RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Найлепшых прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю ўшаноўвалі ў Магілёўскім аблвыканкаме

Урачысты прыём, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, адбыўся сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. Яго ўдзельніцамі сталі больш за 30 лепшых прадстаўніц жаночай грамадскасці Прыдняпроўскага краю.

«Кожны год у гэты дзень мы, мужчыны, з пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці дорым вам кветкі, усмешкі і падарункі. Вам, хто стварае сэнс нашага жыцця, напаўняе яго яркімі, непаўторнымі фарбамі», – адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што сярод жанчын Прыдняпроўскага краю заўсёды было шмат тых, чый прыклад варты глыбокай павагі і пераймання. І сёння няма такой сферы жыццядзейнасці, дзе прадстаўніцы прыгожага полу не адыгрывалі б актыўную ролю. «Вялікай удзячнасці заслугоўвае ўсё, што вы робіце разам з намі для сваёй малой радзімы, нашай краіны», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

У Магілёўскай вобласці расце колькасць шматдзетных сем’яў. А гэта значыць, што жанчыны адчуваюць сябе абароненымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні, лічыць губернатар. «У нашай дзяржаве робіцца нямала, каб жанчыны аддавалі больш увагі выхаванню дзяцей, гадавалі сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, – падкрэсліў ён. – Адным з важных фактараў падтрымкі шматдзетных сем’яў з’яўляецца будаўніцтва жылля. У вобласці стаіць задача да 2021 года забяспечыць жыллём 3,5 тыс. шматдзетных сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Толькі ў бягучым годзе для гэтай катэгорыі будзе пабудавана 1190 кватэр».

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю цёпла павіншаваў удзельніц урачыстасці з надыходзячым святам і ўручыў ордэн Маці дзевяці жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі пяцярых і больш дзяцей. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: повар ААТ «Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне» Наталля Конанава, педагог-псіхолаг ДУА «Бельскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа» Ганна Ігнаценка (Дрыбінскі раён), памочнік выхавальніка ДУА «Астроўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» Таццяна Уласенка (Клічаўскі раён), старшая медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення УАЗ «Шклоўская цэнтральная раённая бальніца» Марына Кукушко, галоўны бухгалтар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Дрэўпартнёр» Ніна Кіслюк (Магілёў), рабочая па комплекснай уборцы і доглядзе домаўладанняў жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка 9 камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-рамонтнае эксплуатацыйнае ўпраўленне Ленінскага раёна г. Магілёва» Ганна Мельнічэнка, хатнія гаспадыні з Магілёва Кацярына Тарасенка, Ганна Вакульчук і Анастасія Клешчанка.

Удзельніцам свята ўручылі кветкі, а творчыя калектывы і выканаўцы горада на Дняпры парадавалі жанчын выступленнем.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая