RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна іх устараніць». Ігар Сергяенка аб маніторынгу школ

У час маніторынгу падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага навучальнага года стаіць мэта не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна іх устараніць. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ў час наведвання шэрага ўстаноў адукацыі Глускага раёна.

«Нашы дзеці па ўсёй краіне 1 верасня дружна пойдуць у школы і сядуць за парты, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Пры падрыхтоўцы навучальных устаноў да новага навучальнага года ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Адміністрацыяй арганізаваны маніторынг работы па ўстараненні недахопаў. Па ўсёй краіне працуюць групы, якія ўзначальваюцца памочнікамі Прэзідэнта па рэгіёнах, у склад якіх уваходзяць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства адукацыі, Генеральнай пракуратуры. Стаіць мэта не толькі выявіць недахопы, але і аператыўна дапамагчы ў іх вырашэнні, каб стварыць дастойныя ўмовы для вучобы, забяспечыць бяспеку, улічыць усе пытанні - ад харчавання да падвозу дзяцей у школу».

Для азнаямлення з падрыхтоўкай устаноў адукацыі Ігар Сергяенка прыняў рашэнне выехаць у Глускі раён Магілёўскай вобласці. «Хацелася паглядзець, як тут, у беларускай глыбінцы, арганізавана гэта работа, - падкрэсліў ён. - У ходзе размовы з кіраўнікамі і педагогамі, у час наведвання гарадской школы, якая выбрана ў маршруце зусім нечакана, а таксама сельскай школы я ўбачыў, што мясцовыя органы ўлады добрасумленна падышлі да гэтага пытання - сур'ёзных заўваг па гатоўнасці навучальных устаноў Глускага раёна практычна не выяўлена».

Ігара Сергеянку прыемна здзівіла праведзеная работа ў сярэдняй школе нумар 2 Глуска, якую кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў незапланавана. Дарэчы, у мінулым годзе навучальная ўстнова адзначыла 100-гадовы юбілей. «Школа адкрывае дзверы да новага навучальнага года ў поўнай баявой гатоўнасці, - адзначыў ён. - Аўдыторыі, класы, музей, спартзала - усё адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца, у тым ліку ў пытаннях харчавання. На прыкладзе такіх раёнаў і пасёлкаў мы бачым, з якой любоўю і інтарэсам падыходзяць спецыялісты, нашы настаўнікі, да арганізацыі сваіх рабочых месцаў і школ да новага навучальнага года. І робяць гэта без лішніх напамінаў».

У школы Глускага раёна з 1 верасня пойдуць 1,42 тыс. вучняў, у тым ліку 125 першакласнікаў. Усё прадугледжана для іх камфорту і бяспекі. Асобныя пажаданні і заўвагі былі выказаны па маршрутах перамяшчэння, добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол школ, прысядзібных участках. Што датычыцца ацэнкі гатоўнасці навучальных устаноў да заняткаў у цэлым, на працягу гэтага тыдня ўсё будзе дапрацавана і дашліфавана. «Задачы кіраўніком дзяржавы пастаўлены, але пакуль аб выніках гаварыць рана, - сказаў Ігар Сергяенка. - Упэўнены, што ўсё будзе выканана і пракантралявана. На будучыню ж неабходна зрабіць высновы, як загадзя планамерна рыхтаваць навучальныя ўстановы да новага навучальнага года, і рабіць гэта яшчэ вясной».

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, дзяржава стварае максімальна камфортныя ўмовы для навучання і развіцця дзяцей, іх знаходжання ў навучальных установах - адпаведна, аддача павінна быць раўнацэннай. «Сёння ў Глускім раёне задзейнічана 10 аўтобусаў для падвозу дзяцей у школу, - паведаміў ён. - Неабходныя ўмовы ствараюцца: ёсць кваліфікаваныя педагогі, цудоўныя аўдыторыі, вучэбны матэрыял. Застаецца толькі вучыцца і вучыцца. І нагрузка, я вам скажу, не павялічваецца, як многія гавораць. У гэтым годзе ў выпускнікоў было толькі 2 цэнтралізаваныя экзамены, а ў мой час, 40 гадоў таму, здавалі 8 экзаменаў і 4 уступныя. Атрымліваецца, што нагрузка была нават вышэйшая. Магчыма, узровень інфармаванасці не адпавядаў сённяшняму дню, але ведаў было дастаткова, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая