродкаў масавай інфармацыі рэгіёна для ўдзелу ў свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») праводзіць упраўленне па працы са СМІ і моладзевай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.