RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Народнае свята «Каляды» ў Магілёве пройдзе на трох пляцоўках

Народнае свята «Каляды» ў Магілёве пройдзе на трох пляцоўках. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў гарвыканкаме. 

Апоўдні 7 студзеня жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада на цэнтральнай сцэне Пячэрскага лесапарку чакае тэатралізаваны паказ, забаўляльная праграма з жартамі, прымаўкамі, анекдотамі, рухомымі гульнямі, танцамі і віктарынамі.

Падчас мерапрыемства будзе арганізаваны гарадскі конкурс«У зімовым лесе». Традыцыйнае спаборніцтва «Смачная ушыца наша!»заменіць кулінарнае спаборніцтва па падрыхтоўцы розных супоў. Найлепшай стане не толькі каманда, якая зварыць самую смачную страву, але і вызначыцца ва ўменні гумарыць, весці здаровы лад жыцця.

Адначасова на плошчы Зорак адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне «Пайшла Каляда калядуючы». А крыху раней, у 11.00, у раёне ГЦ «Крыніца» пачнецца раённае свята «Калядны кірмаш».

На ўсіх трох пляцоўках будуць працаваць пункты грамадскага харчавання і аб’екты рознічнага гандлю. У прыватнасці, на кірмашы ў Пячэрскім лесапарку суб’екты гаспадарання прыватнай і дзяржаўнай формаў уласнасці, індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі будуць рэалізоўваць прадукцыю грамадскага харчавання, у тым ліку кулінарныя і кандытарскія вырабы, нехарчовыя тавары ў асартыменце, сувеніры, цацкі. У абавязковым парадку прапануюць гарачую каву, гарбату, глінтвейн, безалкагольныя напоі.

Дарэчы, для зручнасці наведвальнікаў свята ў Пячэрскім лесапарку выдзеляць дадатковы транспарт: аўтобусаў, якія ідуць па маршруце №9 «Плошча Леніна» – «Пячэрскі лесапарк», 7 студзеня стане на чатыры адзінкі больш. З 11.00 да 17.00 таксама ўзмоцняць работу маршрутак для дастаўкі пасажыраў да месца правядзення мерапрыемства.

Акрамя таго, у сувязі з правядзеннем у Пячэрскім лесапарку народнага свята «Каляды» з 10.00 да 17.00 будзе абмежаваны рух транспарту па вуліцы Сурганава і перакрыты рух па вуліцы Клайпедскай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая