Рус Бел Eng 中文

Наймацнейшыя велагоншчыкі Беларусі з’едуцца на мемарыял Арлоўскага ў Кіраўскім раёне

Наймацнейшыя велагоншчыкі Беларусі з’едуцца на 51-ы традыцыйны мемарыял Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы К. П. Арлоўскага па веласіпедным спорце на шашы. Спаборніцтвы пройдуць 24-25 жніўня ў аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна, паведамілі ў райвыканкаме.

Штогадовыя спаборніцтвы збяруць спартсменаў з усіх абласцей і горада Мінска.

Адкрыецца мемарыял дзіцячымі велагонкамі. Аспрэчваць першынство на кароткай дыстанцыі будуць юныя жыхары аграгарадка Мышкавічы і райцэнтра. Найлепшым уручаць заслужаныя ўзнагароды, а астатнім удзельнікам дастануцца заахвочвальныя прызы.

Першымі на старт групавой гонкі выйдуць мужчыны, якім трэба пераадолець па трасе 120 км. За імі ўзнагароды на дыстанцыі 80 км разыграюць жанчыны.

На наступны дзень адбудзецца гонка-крытэрыум. Мужчынам трэба будзе праехаць 60 км, а прадстаўніцам прыгожага полу – 40 км.

Пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў у асабістым і камандным заліках узнагародзяць каштоўнымі прызамі і дыпломамі. Акрамя таго, камандзе-пераможцы па выніках двух дзён спаборніцтваў уручаць пераходны кубак.

Традыцыйны мемарыял па веласіпедным спорце на шашы праводзіцца з мэтай ушанавання памяці Кірыла Арлоўскага, папулярызацыі і развіцця веласіпеднага спорту, павышэння ўзроўню спартыўнага майстэрства, прапаганды здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць аддзел адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама, упраўленне спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама.

Кірыл Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся ў вёсцы Мышкавічы. Кіраўнік партызанскага дыверсійнага атрада ў Польшчы, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі, савецкі разведчык у Кітаі, кіраўнік партызанскага атрада падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пазбавіўшыся абедзвюх рук, ён не ўпаў духам і ўзначаліў у 1945 годзе калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна, які першым у СССР атрымаў чысты прыбытак у мільён рублёў. Акрамя дзвюх Залатых зорак Героя, быў удастоены пяці ордэнаў Леніна, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікіх медалёў. Яго імем названы калгас «Рассвет», Магілёўскі дзяржаўны агралесатэхнічны каледж, школа ў Кіраўску, вуліцы ў Магілёве, Бабруйску, Клецку. У цэнтры Мышкавіч усталяваны бюст, ля падножжа якога два сімвалы чалавечага лёсу Арлоўскага – вінтоўка і плуг.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая