RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нельга грэбаваць мерамі, якія дапамагаюць не дапусціць распаўсюджвання віруса – галоўны ўрач бальніцы

Нельга грэбаваць мерамі, якія дапамагаюць не дапусціць распаўсюджвання віруса. Такім меркаваннем падзяліўся галоўны ўрач Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Павел Арахоўскі падчас перадачы бяспечных дзвярных насадак для ўстановы аховы здароўя.

«На руках мы пераносім мноства бактэрый, сярод якіх і каранавірусная інфекцыя, – адзначыў Павел Арахоўскі. – Насадкі на дзвярныя ручкі дапамогуць знізіць рызыку перадачы разнастайных інфекцый, таму што чалавек будзе адкрываць дзверы неактыўнай часткай рукі. Бо менавіта нашы далоні – адзін з асноўных шляхоў траплення захворвання ў арганізм чалавека».

Як адзначыў галоўны ўрач бальніцы, у установе аховы здароўя сітуацыя з захворвальнасцю знаходзіцца пад кантролем. «З улікам эпідэміялагічнага становішча ў Магілёве і вобласці ўсе ўстановы аховы здароўя, у тым ліку і наша, працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасці. Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі прымае пацыентаў з экстранай паталогіяй – да нас вязуць абсалютна ўсіх хворых. Таму рызыка перадачы інфекцыі ад пацыента да супрацоўніка вельмі вялікая. Каб захаваць бяспеку ўсяго персаналу, у канцы сакавіка было прынята рашэнне аб працы ў сродках індывідуальнай абароны. Усе медыцынскія работнікі абавязаны выкарыстоўваць маскі, пальчаткі, халаты, экраны ў адпаведнасці з рэкамендацыямі і на падставе нарматыўна-прававой дакументацыі Міністэрства аховы здароўя. Усё неабходнае ў бальніцы ёсць у поўным аб’ёме.

Акрамя гэтага, у ахоўных сродках працуюць не толькі ўрачы, але і супрацоўнікі гаспадарчых службаў бальніцы. Катэгарычна забаронена наведваць пацыентаў у стацыянары. Мы прымаем перадачы і аддаём іх толькі пасля апрацоўкі пэўнымі дэзсродкамі. Асаблівыя меры прынятыя ў радзільным доме – увесь персанал знаходзіцца ў экіпіроўцы, неабходнай пры працы з пацыентамі з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю».

Як расказаў заснавальнік «ТАА КомплексПро» Дзмітрый Калееў, іх распрацоўка – бяспечныя дзвярныя насадкі – мінімізуе кантакт чалавека з паверхняй дзвярной ручкі. Насадка зроблена так, што дзверы можна адкрыць перадплеччам. «Мы запазычылі ідэю ў замежнікаў. Нашы канструктары распрацавалі некалькі варыянтаў насадак і запусцілі іх у вытворчасць. Мы зрабілі каля 500 такіх прыстасаванняў. Больш за 100 ужо ўстанавілі ў медыцынскіх установах горада. Гэтым сацыяльным праектам мы хочам дапамагчы медыкам у барацьбе з распаўсюджваннем вірусных інфекцый», – адзначыў Дзмітрый Калееў.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая