RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў Кіраўскім раёне завяршаюць закладку парку

У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна завяршаецца закладка парку. Ён стане адным з аб’ектаў мемарыяльнага комплексу памяці спаленых падчас вайны вёсак Магілёўскай вобласці.

Сваю лепту ў стварэнне парку 9 красавіка ўнеслі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Аляксандр Субоцін –і іншыя. Дзякуючы ім на тэрыторыі аб’екта з’явілася алея з 12 чырвоных дубоў і 37 дэкаратыўных яблынь.

«На заклік аказаць дапамогу ў высадцы парку адгукнуліся многія: прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутаты, ветэраны і моладзь, – адзначыў Леанід Заяц. – Людзі палічылі сваім абавязкам ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта важная і патрэбная ініцыятыва: у наказ будучым пакаленням мы павінны паказаць і расказаць, што нават самыя складаныя канфлікты не павінны вырашацца са зброяй у руках. Дамаўляцца мірным шляхам, не замахвацца на чалавечае жыццё, памятаць урокі гісторыі–вось чаму мы павінны навучыць нашых дзяцей і ўнукаў».

Высаджваць расліны на тэрыторыі будучага парку, плошча якога складзе каля 1 га, пачалі 4 красавіка, завяршыць плануюць на працягу тыдня. Усяго з дапамогай актыву Кіраўскага раёна высадзяць каля 1,1 тыс.дрэў і хмызнякоў. У парку з’явяцца лістоўніца, бяроза, рабіна, барбарыс. Плануецца пасадзіць газонную траву, для гэтага нарыхтавана каля 60 кг насення.

«Сімвалічна, што пасадачны матэрыял мы бралі з розных куткоў Магілёўшчыны, – расказаў дырэктар ДЛГУ «Бабруйскі лясгас» Андрэй Цвірко,–бо мемарыял як сімвал працягу жыцця прысвечаны ўсім спаленым вёскам нашай вобласці. Мы не выпадкова закладваем парк у першых чыслах красавіка: да моманту адкрыцця абноўленага мемарыяльнага комплексу расліны паспеюць укараніцца і зазелянець. У перспектыве на тэрыторыі парку з’явяцца пешаходныя дарожкі, лаўкі і альтанкі».

Памятны знак жыхарам спаленых у гады вайны вёсак у выглядзе скульптуры воіна і дзяўчыны, якая ўскладае кветкі, з’явіўся ў вёсцы Боркі яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў. З часам тут узвялі капліцу ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых» і ўсталявалі сцяну памяці – шэсць гранітных пліт з назвамі 112 знішчаных населеных пунктаў рэгіёна.

Да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне рэканструкцыя мемарыяла будзе завершана. Адкрыццё абноўленага аб’екта запланавана на 15 чэрвеня. У гэты дзень у 1942 годзе ў вёсцы Боркі нямецкія салдаты знішчылі амаль 2 тыс.людзей. Гэта адна з самых масавых аднаразовых карных аперацый за час вайны. Трагедыя ў Борках роўная Хатынскай, і сімвалічна, што зямля з прахам загінулых жыхароў Кіраўскага раёна захоўваецца на Хатынскіх могілках спаленых вёсак Беларусі як наказ нашчадкам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая