RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мы разумнейшыя за гэту хваробу, і мы справімся – медык,якая перанесла каранавірус

У Магілёўскай вобласці выздаравела пацыентка, якой першай у рэгіёне паставілі дыягназ COVID-19. Па іроніі лёсу яе прафесія звязана з медыцынай – ужо дзесяць гадоў Ірына Зылёва працуе падлеткавым тэрапеўтам у Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Каб перамагчы хваробу, ёй давялося выключыць у сабе доктара, даверыцца калегам і стаць руплівай пацыенткай.

«Так выйшла, што ў нашым рэгіёне я была першым чалавекам, хто заразіўся COVID-19, – успамінае медык. – Я адчула, што захворваю, на курсах перападрыхтоўкі кадраў у Віцебску. Думкі, што гэта быў менавіта «той вірус», адразу не было. Першыя сімптомы, якія з’явіліся, былі падобныя на звычайны грып: высокая тэмпература, ламата ў целе, боль у вачах. Адзінае, чым мой стан адрозніваўся ад звычайнага грыпу, – не балела горла і не было катару. Што тычыцца спецыфічных сімптомаў, іх таксама не назіралася».

Па прыездзе дадому ў Ірыны выявілі двухбаковую пнеўманію–пачалася гісторыя хваробы працягласцю 18 дзён. Першы тыдзень жанчына праляжала ў Крычаўскай ЦРБ, а пасля станоўчага выніку тэста на каранавірус яе перавялі ў Магілёўскую інфекцыйную бальніцу. Нягледзячы на тое, што для магілёўскіх урачоў гэта быў першы вопыт лячэння пацыента з COVID-19, трывогі не было. Куды мацнейшым быў страх заразіць сваіх родных і блізкіх.

«Як медык я ў першую чаргу з халоднай галавой і без усялякіх эмоцый паспрабавала максімальна абараніць навакольных, – адзначае Ірына. – Будучы яшчэ ў Віцебску, надзела маску і пальчаткі, пастаянна мыла рукі і дэзынфікавала рэчы. Усе дні дома і ў бальніцы таксама насіла сродкі індывідуальнай абароны. Напэўна, гэта паслужыла вялікім плюсам, таму што ўсе мае кантакты, у тым ліку муж, аказаліся адмоўнымі. Мазкі, якія былі зробленыя мужу, не пацвердзілі наяўнасць віруса ў арганізме. Так і атрымліваецца: сябе абараніць не змагла, затое зберагла іншых».

Уражанні аб метадах і тактыцы лячэння, увазе і абыходлівасці персаналу ў Ірыны засталіся вельмі добрыя. Не палохала нават ахоўная экіпіроўка навакольных, якая, па прызнанні пацыенткі, выглядала незвычайна і своеасабліва. «Мяне ніхто не стараніўся – наадварот, ставіліся вельмі добразычліва, – кажа суразмоўца. – Медработнікі, з якімі я сутыкнулася, прафесійна выконвалі ўсе неабходныя маніпуляцыі, таму лячыцца было камфортна. Тое, што я ўбачыла і адчула на сабе, дазваляе з упэўненасцю сказаць: нашы ўстановы аховы здароўя аснашчаны і гатовыя прыняць пацыентаў з COVID-19, база лячэння такіх хворых ёсць».

Ірына прызнаецца, што на шляху да выздараўлення складаней за ўсё ёй было абстрагавацца ад атрыманых у медыцынскім універсітэце ведаў і свайго прафесійнага вопыту. «Усё-такі дактары– кантынгент не зусім удзячных пацыентаў: яны занадта многа ведаюць, увесь час аналізуюць і не заўсёды згодныя з прапанаваным лячэннем, – заўважае субяседніца. – Аднак я з гэтым справілася і абсалютна даверылася ўсім дактарам: і сваім, раённым, і абласным. Я беспярэчна выконвала ўсе прызначэнні і рэкамендацыі і наогул была звычайнай пацыенткай. Бо для таго каб пайсці на папраўку, мала правільнага настрою, трэба верыць у людзей, якія табе дапамагаюць. Я верыла, што ў мяне атрымаецца, я справілася».

Родныя і блізкія ўвесь час падтрымлівалі Ірыну: хвароба толькі ўмацавала іх адносіны. Пакуль жанчына ляжала ў бальніцы, яна шмат размаўляла са сваёй сям’ёй і сябрамі па тэлефоне. Як ні дзіўна, паніку вакол яе дыягназу стваралі зусім незнаёмыя людзі і нават пісалі зусім не пахвальныя каментары ў сацыяльных сетках. Ірына на іх не крыўдзіцца, бо ад хваробы ніхто не застрахаваны, а пачуццё такту, на жаль, уласціва не ўсім.

Цяпер тэрапеўт узяла двухтыднёвы адпачынак: хвароба працякала ў лёгкай форме, і арганізму патрабуецца час для аднаўлення. Тым не менш праца яе не адпускае–пастаянна раздаюцца званкі. Цяпер да Ірыны часцей за ўсё звяртаюцца па медыцынскую кансультацыю з нагоды пэўных сімптомаў захворвання.

«Не бойцеся,COVID-19 – гэта ўсяго толькі вірус, які можна перамагчы, – падкрэслівае Ірына Зылёва. – Мы разумнейшыя за гэту хваробу, мацнейшыя за яе, і мы справімся. Галоўнае – быць дабрэй адзін да аднаго, падтрымліваць сваіх родных і блізкіх у любой, нават самай складанай сітуацыі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая