RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На прадпрыемстве ў Чэрыкаўскім раёне плошчу сяўбы пад грэчку павялічылі амаль у 5 разоў

Учорашнія студэнты на пасяўной перадавой

- Мы ўжо паціху прамацваем глебу, хоць снег і не сышоў канчаткова, - кажа дырэктар ААТ «Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб» Сяргей Шылін. - Па Указу Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці» ў гэтым годзе нам выдзеляць новыя сеялку і культыватар. Увосень азімых збожжавых пасеялі 1820 гектараў, азімага рапсу — 510. На вясну план такі: больш за ўсё кукурузы — каля 800 гектараў, зернебабовых — 360, шматгадовай травы — 260, аднагадовай — 224. Стратэгію крыху памянялі. Вырашылі павялічыць пасяўныя плошчы грэчкі: з 30 гектараў да 140. З гэтай культурай нядрэнна атрымліваецца працаваць, таму вырашылі зрабіць акцэнт на ёй.

Калектыў параўнальна малады, ды і нядаўнія студэнты папаўняюць штат. Прыязджаюць у асноўным мясцовыя, з універсітэцкай лавы вяртаюцца на малую радзіму. Так, за спраўнасцю аўтапарка сочыць малады спецыяліст Дзмітрый Марчанка.

- Майстры адрамантавалі сеялкі, плугі, апараты для раскідвання арганічных і мінеральных угнаенняў, - адзначае загадчык рамонтна-механізаваных майстэрняў. - Складанасцяў з падрыхтоўкай тэхнікі асабліва не ўзнікала, усё рабілі ў звычайным рэжыме. Запчасткі закуплялі паступова. Калі чагосьці не хапала, прыступалі да іншых машын, каб паспець усё. Цяпер толькі прымаем правяраючых з Мінсельгасхарча і ў выпадку чаго ўстараняем недахопы.
 
Дзмітрый прыбыў па мэтавым напрамку. Паклапаціўся аб ім яшчэ да паступлення ў Горацкую сельгасакадэмію. Дагавор быў заключаны з райвыканкамам, гэта значыць малады інжынер мог патрапіць у любую гаспадарку. Лёс прывёў у «Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб», чаму ён рады. Лічыць, што тут ёсць далягляды.
 
- Скардзіцца няма на што: даплаты як мэтавіку ёсць, працы мора, да хаты рукой падаць, - распавядае суразмоўца. - Моладзь з'яжджае з маленькіх гарадоў, гэтага не схаваеш. Ну а я сельскі хлопец, у якога ўсё жыццё перад вачамі прыклад сумленнай працы бацькі-трактарыста, агарод у хаты і скаціна, якую трэба карміць. Усё для нармальнага жыцця ёсць.

Інжынер па працаёмкіх працэсах, начальнік лінейна-мантажнага ўчастка Максім Сапранкоў на прадпрыемстве нядаўна: па размеркаванні прыехаў год таму. Калегі прынялі сардэчна, першы час падказвалі, што да чаго. Сам хлопец з суседніх Касцюковічаў, таму ад раённай камунальнай гаспадаркі спецыялісту далі інтэрнат. Праўда, з голымі сценамі: ні ложка, ні шафы… Але і тут калектыў не пакінуў аднаго – дапамаглі.
 
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Чэрыкаўскага райвыканкама Сяргей Запрудскі адзначае, што апроч традыцыйных культур пасеюць грэчку і ў іншых гаспадарках:
 
- Грэчка - запатрабаваная культура. Павялічваем аб'ём, каб без старонняй дапамогі гарантаваць харчовую бяспеку краіны. Восенню ў раёне пасеялі 8 тысяч гектараў азімых збожжавых, на вясну лічбы ўстанавілі такія: 3900 — збожжавых і зернебабовых, а ўся яравая сяўба — 7600 гектараў. Абнаўляем і аўтапарк: закупілі тры дзевяціметровыя сеялкі з Бабруйска (адна — на «Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб», другая — КСУП «Агракомплекс «Светлы», трэцяя — ААТ «Эксперыментальная база «Чэрыкаў»), лідскі культыватар, а таксама трактар BE2. Усё павінна паспець да пачатку пасяўной. Астатняя тэхніка гатова. Мы амаль штодня выязджаем на праверкі, ставімся да гэтага строга.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая