RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нашчадкі воінаў-пераможцаў годна прадстаўляюць нашу краіну, абараняюць і захоўваюць яе цэласнасць – Леанід Заяц

Нашчадкі воінаў-пераможцаў годна прадстаўляюць нашу краіну, абараняюць і захоўваюць яе цэласнасць. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падчас мітынгу-рэквіема «Звон смутку» на Буйніцкім полі.

Традыцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, прайшло на мемарыяльным комплексе сёння а чацвёртай гадзіне раніцы. Яно сабрала больш за 1 тыс. чалавек – прадстаўнікоў выканаўчай улады, Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, членаў патрыятычных клубаў, актыў БРСМ, навучэнцаў і студэнтаў.

«На гэтым святым для кожнага беларуса месцы нас сабраў боль і глыбокі смутак, успаміны аб трагедыі, велізарнай бядзе, мужнасці і стойкасці нашага народа, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – 22 чэрвеня роўна 80 гадоў таму фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны вераломна напала на Савецкі Саюз, нанесла страшэнны ўдар па нашых гарадах і вёсках. І мэтай было заняволіць і знішчыць наш народ».

Леанід Заяц выказаў шчырыя словы ўсім, хто набліжаў і ўнёс уклад у Вялікую Перамогу. «Сёння мы з гонарам успамінаем абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія прынялі на сябе першы ўдар, абаронцаў Магілёва, якія жывым шчытом сталі на шляху ворага. Мы аддаём даніну глыбокай павагі байцам Чырвонай арміі, партызанам-падпольшчыкам, працаўнікам тылу. Смуткуем пра тых, хто не вярнуўся з франтоў, закатаваны ў нямецкіх засценках, упаў са зброяй у руках, не перанёс катаванні той вайны».

«Памятаючы ўсе ўрокі гісторыі, сыны пакалення пераможцаў годна выконваюць запавет продкаў, – канстатаваў старшыня аблвыканкама. – Будуюць незалежную краіну, сеюць хлеб, гадуюць дзяцей, тым самым умацоўваючы моц сваёй зямлі».

Абарона Магілёва – адна з яркіх старонак вайны, дзе ў адзінае цэлае злілося трагічнае і гераічнае. Абаронцы Дняпроўскай мяжы самааддана трымалі абарону 23 дні і ночы, даўшы магчымасць выйграць час для мабілізацыі сіл на адпор ворагу. Толькі на працягу адных сутак на Буйніцкім полі нашы войскі знішчылі 39 варожых танкаў і бронетранспарцёраў, 350 фашыстаў. Архіепискап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній падкрэсліў: тут змагаліся людзі розных нацыянальнасцей, веравызнанняў і ўзросту. Але ўсіх іх аб’ядноўвала адно – любоў да сваёй Айчыны і народа.

«Многія воіны не дажылі да слаўнай перамогі, сышлі ў іншы свет, але яны выканалі асноўную евангельскую запаведзь: няма большай любові, чым душу сваю пакласці за сяброў сваіх. Царква падзяляла смутак свайго народа і дапамагала матэрыяльна і духоўна. Мы памятаем і молімся за загінулых воінаў. Ім слава і вечная памяць», – адзначыў Уладыка Сафроній.

Кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «ВІККРУ» Мікалай Барысенка расказаў, што кожны сезон пошукавікі адпраўляюцца на палі пад Магілёвам – на лінію абароны 1941 года. «Мы ведаем, што тут ляжаць тысячы загінулых абаронцаў Магілёва, якія засталіся да гэтага часу непахаванымі, – канстатаваў ён. – За апошнія гады мы правялі дзясяткі экспедыцый. Салдаты і народныя апалчэнцы зрабілі ўсё, што было ў чалавечых сілах. І такі іх лёс – пра подзвіг ніхто не даведаўся. Толькі праз 20 гадоў на поўны голас загаварылі аб абароне Магілёва, самаадданай баявой працы, якую праявілі тут салдаты Чырвонай арміі. Невыпадкова нямецкія генералы назвалі наш горад – крэпасць Магілёў, хоць тут не было бетонных умацаванняў, падтрымкі авіяцыі, бранятэхнікі. Крэпасць духу і патрыятызм аказаліся мацнейшымі за сталь».

І толькі калі маральныя і духоўныя сілы былі вычарпаныя, воіны пакінулі Магілёў – непакорным і непераможаным. Немцы ўвайшлі ў падпалены, практычна пусты горад, дзе засталося каля 4 тыс. параненых і мясцовых жыхароў, якія не змаглі эвакуіравацца. «Мы перакананыя, што Магілёў павінен і будзе насіць званне горада-героя або горада вайсковай славы. І калі наша пакаленне не паспее гэта зрабіць, я ўпэўнены, што маладыя людзі зробяць правільную выснову і будуць ганарыцца горадам з такой вайсковай слаўнай гісторыяй», – падкрэсліў Мікалай Барысенка.

80 гадоў таму сталёвыя фразы Юрыя Левітана, якія апавясцілі аб пачатку вайны, падзялілі жыцці мільёнаў савецкіх грамадзян на «да» і «пасля». Для многіх, хто не вярнуўся з фронту, быў закатаваны ў канцлагерах і турмах, занесены ў спісы зніклых без вестак, яны аказаліся пачаткам шляху ў неўміручасць. Сёння там, дзе прайшлі баі, спачывае прах герояў, якія сталі на шляху ворага, стаяць манументы і абеліскі вечнай славы і памяці. Удзельнікі мітынгу-рэквіема ўсклалі кветкі да капліцы на Буйніцкім полі, ушанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто не вярнуўся з бітваў, памёр ад ран і хвароб, голаду і холаду, быў закатаваны ў канцлагерах гестапа, расстраляны, павешаны, памяць спаленых жывымі салдат і камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, мірных жыхароў акупаваных тэрыторый, пажылых, дарослых і зусім юных, старых, жанчын і дзяцей, ветэранаў, якія не дажылі да нашых дзён. Як напамін аб 80 мірных гадах былі запаленыя свечкі. З пажаданнямі згоды на беларускай зямлі ў неба запусцілі паветраныя шары – сімвалы міру і шчаслівага дзяцінства. Па ўсіх суайчынніках, якія загінулі на палях бітваў і на акупаванай немцамі тэрыторыі, адслужылі літыю.

Аналагічныя мерапрыемствы сёння пройдуць ва ўсіх раёнах і гарадах Магілёўскай вобласці. А апоўдні адбудзецца Усебеларуская хвіліна маўчання, у храмах Беларускай праваслаўнай царквы загучыць звон. Усіх жыхароў Магілёўскай вобласці запрашаюць далучыцца да хвіліны маўчання – задумацца і ўспомніць аб тых, хто аддаў жыцці за нашу мірную сучаснасць і будучыню. Ушанаваць памяць герояў кожны можа ў сябе дома, у дарозе або на працоўным месцы.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая