RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навагодні ранішнік і падарункі – акцыя «Нашы дзеці» прайшла ў Шклоўскай школе-інтэрнаце

Акцыя «Нашы дзеці» прайшла сёння ў Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку.

Павіншаваць дзяцей у ліку іншых прыехаў і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

«У нашай краіне, і вобласці ў прыватнасці, стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года наведваць установы адукацыі і віншаваць дзяцей са святамі ў межах акцыі «Нашы дзеці». Дзецям трэба аказваць максімум увагі, каб правільна выхаваць, дапамагчы вызначыць мэты на будучыню. У гэтыя пераднавагоднія дні ні адно дзіця не павіннна застацца без увагі з боку дзяржавы, – сказаў Леанід Заяц. – Сёння мы наведалі спецыялізаваную школу-інтэрнат у Шклове. Тут вучацца дзеткі з парушэннямі зроку. Мы ўбачылі годную школу з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай, дзе працуюць выхавальнікі і выкладчыкі з вялікім сэрцам, якія замянілі некаторым дзеткам бацькоў. Мы ўбачылі прыгожыя навагоднія вырабы, якія дзеці рабілі разам з дарослымі, убачылі творчыя нумары. Вельмі прыемна глядзець на таленавітых дзетак, якія ў будучыні стануць апорай Беларусі».

Для дзяцей і гасцей у школе-інтэрнаце падрыхтавалі прадстаўленне «Навагоднія прыгоды ў казачным лесе». «Дзякуй вам, дзеці, за магчымасць акунуцца ў дзяцінства. Хачу пажадаць вам поспехаў у вучобе, знайсці ў жыцці сваю дарогу, быць патрэбнымі і любімымі. А мы будзем вамі ганарыцца і захапляцца. Упітвайце веды, якія даюць вам настаўнікі. Усё гэта спатрэбіцца вам у будучыні. У нас з вамі ёсць магчымасць марыць і загадваць жаданні. І калі вельмі верыць, то ўсе мары спраўдзяцца. А мы, дарослыя, дапаможам вам», – павіншаваў дзяцей губернатар.

Як расказала дырэктар установы адукацыі Інга Аляксандрава, зараз у школе-інтэрнаце вучыцца 85 дзяцей з парушэннямі зроку і невідушчыя з Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Тут працуе і дашкольная група. «Якімі б ні былі знешнія абставіны, дзяцей нельга пазбаўляць свята. І мы пастараліся арганізаваць гэты навагодні ранішнік для дзетак, якія пражываюць у нашым інтэрнаце, – растлумачыла яна. – Прыемна, што ў нашай дзяржаве так шмат увагі аказваецца дзецям, якія навучаюцца ў спецыялізаваных установах адукацыі».

У школе-інтэрнаце створаны ўмовы не толькі для якаснай адукацыі, але і для развіцця і далейшай сацыялізацыі дзяцей. «У нас вучацца дзеткі з 1-га па 11-ы клас, тыя, каму складана вучыцца ў звычайнай школе. Тут створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі і развіцця: спецыялізаваныя класы, безбар’ернае асяроддзе, педагогі адпаведнай кваліфікацыі, – расказвае Інга Аляксандрава. – Нашы дзеці пасля заканчэння школы-інтэрната добра сацыялізаваныя, паступаюць у вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы і не адчуваюць сябе ўшчэмленымі ў грамадстве».

Дзеці ў школе асвойваюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Па словах дырэктара, матэрыяльна-тэхнічная база і методыкі выкладання заўсёды знаходзяцца ў дынаміцы. «Мы стараемся развівацца, уносіць у навучальныя заняткі нешта новае. З навінак гэтага года – дыстанцыйнае навучанне. Яно пабудавана так, што нават у невідушчых дзяцей не ўзнікае праблем з вучобай», – падкрэсліла Інга Аляксандрава.

Павіншаваць навучэнцаў школы-інтэрната прыехалі прадстаўнікі аблвыканкама і спонсары. Яны падарылі дзецям салодкія падарункі, а школе – неабходнае абсталяванне для кухні і кабінета хіміі. У адказ госці атрымалі навагоднія вырабы, якія дзеці зрабілі разам з педагогамі.

Навучэнка 3-га класа Варвара Пчолкіна на навагоднім свяце была Мальвінай. Дзяўчынка расказала, што вельмі любіць Новы год і чакае, што Дзядуля Мароз выканае яе жаданне. «Я люблю вучыцца і ў мяне добрыя адзнакі. Напісала ліст Дзядулю Марозу і веру, што ён абавязкова выканае маю мару, – падзялілася дзяўчынка. – А ўсім дзецям хочацца пажадаць здароўя, добрых адзнак, каб добра сябе паводзілі і слухаліся бацькоў. І хай ва ўсіх дарослых і дзяцей споўняцца іх запаветныя мары». Навагодні ранішнік і падарункі – акцыя «Нашы дзеці» прайшла ў Шклоўскай школе-інтэрнаце.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая