RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новая прапіска і капітальны рамонт: абноўленая школа прыме вучняў у Клімавічах

Сярэдняя школа № 4 Клімавічаў змяніла сваю прапіску: цяпер яна размяшчаецца ў будынку былога ліцэя і знаходзіцца практычна ў самым цэнтры горада. Пра гэта расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асмалоўская.

«Раней сярэдняя школа № 4 размяшчалася ў будынку 1957 года пабудовы. Вядома, за столькі гадоў ён маральна і фізічна састарэў. Спартзала размяшчалася ў падвале, майстэрні і сталовая – у асобных будынках на тэрыторыі школы. Усё гэта стварала пэўныя нязручнасці ў фарміраванні навучальнага працэсу», – адзначыла Ірына Асмалоўская.

Некалькі гадоў таму школе аддалі будынак былога прафесійнага ліцэя. «Ліцэй аб’ядналі з аграрным каледжам, цяпер яны знаходзяцца пад адным дахам. А будынак ліцэя вызвалілі і перадалі нам яшчэ ў 2018 годзе, – расказала начальнік аддзела адукацыі. – Будынак гэты таксама не новы, ён 1975 года пабудовы. Але там прасторныя кабінеты, добры харчаблок і сталовая, прасторная спартыўная зала. І каб перавесці нашых дзяцей у будынак, тут неабходна было правесці капітальны рамонт».

Да рамонтных работ у будынку былога ліцэя прыступілі ў верасні мінулага года. Усяго на гэтыя мэты было выдзелена Br1,5 млн. «Правялі рамонт даху, узмацнілі сцены, памянялі вокны, дзверы і падлогу. У спартыўнай зале заслалі спецыяльнае пакрыццё. Прывялі ў парадак кабінеты, актавую залу, знешні выгляд, – адзначыла Ірына Асмалоўская. – Да дапамогі актыўна падключыліся адміністрацыя горада, бацькі нашых вучняў».

Будынак ліцэя пасля капітальнага рамонту ўвялі ў эксплуатацыю ў красавіку бягучага года. За лета педагогі разам з бацькамі вучняў прывялі ў парадак класы: мылі, чысцілі. Як адзначыла Ірына Асмалоўская, гараджане актыўна дапамагалі. «Усе зацікаўлены ў тым, каб дзецям было зручна і камфортна вучыцца. Акрамя гэтага, цяпер школа будзе размяшчацца практычна ў самым цэнтры Клімавічаў. Да яе будзе зручней дабірацца, што таксама з’яўляецца сур’ёзным плюсам», – падкрэсліла яна.

Ужо 1 верасня школьнікі Клімавічаў пойдуць у адноўленую сярэднюю школу № 4. Тут за парты сядзе 248 дзяцей, з якіх 16 – з закрытай раней базавай школы ў Асмолавічах. Для дастаўкі дзяцей з раёна арганізаваны рэгулярны падвоз.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая