RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» Магілёва ідзе работа па рамонце сельгастэхнікі да вясны

Пакуль у аграрыяў тайм-аўт, аграсэрвісы на поўнай загрузцы. Да веснавых палявых работ трэба паспець адрамантаваць тэхніку. У Магілёўскай вобласці асноўная нагрузка ў гэтым кладзецца на самую буйную спецарганізацыю – Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс.

Адлік новага сезона ў міжрайаграсэрвісе – з 1 кастрычніка. Менавіта тады пачынаецца рамонтны год. Такі час вызначаны тут нездарма. Да фінішу падыходзіць асноўны масіў сельгасработ. Для рамонтнай арганізацыі ж гэта дата, калі лепш пачынаць падрыхтоўку тэхнікі да вясны. Намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Мішур падводзіць першыя вынікі:

– Ужо гатовыя пяць трактароў, асобна – два рухавікі, якімі займаецца спецыялізаваны ўчастак. Усяго ж да будучага года нам неабходна адрамантаваць 80 энерганасычаных трактароў – такую праграму давёў аблвыканкам. У нас дзве ўласныя машыны для дастаўкі, на якіх па ўсёй вобласці збіраем тэхніку. Другі варыянт – сваім ходам. Алгарытм такі: стэлефаноўваемся з гаспадаркамі, калі тэхніка гатовая для рамонту, забіраем. На месцы глядзім, якія трэба ліквідаваць няспраўнасці, прапісваем у акце прыёмкі і ў адпаведнасці з ім працуем.

Зараз у рамонтным цэху – дзесяць трактароў. За кожны, пачынаючы ад разборкі і аж да мыйкі, адказвае брыгада з двух спецыялістаў. Андрэй Крывашэеў у пары з Сяргеем Картамышавым амаль заканчваюць сваю адзінку.

– Пры разборцы правяраецца кожны вузел, – тлумачыць Андрэй. – Калі тэхніка прыходзіць, ужо заяўлены спіс дэфектаў, але ў працэсе рамонту ён можа значна павялічыцца. Пачынаеш круціць – усплываюць схаваныя паломкі. У нас трактар, які адпрацаваў 13 гадоў. Зразумела, што за гэты час адбыўся натуральны знос.

Разбіраецца тэхніка пад нуль: кабіна, задні і пярэдні масты, скрынка перадач, рухавік... З боку выглядае як канструктар «Лега», толькі вялікі. Слесары чаруюць над кожнай аперацыяй. Тэрміны рамонту залежаць ад «дыягназу» машыны. У сярэднім брыгада спраўляецца за тры дні. Андрэй сам працаваў механізатарам, таму разумее, што за тэхстанам машыны бачны адносіны трактарыста да тэхнікі:

Не стамлюся паўтараць, наколькі важна своечасовае абслугоўванне: ТА, замена фільтраў, масла.

Пасля зборкі трактар абкочваецца, фарбуецца і рыхтуецца да адпраўкі. У «Задняпроўскім» на рамонце і камбайны, і пагрузчыкі, і навясное абсталяванне. Словам, усё, што патрабуе складанага ўмяшальніцтва. Бо нешта «адшаманіць» могуць і па месцы механізатары. Але калі ляціць адразу некалькі вузлоў, без граматнага майстра не абысціся.

Слесар па рамонце вузлоў і агрэгатаў Аляксандр Перабінос займаецца трансмісіяй усіх трактароў, якія выпускаюцца МТЗ. За сем гадоў працы на ўчастку лічбы і нумары ў галаве:

Ніякі каталог не патрэбны: ведаю усе шасцярні.

Рэнавацыю машын на прадпрыемстве праводзяць цэлы год. Гэта гарантыйны рамонт, а таксама бягучы: за пасяўной тэхнікай ідзе корманарыхтоўчая, далей – збожжаўборачная. Усё трэба абслужыць і прывесці ў парадак. У мінулым годзе, дарэчы, арганізацыя адрамантавала амаль 90 адзінак энерганасычаных. Прадпрыемства – тэхнічны цэнтр найбуйнейшых вытворцаў, такіх, як МТЗ, «Гомсельмаш». Па імпартных запчастках і камплектуючых прапрацавана пытанне паставак з Кітая, наладжаны сувязі з фірмамі-пастаўшчыкамі, якія прапануюць найбольш канкурэнтныя прайс-лісты.

Цікавы факт: сёлета арганізацыя набрала амаль 70 новых спецыялістаў. Частка – для працы ў механізаваных атрадах. Фішка Магілёўскай вобласці па іх стварэнні паказала сваю выніковасць. У сезон палявых работ атрад паспеў папрацаваць у кожным раёне. Для гэтага «Задняпроўскі» купіў 6 энерганасычаных трактароў, яшчэ столькі ж аднавіў самастойна. З той тэхнікі, што не прыйшлася да мехдвара сельгаспрадпрыемствам, тлумачыць Аляксандр Мішур:

– У планах – пашырыць мехатрад да 20 адзінак. Вядзём перагаворы аб набыцці двух трактароў для маючага адбыцца рамонту. Гэта ў тры, а то і больш разоў больш выгадна, чым купляць новую тэхніку з завода. Бяром тое, што гаспадаркі самі не ў стане аднавіць. У зімовы перыяд мехатрад, паставіўшы сваю тэхніку на захоўванне, таксама задзейнічаны ў рамонце трактароў. Яшчэ адзін мехатрад складаецца са збожжаўборачных камбайнаў. Было тры адзінкі, у гэтым годзе аднавілі яшчэ столькі ж. Аказвалі паслугі па ўборцы не толькі збожжа, але і кукурузы. Набылі для гэтага незапатрабаваныя асадкі, аднавілі і пусцілі ў працу.

Перад прадпрыемствам стаяць выразныя тэрміны: да 15 снежня усю неабходную тэхніку паставіць на рамонтны канвеер. А ўжо да 1 красавіка яна павінна быць на лінейцы гатоўнасці. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама для гэтага прымаюцца ўсе меры. Начальнік упраўлення механізацыі камітэта Аляксандр Дзівакоў адзначае, што трэба будзе вырашыць сур’ёзную задачу:

Па ўсёй вобласці прыступілі да рамонту тэхнікі да веснавых палявых работ. Тыя машыны, якія немагчыма адрамантаваць на месцах, рыхтуем на спецыялізаваных прадпрыемствах: ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс», «Кіраўскі райаграпрамтэхснаб», «Касцюковіцкі райаграпрамтэхэнерга», «Круглянскі аграпрамтэхснаб». Усяго трэба адрамантаваць 100 энерганасычаных трактароў. У цэлым жа да 1 красавіка павінны прывесці ў парадак не толькі іх, але і ўсю карма- і збожжаўборачную тэхніку.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая