RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нашы дзеці растуць на правільным баку гісторыі - дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы ў Музеі Славы Магілёўшчыны

Нашы дзеці растуць на правільным баку гісторыі. Такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў пры азнаямленні з экспазіцыяй Музея Славы Магілёўшчыны.

Сяргей Юр'евіч падкрэсліў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на адкрыцці музея вельмі добра сказаў - лепш пад мірным небам змагацца за наша мінулае ў імя будучыні, чым ваяваць. Менавіта ў гэтым і заключаецца важнасць гэтага аб'екта, які сімвалічна размясціўся побач з легендарным Буйніцкім полем.

- Гістарычная праўда звязвае пакаленні цяперашніх грамадзян і савецкага народа. Тут, на Буйніцкім полі, здзейснены грандыёзны подзвіг, ушанаваны Канстанцінам Сіманавым. Але разам з тым пра яго мала было вядома - мы больш вучыліся на прыкладах гераічных бітваў, дзе савецкае войска перамагала, бо ў савецкай гістарыяграфіі гераічныя агмені супраціву асвятляліся не так, як пераможныя бітвы. Між тым, дзякуючы бітве на Буйніцкім полі і гераічнаму подзвігу нашых вайскоўцаў удалося выратаваць Маскву - ва ўсякім разе, стварыць для гэтага неабходныя ўмовы.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што бітва пад Магілёвам не толькі затрымала праціўніка амаль на месяц, але і збавіла тэмпы бліцкрыгу:

- Фашысты сутыкнуліся з гераічным супрацівам, не чакаючы такога подзвігу ад нашых людзей. У далейшым, як вядома, Гітлер прыняў рашэнне адкласці наступленне на Маскву, і гэтая фашысцкая армада разгарнулася ва Украіну. Так што бітва пад Магілёвам паўплывала на ўвесь ход і Вялікай Айчыннай, і Другой сусветнай вайны. Да гэтага музея яна была незаслужана прадстаўлена ў памяці не так ярка, таму ўвекавечанне подзвігу нашых вайскоўцаў, якія першымі аказалі ўстойлівы, прафесійны і жорсткі супраціў фашыстам, мае вельмі вялікае значэнне.

Сяргей Глазьеў звярнуў увагу, што музей прадуманы і зроблены вельмі добра, дзякуючы чаму наведвальнікі поўнасцю апускаюцца ў атмасферу тых дзён:

- Усё па апошнім слове тэхнікі, з ужываннем найноўшых інфармацыйных тэхналогій. Музей вельмі прывабны для моладзі, якая не вельмі ўспрымальная да сухога тэксту, мовы лічбаў і фактаў. А калі чалавек так вобразна аказваецца ў перадваенным і ваенным становішчы, гэта ўздзейнічае глыбока і эмацыйна.

Сяргей Юр'евіч нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве вялікая ўвага надаецца захаванню гістарычнай памяці, бо за гістарычную праўду ідзе барацьба, а былыя заходнія саюзнікі ўсяляк імкнуцца сказіць і замаўчаць подзвіг савецкага народа, перапісаць гісторыю на сваю карысць:

- Людзі, якія прафесійна ведаюць, як маніпуляваць свядомасцю, казалі: тыя, хто кантралюе сучаснасць, кантралюе і мінулае, а той, хто кантралюе мінулае, вызначае будучыню. Таму гістарычная праўда - наш моцны бок. Нашыя дзеці павінны разумець, што растуць на правільным баку гісторыі, таму што цэлымі пакаленнямі нашы дзяды і прадзеды абаранялі традыцыйныя каштоўнасці, свабоду і незалежнасць, ратуючы не толькі сваю краіну, але і ўсё чалавецтва.

У Беларусі і Расіі практычна няма ніводнай сям'і, якая ў той ці іншай ступені не стала б ахвярай фашысцкай агрэсіі. І сямейная гісторыя Сяргея Глазьева не выключэнне:

- Дзед сустрэў вайну на мяжы ў заходняй Украіне, і яму спатрэбілася шмат месяцаў, каб уз'яднацца з нашым войскам праз ужо акупаваную тэрыторыю. Загінуў ён у 1944 годзе пры фарсіраванні Дняпра. Другі дзед ваяваў пад Сталінградам, быў паранены. Усё астатняе жыццё ён звязаў з войскам. Нажаль, абодва дзеда сышлі з жыцця да таго, як я нарадзіўся. Мая маці, будучы чатырохгадовым дзіцем, на ўсё жыццё запомніла жахі ўцёкаў ад фашыстаў, настолькі гэта было трагічна і катастрафічна для дзіцячай свядомасці. Яна расказвала пра доўгія тыдні ўцёкаў ад нямецкай арміі ў цягніках, на калёсах... Так мая сям'я, якая перажыла ўсё асабіста, ведае пра рэаліі вайны і гераізм нашага народа з першых вуснаў.

Цяперашняя моладзь не мае магчымасці даведацца ў відавочцаў падзей тых далёкіх гадоў, як гэта было насамрэч. Менавіта таму ствараюцца такія інтэрактыўныя праекты як Музей Славы Магілёўшчыны, упэўнены Сяргей Юр'евіч.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая