Пашыты моцна трывалымі ніткамі
Ужо больш за 15 гадоў паміж прыгранічным Мсціслаўскім раёнам і чатырма раёнамі Смаленскай вобласці дзейнічае дагавор аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, сацыяльна-культурным супрацоўніцтве. Падобныя пагадненні ў большасці сваёй маюць на ўвазе максімум сяброўства ў культурнай сферы. Але ў Мсціслаўлі пайшлі далей - завязаліся і на эканоміцы.
Спачатку лічба: летась экспарт раёна ў Расійскую Федэрацыю - каля 700 тысяч долараў. У яго структуры, тлумачыць намеснік старшыні райвыканкама Вольга Судзілоўская, экспарт не толькі паслуг, але і тавараў:
— Уклад у экспартны кошык уносіць філіял «Мсціслаўскі» ААТ «Бабулін гладыш», дзе вырабляецца шырокі асартымент сыроў. Гэтую прадукцыю ведаюць і любяць нашыя суседзі. Эканамічныя сувязі з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі наладжаны і ў ААТ «Мсціслаўлен»: у 2022-м экспартавалася больш за 30 працэнтаў ільновалакна, што вырабляецца на прадпрыемстве.
Але адзін з ключавых праектаў, якому ў канцы мінулага года споўнілася пяць гадоў, - ТАА «Мсціслаўская швейная фабрыка». «СД» знаёмілася з прадпрыемствам, калі яно толькі запускалася. Тады было каля 100 працоўных месцаў, сёння - 200. За гэты час адкрыліся цэхі, павялічыўся аб'ём прадукцыі, а значыць, выраслі падатковыя паступленні ў бюджэт раёна. Асаблівасць фабрыкі ў тым, што праект расійскі, а працаўнікі мясцовыя. Мсціслаўская вытворчасць - філіял Пачынкаўскай швейнай фабрыкі Смаленскай вобласці - адкрылася ў 2017-м у былым прафесійным ліцэі № 6.
Праект заключаўся ў тым, што будынак прапаноўваўся на вельмі выгадных умовах - па льготным тарыфе, за адну базавую велічыню. Здавалася б, бяры ды закручвай вытворчасць. Але пытанне ўпіралася ў грошы, а ў суседзяў такая фінансавая падушка была. Яны і абавязаліся закупіць абсталяванне для фабрыкі, зрабіць там рамонт і цягам года адкрыць прадпрыемства. Дзелавыя калегі дамову выканалі. Сёння тут адшываюць спецвопратку па замове галаўной фірмы «Тэхнаавія»: мужчынскія лётныя касцюмы, для хуткай дапамогі і іншыя.
Падчас нядаўняга візіту дэлегацыі Мсціслаўскага раёна ў Пачынак узнікла ідэя пераняць станоўчы вопыт расійскіх калег, у якіх у адной са школ адкрыты швейны клас. Расіяне нават гатовы закупіць для СШ № 2 Мсціслаўля абсталяванне. Гэта і прафарыентацыя, і атрыманне прафесіі. Перспектыўны праект у стадыі прапрацоўкі.
З кожным годам паміж Мсціславам і Пачынкам, Хіславічамі, Шумячамі, Манастыршчынай Смаленскай вобласці ўмацоўваюцца і сацыяльна-культурныя сувязі. Намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Таццяна Брычыкава пералічвае толькі апошнія сумесныя праекты – «Дзве Русі - дзве сястры», «Памежжа», «Рыцарскі фэст»:
- Гэта і беларуска-расійскія фестывалі, і святы, дзе збіраецца шмат гасцей з абедзвюх краін. Больш цесныя культурныя сувязі наладзілі, калі ў 2007 годзе падпісалі двухбаковую дамову аб супрацоўніцтве. Падобныя сустрэчы - прыклад умацавання сувязей і развіцця культурнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. Апошні расійска-беларускі фестываль народнай творчасці «Дзве Русі - дзве сястры», да прыкладу, аб'яднаў агульнай тэмай - патрыятычнай. Падчас яго правядзення не проста працуем у фармаце «прыехаў і паказаў сябе», але і выбудоўваем адносіны на перспектыву. Бо любы двухбаковы візіт дае магчымасць пераняць нешта новае, узбагачае.
Яшчэ адзін напрамак сумеснай працы - турызм. У 2022-м Мсціслаўскі раён наведала каля 20 тысяч гасцей, сярод якіх і расіяне.
- Нашы суседзі лічаць Мсціслаў сапраўднай жамчужынай Магілёўскай вобласці, - упэўнена Таццяна Уладзіміраўна. — Бо тут захаваліся ўнікальныя цэрквы, мужчынскі манастыр у Пустынках, іншыя аб'екты архітэктуры. На імідж працуе і наш брэндавы «Рыцарскі фэст», які заўсёды збірае шмат гасцей. Да нас прыязджаюць загадзя, каб застацца на некалькі дзён, наведаць святыя мясціны, а заадно пабываць на фестывалі сярэднявечнай культуры.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 11:57
Мастер-классы и спортивный драйв: Белыничи станут площадкой молодежного регионального проекта
21.04.2025 - 10:54
Абноўленая плошча Перамогі ў Бабруйску. Рэканструкцыя да 80-годдзя Вялікай Перамогі
21.04.2025 - 10:06
Сяўба лёну на Магілёўшчыне: як аграрыі Шклоўскага раёна б'юць рэкорды па пасяўных плошчах
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе