RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы радыялагічны корпус плануюць пабудаваць у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры

У Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры да 2022 года плануюць пабудаваць новы радыялагічны корпус. Ён стане трэцім па ліку ва ўстанове аховы здароўя і дазволіць павялічыць колькасць ложка-месцаў да 420. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач анкадыспансера Антон Лысаў, які прымаў удзел у абласным медыцынскім савеце, што прайшоў сёння ў горадзе на Дняпры.

Суразмоўца падкрэсліў, што захворванне на злаякасныя наватворы з году ў год павялічваецца. Каля 70% пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі атрымліваюць лячэнне, асновай якога з’яўляецца дыстанцыйная прамянёвая тэрапія. Наяўнае ў анкадыспансеры абсталяванне не дазваляе забяспечыць своечасовасць такога лячэння: ліст чакання складае каля двух месяцаў.

«З мэтай удасканалення аказання спецыялізаванай анкалагічнай дапамогі, павышэння якасці і павелічэння долі высокатэхналагічных метадаў прамянёвага лячэння, забеспячэння яго даступнасці для пацыентаў сёння наспела неабходнасць будаўніцтва яшчэ аднаго радыялагічнага корпуса і абсталявання яго двума лінейнымі паскаральнікамі», – канстатаваў Антон Лысаў. 

Ён дадаў, што матэрыяльна-тэхнічная база медустановы пастаянна ўдасканальваецца. У 2010 годзе тут увялі ў эксплуатацыю радыелагічны корпус № 2 з двума лінейнымі паскаральнікамі, у 2012-м–адкрыты палатны корпус на 120 ложкаў. У 2015-м годзе пачало функцыянаваць аддзяленне паліятыўнага лячэння (хоспіс), у 2017-м–уведзена ў эксплуатацыю цэнтралізаваная цыталагічная лабараторыя і аперацыйны блок. Марфалагічны корпус з лабараторыямі для імунагістахімічных даследаванняў адкрыўся ў 2019-м.

«Усё гэта дазволіла сканцэнтраваць спецыялізаваную анкалагічную дапамогу на трэцім узроўні і забяспечыць правядзенне спецыяльнага лячэння ў адпаведнасці са стандартамі, – адзначыў Антон Лысаў. – Цяпер у нас ажыццяўляецца дыягностыка злаякасных новаўтварэнняў, хірургічнае лячэнне пацыентаў з анкалагічнай паталогіяй, хіміятэрапеўтычнае, прамянёвае, паліятыўнае і сімптаматычнае лячэнне». З увядзеннем у эксплуатацыю аперацыйнага блока вырасла колькасць аператыўных умяшальніцтваў: з 4352 у 2017 годзе да 5573 у 2019-м. А комплекс для эндавідэахірургічных аперацый, атрыманы ў 2018-м, дазволіў развіваць відэаасіставаную хірургію (малаінвазіўнае ўмяшальніцтва). Як вынік, у мінулым годзе ў анкалагічным дыспансеры асвоілі яе новыя віды: адрэналэктамію, лапараскапічную тазавую лімфадэнэктамію, эндаларынгеальнае выдаленне пухліны з аднаўленнем прасвету трахеі. Шырокае ўкараненне відэаасіставанай хірургіі дазволіла скараціць працягласць шпіталізацыі на 10%.

Абнаўленні чакаюць абласны анкадыспансер і ў бягучым годзе. У найбліжэйшыя месяцы тут маюць намер завяршыць рэканструкцыю радыеізатопнай лабараторыі і арганізаваць працу кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення па прынцыпе «Клапатлівая паліклініка». 

У 2019 годзе ў Магілёўскай вобласці выяўлена каля 5,6 тыс. новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. Амаль 67% дыягнаставалася на ранняй стадыі, 16% – на III–IV-й. Пры гэтым на працягу года пасля пастаноўкі дыягназу пайшлі з жыцця 22% хворых. У той жа час тых, хто пражыў больш за 5 гадоў пасля аперацыі, – крыху больш за 58%. Усяго ж на ўліку ў Магілёўскім абласным анкадыспансеры знаходзіцца каля 35 тыс. чалавек.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая