RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На пасяджэнні аблвыбаркама ўстанавілі вынікі выбараў дэпутатаў у Магілёўскай вобласці

Выніковае пасяджэнне Магілёўскай абласной выбарчай камісіі адбылося сёння ў Доме Саветаў. У яе працы прынялі ўдзел усе 13 членаў камісіі, а таксама акрэдытаваныя пры ёй назіральнікі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

На парадак дня былі вынесены два пытанні: аб устанаўленні вынікаў выбараў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на тэрыторыі Магілёўскай вобласці і аб устанаўленні вынікаў выбараў і рэгістрацыі дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 29 склікання.

Старшыня аблвыбаркама Яўген Алекса нагадаў, што выбарчы працэс у рэгіёне быў арганізаваны 175 тэрытарыяльнымі, 13 акруговымі, а таксама 693 участковымі выбарчымі камісіямі. «Сёння можна канстатаваць, што электаральная кампанія прайшла без парушэнняў і ў строгай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам нашай краіны. У вобласці выбары адбыліся па ўсіх акругах, дэпутаты выбраны: 13 - у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, 1804 - у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Праца ўсіх сяброў камісіі была вельмі інтэнсіўная і адказная. Адзіны дзень галасавання, устаноўлены нашай Канстытуцыяй, запатрабаваў больш зладжанага ўзаемадзеяння ўсіх звёнаў выбарчага працэсу. І тыя вынікі, якія сёння ёсць, пацвярджаюць, што арганізаваць гэта атрымалася», - распавёў ён.

Пасля разгляду пытанняў, вынесеных на пасяджэнне, старшыня аблвыбаркама пазначыў сацыяльны партрэт дэпутатаў, абраных у склад Саветаў усіх узроўняў: «Грамадзяне да 31 года прадстаўляюць у ім больш за 5%, ад ранейшага складу Саветаў дэпутатаў - 46%, жанчыны складаюць такі ж працэнт. Яшчэ хацеў бы звярнуць увагу на актыўную працу палітычных партый па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у дэпутацкі корпус, па выніках выбараў іх доля склала 35%, з якіх 28% - члены Беларускай партыі «Белая Русь. Па сферах дзейнасці, у цэлым, дэпутацкі корпус на 30%, складаецца з прадстаўнікоў сфер навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, на 18% - сельскай гаспадаркі, 16% - дзяржорганаў, 7% - гандлю, бытавога абслугоўвання і ЖКГ».

На заканчэнне пасяджэння Яўген Алекса падзякаваў членам тэрытарыяльных, акруговых, участковых выбарчых камісій, адзначыўшы, што яны з поўнай аддачай і ў строгай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам спрацавалі на адзіным дні галасавання. Таксама словы ўдзячнасці ён адрасаваў назіральнікам, прадстаўнікам СМІ, кандыдатам у дэпутаты і выбаршчыкам:

«Самае галоўнае, што ва ўмовах шматзадачнасці, калі ў адзіны дзень галасавання мы выбіралі ўсю вертыкаль прадстаўнічых органаў улады, а гэта, безумоўна, накладвала свой адбітак і стварала некаторыя цяжкасці ў працы, камісіі правялі працу якасна і ў тэрмін. Усе мерапрыемствы, якія былі прадугледжаны каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па правядзенні выбараў, усе адпрацавалі таксама ў адпаведнасці з вызначанымі тэрмінамі. Дэпутаты, якія на сённяшні дзень ужо абраны ў мясцовыя Саветы, безумоўна, у найбліжэйшы час, пасля правядзення першых арганізацыйных сесій, пачнуць выкананне сваіх абавязкаў. Будуць выконваць наказы сваіх выбаршчыкаў, вырашаць у сваіх акругах усе пытанні. І сваю працу дэпутацкі корпус у бліжэйшыя пяць гадоў, упэўнены, будзе выконваць годна».

Таксама на пасяджэнні было абвешчана аб скліканні першай сесіі зноў абранага Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, якая адбудзецца 4 сакавіка.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая