RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Магілёўскай вобласці ў 2018 годзе накіравана больш за Br24 млн.

На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Магілёўскай вобласці ў 2018 годзе накіравана больш за Br24 млн. Пра гэта паведаміў сёння на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама яго начальнік Аляксандр Жылін, перадае карэспандэнт сайта. 

У мінулым годзе вяліся актыўныя працы па рэканструкцыі наяўных будынкаў. Так, у лістападзе ўвялі ў эксплуатацыю лячэбна-дыягнастычны корпус з прыбудовай памяшканняў для магнітна-рэзананснага тамографа і блок «Б» радзільнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Праводзілася і будзе працягнута ў 2019 годзе рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса Асіповіцкай раённай бальніцы, Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы, гаража на тэрыторыі Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера з пераабсталяваннем у марфалагічны корпус, будынка пад размяшчэнне Шклоўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, тэрмарэнавацыя фасадаў дыягнастычнага цэнтра ў Магілёве і інш.

Значна папоўніўся аўтапарк медыцынскіх устаноў рэгіёна. У 2018 годзе закуплена 3 рэанімабілі, што дазволіла павялічыць аб’ёмы і якасць аказання экстранай меддапамогі ў вобласці. Набыта 7 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі для Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Магілёўскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, Магілёўскай абласной бальніцы, Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы.

За кошт сродкаў рэспубліканскага, абласнога і мясцовых бюджэтаў закуплена нямала медыцынскага абсталявання. У тым ліку магнітна-рэзанансны тамограф, рэнтгенаўскія мамаграфічныя і дыягнастычныя апараты, сістэмы для экстракарпаральнага гемадыялізу, электрахірургічны генератар, гастрафібраскоп, імунахімічныя модульныя аналізатары, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, электракардыёграфы, інкубатар для нованароджаных, відэагастраскопы і інш. 

Дарэчы, даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці, атрыманыя арганізацыямі Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя за 2018 год, склалі Br43 млн. Экспарт паслуг прынёс $624,1 тыс., што на 6% больш у параўнанні з 2017-м, а аб’ём платных медыцынскіх паслуг вырас больш чым на 13%.  

Аляксандр Жылін адзначыў, што на пачатак 2019 года ўкамплектаванасць урачамі ў Магілёўскай вобласці складала 98,6%, а сярэднім медыцынскім персаналам – 99,1%. У 2018-м прыступілі да працы на першым працоўным месцы 249 урачоў, да праходжання інтэрнатуры – 282 выпускнікі медуніверсітэтаў і 350 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай (фармацэўтычнай) адукацыяй.

Структура арганізацый аховы здароўя рэгіёна ў мінулым годзе змянілася нязначна, падкрэсліў начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя. Рэарганізаваныя 3 фельчарска-акушэрскія пункты: у Клімавіцкім раёне –Велікамохскі ФАП, у Клічаўскім – Кастрычніцкі ФАП, у Мсціслаўскім – Успольскі ФАП.

Гаворачы пра здароўе насельніцтва, Аляксандр Жылін заўважыў, што ў 2018 годзе была завершана абласная праграма пераходу амбулаторных арганізацый аховы здароўя Магілёўшчыны да работы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі.

Дыспансернымі аглядамі было ахоплена 97,8% насельніцтва Прыдняпроўскага краю, у тым ліку 98,1% працаздольнага. Паводле іх вынікаў у 18,1% пацыентаў былі ўпершыню выяўлены розныя захворванні.

Захоўвалася станоўчая дынаміка паказчыкаў работы хірургічнай службы вобласці. На 4% павялічылася колькасць аператыўных умяшанняў у стацыянарах. У 2018 годзе ўрачы Магілёўскай гарадской бальніцы ХМП паспяхова правялі 7 тромбаэкстракцый на галаўным мозгу, а спецыялісты Магілёўскай абласной бальніцы – 24 трансплантацыі ныркі.

Укараняліся новыя методыкі лячэння ў отарыналарынгалогіі, афтальмалогіі, гінекалогіі, уралогіі, кардыяхірургіі і інш. У іх ліку эндапратэзаванне сярэдняга вуха, лазерная хірургія гартані (ацёк Рэйнке, рубцовая дэфармацыя), факаэмульсіфікацыя катаракты з імплантацыяй тарычных і мультыфакальных лінзаў, трансплантацыя донарскіх клапанаў сэрца ў аартальную і трохстворкавую пазіцыі, лапараскапічная аперацыя Бёрча пры нетрыманні мачы ў жанчын, метад другаснай прафілактыкі трамбатычных ускладненняў у пацыентаў з вострым буйнаачаговым інфарктам пасля празскурнага каранарнага ўмяшальніцтва папярэдняй трамбалітычнай тэрапіяй, інтэрвенцыйныя ўмяшальніцтвы пацыентам з вострым кардыяэмбалічным парушэннем мазгавога кровазвароту з выкарыстаннем метадаў рэнтгенэндаваскулярнай трамбэктаміі.

У 2018 годзе з’явілася новая форма работы галоўнага ўпраўлення – абласны кардыятэрапеўтычны савет, які, выязджаючы ў раёны, у першую чаргу аказваў арганізацыйна-метадычную дапамогу, праводзіў аналіз усёй медыцынскай дакументацыі з разборам дэфектаў на месцах. Гэта дазволіла значна палепшыць работу па раннім і своечасовым выяўленні артэрыяльнай гіпертэнзіі, узяцці на ўлік пацыентаў, якія маюць патрэбу ў назіранні.

Паводле слоў Аляксандра Жыліна, у Магілёўскай вобласці актыўна працягваецца ўкараненне «электроннага рэцэпта». У цяперашні час выдадзена больш за 140 тыс. пластыкавых карт, за 2018 год выпісана 364 108 рэцэптаў. Інфармацыя для пацыентаў аб магчымасці атрымання такой паслугі размешчана ва ўсіх установах аховы здароўя, а таксама ў друкаваных выданнях і сетцы Інтэрнэт.

Акрамя таго, у мінулым годзе ў рэгіёне праводзілася тэлемедыцынскае кансультаванне ў рэжыме рэальнага часу. З гэтай сістэмай ужо актыўна працуе 42 арганізацыі аховы здароўя: 10 абласнога, па 16 гарадскога і раённага ўзроўняў.

Выніковая калегія Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама адбылася ў канферэнц-зале Дома Саветаў. У пасяджэнні ўзялі ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла, намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык.

Падчас калегіі шэраг работнікаў сістэмы аховы здароўя за свае дзелавыя і прафесійныя якасці быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя, Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў, Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя і абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Акрамя таго, знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» уручылі ўрачу-нейрахірургу, загадчыку нейрахірургічнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Яўгену Ананчанку, урачу-уролагу, загадчыку ўралагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Мікалаю Багрыцэвічу, лекару-траўматолагу – артапеду Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргею Бараноўскаму, намесніку галоўнага ўрача Магілёўскай паліклінікі №6 Наталлі Багачовай, намесніку загадчыка аптэкі №155/11 першай катэгорыі горада Бабруйска Алене Сіткевіч, урачу-кардыёлагу, загадчыку 2-м кардыялагічным аддзяленнем Магілёўскай бальніцы №1 Уладзіславу Стэльмахаву.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі калектывы арганізацый аховы здароўя – пераможцы абласнога агляду-конкурсу па павышэнні якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая